Понедельник, 13 января 2025

Аварыя на каналізацыйных сетках Пружан: прычыны, каментарыі, высновы

1 638

Аварыя ў каналізацыйных сетках горада, што на два дні пакінула жыхароў Пружан без гарачай і халоднай вады, стала сапраўдным выпрабаваннем на трываласць не толькі тэхнікі, рэакцыі ці магчымасцей, але і сумлення. І калі аднаўленне падачы вады ў нашых дамах пацвердзіла стойкасць першых трох фактараў, то вытрымаць экзамен на чацвёрты ўдалося не ўсім (але пра гэта — крышачку пазней).

Як расказвае дырэктар КУВП «Камунальнік» Сяргей Бабрук, каля сёмай гадзіны раніцы 16 студзеня адбылася аварыя на галоўнай каналізацыйна-помпавай станцыі ў раёне вул. Макаранкі. Каб пазбегнуць абвастрэння сітуацыі, было вырашана для паніжэння нагрузкі на абсталяванне ўбраць націск сцёкаў. А гэта магчыма толькі адным спосабам — поўнасцю перакрыць водазабеспячэнне, што напрамую адбіваецца і на аб’ёме водаадвядзення.

Тэрмінова раніцай таго ж панядзелка было праведзена пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях аблвыканкама, на якое былі запрошаны кіраўнікі і прадстаўнікі ўсіх адпаведных службаў і арганізацый вобласці і райцэнтра. Адсутнасць падачы вады стварыла складаную сітуацыю, але далёка не катастрафічную, бо «аварыйны» алгарытм дзеянняў быў распрацаваны даўно. Заставалася толькі скарэкціраваць яго адносна канкрэтнага становішча.

ТРЫ КЛЮЧАВЫЯ НАКІРУНКІ РАЗГЛЯДАЛІСЯ ПАДЧАС ПАСЯДЖЭННЯ КАМІСІІ


Па-першае, бесперапыннае забеспячэнне цяплом жылых дамоў і адміністрацыйных будынкаў. У гэтым дапамагла прадуманая рэканструкцыя аб’ектаў цеплазабеспячэння. У прыватнасці, усе гарадскія кацельні і цеплаэнергацэнтраль маюць аўтаномныя ёмістасці для папаўнення цепланосьбіту ў магістральных сетках. Таму адключэнне цэнтральнага водазабеспячэння ніякім чынам не адбівалася на рабоце гэтых аб’ектаў.

Па-другое, пытанне дзейнасці такіх сацыяльна значных аб’ектаў, як прадпрыемствы харчовай прамысловасці, кропкі грамадскага харчавання, установы адукацыі і аховы здароўя. Яно стала найбольш вострым. Былі распрацаваны меры, якія ўносілі некаторыя карэктывы ў работу кожнай арганізацыі, але без поўнага спынення іх дзейнасці.

Па-трэцяе, не менш складаным стала і пытанне забеспячэння насельніцтва пітной вадой і біятуалетамі. Трэба прызнаць, што ў яго вырашэнні без дапамогі суседзяў наш горад не справіўся б.

У Пружанах было арганізавана 11 пунктаў падвозу пітной вады.

Пэўная колькасць цыстэрнаў для падвозу пітной вады, якія адпавядаюць патрабаванням санітарных службаў, ёсць у камунальшчыкаў, яшчэ столькі ж выдзеліў малочны камбінат, які, дарэчы, самастойна запаўняў ёмістасці з уласнай артсвідравіны. Таксама з перасоўнымі рэзервуарамі дапамаглі спажыўкааператары і выратавальнікі. Некаторую частку патрэбнага паставілі суседзі з Жабінкі, Баранавіч, Камянца і нават Брэста. Такім чынам удалося арганізаваць 11 кропак раздачы вады, якія максімальна ахоплівалі гарадское насельніцтва. Таксама цыстэрны былі задзейнічаны пры забеспячэнні пітной вадой сацыяльна значных аб’ектаў. Ёмістасці аператыўна адвозіліся на «дазагрузку», а санітарныя службы раілі людзям падстрахоўвацца — спажываць ваду пасля кіпячэння, каб пазбегнуць эпідэміялагічных праяў.

З іншых рэгіёнаў вобласці да нас вязлі і біятуалеты. Месцы размяшчэння іх былі вызначаны з улікам шчыльнай гарадской забудовы і патоку наведвальнікаў магазінаў, адміністрацыйных устаноў, раённай паліклінікі і шэрагу іншых. У дадатак быў створаны аператыўны рэзерв, каб праводзіць своечасовае абслугоўванне такіх аб’ектаў без перашкод для карыстальнікаў. Словам, былі прыняты ўсе меры ўтрымання сітуацыі пад кантролем з адзінай надзеяй на як мага хуткае і паспяховае ўхіленне наступстваў аварыі.

ДВОЕ СУТАК НАПРУЖАНАЙ РАБОТЫ

Па словах Сяргея Бабрука, на працягу двух дзён ішлі аднаўленчыя работы, без перапынку нават у начны час. З 7 гадзін раніцы 16 студзеня і да 19 гадзін 17 студзеня на аб’екце, змяняючы адзін аднаго, працавалі пружанскія камунальшчыкі, іх калегі з Баранавіч, Брэста, а таксама выратавальнікі.

Сціплыя героі сённяшняга дня — слесары Алег Сапожнікаў і Віталій Міранюк, якія на працягу амаль 30 гадзін бесперапынна аднаўлялі работу абсталявання каналізацыйнай станцыі.

Пасля таго, як вечарам пачалася падача вады ў дамы гараджан, работы яшчэ працягваліся, «дашліфоўка» вялася да гадзіны ночы 18 студзеня.

Трэба прызнаць, што ліквідацыя аварыі запатрабавала часам нетрывіяльных рашэнняў, але спецыялісты справіліся з выпрабаваннямі.

ЯКІЯ ВЫСНОВЫ ПРЫМУСІЛА ЗРАБІЦЬ СІТУАЦЫЯ?


Па словах кіраўніка камунальнай службы раёна, пра неабходнасць правесці рэканструкцыю аб’екта ведалі. І ў 2022 годзе пачалі распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі па замене помпавага абсталявання на энергаэфектыўнае, больш сучаснае.

— На жаль, час аказаўся не на нашым баку. Але цяпер сістэма працуе, а мы працягваем рыхтаваць дакументацыю на абнаўленне, — кажа Сяргей Васільевіч.

У дадатак плануецца рэканструкцыя аб’екта са стварэннем рэзервовых магчымасцей, напрыклад, рамонту раней невыкарыстоўваемага калектара працягласцю больш за 2,5 кіламетра.

Па папярэдніх разліках, на рэалізацыю планаў спатрэбіцца больш за паўтара мільёна рублёў. Зразумела, з такім бюджэтам Пружанскі раён у адзіночку не справіцца, фінансавая дапамога абяцана ад абласнога ўпраўлення ЖКГ і кіраўніцтва Брэстчыны. Аднак работы павінны быць выкананы на працягу 2023 года і выкананы такім чынам, каб гэта не адбілася на жыццядзейнасці горада.

З КАНАЛІЗАЦЫЯЙ СПРАВІЛІСЯ, А ШТО РАБІЦЬ З БРУДАМ У ДУШАХ?

У той час, калі адны ў аўральным рэжыме працавалі 24 гадзіны ў суткі, пры гэтым не ў басейне купаліся, некаторыя грамадзяне, як кажуць, «лавілі хайп» у інтэрнэце.

Ці заслугоўваюць крытыкі нашы гаспадарчыя службы? Безумоўна, так, але канструктыўнай, якая ўзважвае аб’ектыўныя факты і ўтрымлівае рэальныя парады. Не з галіны фантастыкі, кшталту, «зруйнаваць увесь горад і адбудаваць нанава за адзін дзень, пакуль гараджане на працы» — хапала ў віртуальнай прасторы і падобных выказванняў. А яшчэ больш было тых, хто распаўсюджваў чуткі наконт таго, што «праблема будзе вырашацца тыдзень, а то і больш». Што пружанцы наогул «застануцца без пітной вады». Сустракаліся нават такія, хто запэўніваў ва ўчыненні тэракту.

Якую мэту ставілі перад сабой аўтары падобных выказванняў? Напалохаць старых? Паказаць, што наш горад непрыстасаваны для жыцця? Ці зняславіць на ўвесь свет пружанцаў, якія нібыта капітулююць перад складанасцямі?

Задавальняе, што большасць нашых землякоў усё-такі была вышэй за тых, у каго адсутнічае сумленне. За тых, каго больш хвалюе, як хутка круціцца лічыльнік праглядаў, а пачуцці тых працаўнікоў, каго яны палівалі брудам. Але амаль што ўсе пружанцы вытрымалі выпрабаванне на сумленне. Нельга сказаць, што гэта было лёгка, многім давялося разам з усім горадам вырашаць і канкрэтныя праблемы — дома, на працоўных месцах, у аперацыйных ці на глыбіні прыёмнага калектара. Астатніх жа назавём «пагрэшнасцю» з вывядзеннем іх за дужкі нашага грамадства, згуртаванага і ў радасці, і, як паказаў пачатак тыдня, у бядзе.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік


Ваду можна выкарыстоўваць без кіпячэння


Пружанскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі інфармуе, што па выніках даследаванняў вада з разборнай сеткі па мікрабіялагічных паказчыках бяспекі адпавядае нарматыўным паказчыкам.


Пружанскі раённы выканаўчы камітэт выказвае словы падзякі кіраўніцтву Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта, а таксама кіраўнікам і работнікам арганізацый і прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці за аказаную дапамогу ў ліквідацыі наступстваў аварыі на галоўнай каналізацыйна-помпавай станцыі г. Пружаны:

БАУП «Упраўленне ЖКГ»,
установа «Брэсцкае абласное ўпраўленне МНС Рэспублікі Беларусь»,
Пружанскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях,
КВУП «Брэстводаканал»,
Баранавіцкі КУВП «Водаканал»,
Пружанскае раённае спажывецкае таварыства,
супрацоўнікам ДАІ.

Асаблівыя словы падзякі выказваем кіраўніцтву і работнікам прадпрыемстваў, якія былі задзейнічаны ў забеспячэнні гараджан падвазной пітной вадой:

ААТ «Пружанскі малочны камбінат»,
ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс»,
ФПР «Камбінат кааператыўнай прамысловасці»,
Пружанскае КУВП «Камунальнік»,
КУВП «Кобрынрайводаканал».

Вялікі дзякуй грамадзянам за цярпенне і разуменне.

Пружанскі раённы выканаўчы камітэт