Аўтастанцыя ў Пружанах — напэўна, адзінае месца ў горадзе, дзе людскі гоман амаль ніколі не сціхае. Літаральна на некалькі гадзін апоўначы тут выключаецца святло і спыняецца рух аўтобусаў і людзей. Каб пасля чатырох гадзін ночы, калі большасць гараджан яшчэ спіць, зноў ажыць, пачынаючы новы працоўны дзень.

Як расказвае начальнік аўтастанцыі В.І.Смаль, так адбываецца ўжо больш за паўстагоддзя. Дакладнай храналогіі арганізацыя не вядзе, але Віталь Іванавіч сцвярджае, што цяперашні будынак быў узве-дзены напрыканцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя, крыху раней за Ружанскую аўтастанцыю, якая пачала сваю дзейнасць у 1971 годзе. За мінулы час змен тут адбылося нямала, самым значным з якіх «споўнілася» 16 гадоў. Калі да рэспубліканскага свята «Дажынкі» і будынак, і платформы, і прылеглая тэрыторыя істотна памянялі выгляд, набылі больш сучасную форму. Цяпер фотаздымкі ўсяго комплексу з’яўляюцца візітоўкай Пружан.
Што сёння ўяўляе сабой аўтастанцыя Пружаны і наколькі яна запатрабавана ў наш час, калі амаль што ў кожнай сям’і ёсць свой аўтамабіль?
Як расказвае Віталь Іванавіч, зараз назіраецца кур’ёзная тэндэнцыя. Штогод колькасць асабістага аўтатранспарту ў раёне павялічваецца і разам з гэтым… рэгіструецца павелічэнне пасажырапатоку на грамадскім транспарце.
— Толькі ў касах за 2018 год было прададзена амаль чвэрць мільёна білетаў. У сярэднім за дзень у нас бывае больш за 300 пасажыраў, — прыводзіць статыстычныя дадзеныя начальнік аўтастанцыі.— А яшчэ праязныя квіткі рэалізуюць кандуктары і самі вадзіцелі. Гэта азначае, што канчатковую лічбу можна смела патроіць.

Атрымліваецца, што кожны год праз аўтастанцыю Пружаны «праходзіць» амаль мільён чалавек, кожны жыхар раёна, уключаючы нават тых, хто толькі нарадзіўся, пабываў тут не адзін і не два разы, а значна больш. У выніку штогадовы прырост фіксуецца ў межах 2-5%.
Зразумела, што адны карыстаюцца паслугамі грамадскага транспарту штодня, іншыя — адзін раз у некалькі месяцаў. Трэба таксама ўлічваць, што на пружанскай аўтастанцыі бывае і нямала транзітных пасажыраў з іншых гарадоў і рэгіёнаў. Гэты транспартны вузел злучае наш райцэнтр з Брэстам, Кобрынам, Гродна, Пінскам, Бярозай — усяго 37 праходзячых маршрутаў. Адсюль можна ўзяць білет нават да Вільнюса. Дарэчы, размеркаванне пасажырапатоку таксама ідзе ў залежнасці ад сезоннасці: напрыклад, лета тут гарачая пара не толькі па тэмпературным рэжыме. У гэты час колькасць жадаючых скарыстацца паслугамі грамадскага транспарту рэзка павялічваецца.
Працуе на аўтастанцыі 21 чалавек, сярэдні ўзрост калектыву — 40 гадоў. Як расказвае В.І.Смаль, часцей за ўсё абнаўляецца састаў кандуктараў: тут шмат маладых работнікаў, напрыклад, дзве дзяўчыны хутка пойдуць у дэкрэтны адпачынак.
— Двойчы спрабавалі ўладкавацца кандуктарамі мужчыны, але хутка ад працы адмовіліся. І сёння ў аўтобусах гарадскога і прыгараднага транспарту білеты рэалізуюць толькі жанчыны. І лічу, што гэта невыпадкова, бо толькі прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва могуць знайсці падыход да кожнага пасажыра, згла-дзіць канфліктную сітуацыю.
Сярод такіх работнікаў начальнік аўтастанцыі называе Наталлю Лапанік, Людмілу Сідарчук, Васіліну Шуклаву. З даручанымі абавязкамі старанна спраўляюцца старшы касір С.Л.Канцэвіч, касіры І.У.Чыжэўская, Н.П.Калюта, І.У.Клімюк, дыспетчар Т.М.Мязга.

— У якасці адказу на пытанне наконт актуальнасці грамадскага транспарту ў эпоху масавасці прыватных аўтамабіляў прывяду выпадак з нашай практыкі,— расказвае Віталь Іванавіч.— Аднойчы да нас завіталі пасажыры, якія хацелі набыць білеты на прамы аўтобусны маршрут… да Масквы. Мы патлумачылі, што, на жаль, пакуль такія рэйсы не робяцца.
З улікам павышэння попыту на грамадскі транспарт зараз кіраўніцтва аўтастанцыі вырашае пытанне аб павелічэнні броні на праходзячыя аўтобусы. Справа ў тым, што раней білеты рэалі- зоўваліся толькі па прыбыцці рэйсу з улікам свабодных месцаў у салоне. І не заўсёды апошніх хапала ўсім жадаючым. З пяццю перавозчыкамі адпаведныя дамовы дасягнуты, вядуцца перамовы з іншымі на выдзяленне квот.
Алег Сідарэнка, фота Сяргея ТАЛАШКЕВІЧА