Вторник, 18 февраля 2025

Аздараўленчае лета пачалося! Першую змену лагера ў Рудніках адкрыў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч

654

У летнім лагеры, які размясціўся на базе раённага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства ў аг. Руднікі, першая змена сезона пачалася з урачыстай лінейкі, на якой прысутнічаў і намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч.

Знамянальна, што першая змена пад дэвізам «Нашчадкі» мае ваенна-патрыятычны накірунак. Як зазначыў Руслан Васільевіч, час паказаў, што вельмі важна для ўсіх пакаленняў ведаць гісторыю краіны ў целым і сваёй малой радзімы ў прыватнасці, шанаваць памяць продкаў. І вывучаць іх варта не толькі падчас школьных заняткаў.

— Менавіта з гэтай нагоды зараз абвешчаны Год гістарычнай памяці, — звярнуўся Руслан Супрыновіч да дзяцей, якія прыехалі на гэтую змену. — І спадзяюся, што вашы выхавальнікі ў поўнай меры за час аздараўленчага адпачынку дапамогуць вам не толькі набрацца сіл і энергіі, але і падтрымаюць у духоўным развіцці.

Як паведаміў начальнік лагера Сяргей Макарчук, на 9 дзён змены для 25 дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 6 да 15 гадоў запланавана маса адпаведных мерапрыемстваў. Зразумела, будуць пазнавальныя віктарыны і спартыўныя конкурсы, ваенізаваная эстафета, страявая і нават агнявая падрыхтоўка. А яшчэ мяркуецца правесці велапаход па месцах воінскай славы, экскурсіі да гістарычных мясцін нашага рэгіёна. Планы складзены такім чынам, што ў дзяцей застанецца нямала ўражанняў, яны атрымаюць карысную інфармацыю пра свой край. Побач з гэтым арганізаваны належны быт з «хатнімі ўмовамі», эфектыўнае аздараўленне і харчаванне са свежымі садавінай і агароднінай.

Алег Сідарэнка, фота аўтара

На здымках: падчас лінейкі.