У спісе самых папулярных хатніх гадаванцаў слімак пад назвай «ахаціна гіганцкая» наогул не значыцца. А вось сярод самых рэдкіх ахаціна ёсць, хоць і замыкае яго.

Дар’я Велікаселец стала гаспадыняй дзвюх ахацін адносна нядаўна, але, нягледзячы на юны ўзрост, з веданнем справы расказвае пра іх:
— Ахаціны родам з Афрыкі. У нашым клімаце жывуць толькі ў хатніх умовах. У выпадку, калі тэрарыум не будзе належным чынам закрыты, вы рызыкуеце страціць слімака, бо ён можа… збегчы. Але ўсё роўна абавязкова павінна быць вечка з адтулінамі для вентыляцыі. З уладкаваннем тэрарыума асаблівых цяжкасцей няма, толькі неабходна сачыць за яго чысцінёй. Мае слімачкі любяць агародніну і свежае лісце. Трэба памятаць, што ім неабходны кальцый, таму штодня я пасыпаю іх здробненай яечнай шкарлупінай.

Цікава, што Дашыны гадаванцы раней “працавалі” ў касметалагічным салоне ў Мінску. Навукоўцы правялі шэраг даследаванняў і выявілі, што слізь гэтых слімакоў (муцын) складаецца з гаючых кампанентаў, якія ўвільгатняюць, сілкуюць, лечаць і амалоджваюць скуру. Слізь ахаціны спрыяе рассмоктванню рубцоў, шрамаў і маршчын. Эфектыўна яна змагаецца з узроставымі змяненнямі скуры, асвятляе пігментныя плямы і вяснушкі.
Скура падцягваецца, увільгатняецца, становіцца свежай і гладкай. Але, прызнацца, каб вытрымаць на сабе такую касметалагічную працэдуру, трэба мець мужнасць!
Дарэчы, добры лекавы эфект аказвае муцын ахаціны на апёкі: здымае боль, ацёк і рэгенерыруе абпаленыя тканкі. Таму сёння больш за палову слімакоў вырошчваецца менавіта для апёкавых цэнтраў.
Цікавыя факты
- Ахаціны — самыя «разумныя» сухапутныя малюскі на Зямлі. У іх нават развітыя некаторыя ўмоўныя рэфлексы.
- Слімакі часам могуць выдаваць розныя гукі, якія нагадваюць рэзкі працяглы свіст або невыразнае мармытанне. Нават могуць «спяваць».
- Слімакі п’юць ваду не толькі ротам, але і паглынаюць вільгаць праз вонкавыя покрывы цела.
- У іх каля 25 тысяч зубоў, размешчаных не ў рады, а ў выглядзе «таркі», з дапамогай якой слімакі пераціраюць ежу.
- Каб атрымліваць муцын, выкарыстоўваюць розныя спосабы, не заўсёды бяспечныя для ахаціны, але апошнім часам вучоныя вызначылі, што найбольш слізі выдзяляе… шчаслівы слімак.
Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.