Аграрыі нашых сельгаставарыстваў працягваюць закладваць аснову будучага ўраджаю — стараюцца ў вызначаныя тэрміны справіцца з сяўбой азімых збожжавых. Праўда, надвор’е не заўсёды спрыяе гэтаму, і тут патрэбна выкройваць любую мінуту, каб пакласці зерне ў глебу.
На будучы год гаспадаркамі раёна запланавана пасеяць азімых збожжавых культур на плошчы 22800 га. І як бы цяжка ні было, але на 11 кастрычніка 98% плана ўжо выканана, а гэта значыць, што аграрыі працуюць сумленна.
У ААТ «Ліноўскае» пад азімую сяўбу адведзена 1320 га, 94,2% якіх асвоена (па стане на 11 кастрычніка).
Азімыя збожжавыя культуры на зерне гаспадарка запланавала пасеяць на 1200 га, і на аўторак бягучага года выканала 100% плана, застаецца засеяць 110 га на зялёны корм.
Адметна, што ў нашым раёне сельгаставарыствы ўжо паспяхова справіліся з сяўбой азімага ячменю, а работнікі ААТ «Агра-Калядзічы» і «Ліноўскае» нават перавысілі план: тут паказчыкі па сяўбе названай культуры склалі па 120 %.
У ААТ «Ліноўскае» каля вёскі Араб’і зямельны ўчастак плошчай 155 га засеяны азімай пшаніцай «элегія» (агульны план пад пшаніцу — 400 га). Увогуле ж, за дзень работнікам удаецца засяваць двума пасяўнымі агрэгатамі да 65 га за змену.
Канечне, сяўба не даруе неахайнасці і абыякавасці, у тым ліку ў падрыхтоўцы глебы, што таксама значна ўплывае на якасць будучага ўраджаю. Таму ў гаспадарцы ўсё ўзаемазвязана: спачатку ўзворванне, потым культывацыя і непасрэдна сяўба. Такі метад адначасовай работы дазваляе захаваць вільгаць і пажыўныя рэчывы ў зямлі, што з’яўляецца важным фактарам пры закладцы зерня на наступны год. Належным чынам клапоцяцца ў таварыстве і пра падкормку — своечасова ўносяць мінеральныя ўгнаенні: фосфар, суперфасфат і хлорысты калій.
Гэта будзённая, руцінная работа, ды яшчэ і цяжкая. Але ж выканаць яе трэба абавязкова якасна. Дзякуй тым людзям, якія разумеюць важнасць даручанай справы і ў працы на зямлі бачаць не толькі складанасці.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік