На тэрыторыі Пружанскага раёна працягваецца работа па расследаванні фактаў генацыду мірнага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ужо выяўлены шэраг звестак, пра якія не было вядома раней. Акрамя ўстанаўлення вялікай колькасці спаленых вёсак, былі знойдзены дадатковыя сведчанні аб знішчэнні нямецкімі акупантамі яўрэйскага насельніцтва ў нашым краі.
У нашым раёне напярэдадні і напачатку вайны пражывала вялікая колькасць яўрэяў. Пружаны, Ружаны, Шарашэва, Лыскава, Паўлава, Канстанцінава, Аранчыцы, Ясень – вось толькі некаторыя месцы, дзе адбываліся жудасныя акты здзекаў над людзьмі, уся віна якіх заключалася ў іх этнічнай прыналежнасці.
Устаноўлена, што на тэрыторыі Пружаншчыны акупанты правялі шэраг карных “акцый” па знішчэнні яўрэяў і мясцовага насельніцтва, якое спрабавала выратаваць іх ад смерці. Было створана два вялікія гета – у Пружанах і Ружанах, дзе ўтрымліваліся як тутэйшыя яўрэі, так і прымусова прыгнаныя сюды жыхары іншых населеных пунктаў Беларусі і Польшчы.
Пружанскае гета, дзе па розных падліках магло знаходзіцца 10 — 12 тысяч чалавек, існавала з канца лета 1941 г. да 31 студзеня 1943 г. Значная частка людзей загінула тут ад голаду, хвароб, пакут, частка была расстраляна, астатнія вывезены ў канцлагеры, дзе іх, у большасці, таксама напаткала смерць. Мяркуюць, што масавыя расстрэлы яўрэяў Пружанскага гета праводзіліся каля в.Слабудка, в.Аранчыцы і на Броннай Гары. Падчас расследавання фактаў знішчэння мірных грамадзян, якое вядзецца ў раёне з лета 2021 г., сведкі і мясцовыя жыхары назвалі яшчэ некалькі такіх месцаў, але дакладней можна будзе гаварыць аб іх лакалізацыі толькі пасля правядзення палявых пошукавых работ.
Своеасаблівым месцам жалобы па загінулых земляках сёння з’яўляецца памятны знак ахвярам Халакосту, які быў узведзены ў райцэнтры на старых яўрэйскіх могілках у 2005 г. па ініцыятыве і на ахвяраванні пружанскага ўраджэнца грамадзяніна Ізраіля Аўраама Харшалома, а таксама Мікалая Бурнаса. У 2014 г. каля в.Мыльніск у Белавежскай пушчы з’явіўся памятны знак яўрэям Шарашэва, якія былі расстраляны ў балоце паблізу в.Ясень у 1942 г.
Ружанскае гета, у якім магло ўтрымлівацца каля 4 тыс. чалавек, было створана нямецкімі ўладамі ўвосень 1941 г. і праіснавала да 2 лістапада 1942 г. Забойствы і здзекі над яўрэямі адбываліся ў пасёлку як да ўзнікнення гета, так і падчас яго існавання. Большасць з тых, хто засталіся ў жывых у Ружанах, потым былі перапраўлены ў Ваўкавыск. Частку людзей, найперш старых і хворых, расстралялі па дарозе да новага месца зняволення. Ніхто не ведае, дзе месца іх апошняга прытулку. Астатнія таксама загінулі ад рук акупантаў.
Работа па ўстанаўленні фактаў генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны працягваецца. Яе вядуць пракуратура Пружанскага раёна сумесна з Пружанскім міжраённым аддзелам Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і аддзелам культуры райвыканкама.
Калі вы маеце інфармацыю аб фактах знішчэння мірнага насельніцтва, у тым ліку яўрэяў, просім паведаміць аб гэтым па тэлефоне: 3-41-22 (панядзелак – пятніца, 8.00 – 13.00, 14.00 – 17.00 гадзін).
Наталля Пракаповіч