Атрымаць сваю першую прафесію яшчэ падчас навучання ў школе — зручна і вельмі рацыянальна. Раней прафесійную падрыхтоўку старшакласнікаў забяспечвалі вучэбна-вытворчыя камбінаты. Цяпер асваенне рабочых спецыяльнасцей арганізуецца на базе сярэдніх школ у рамках заняткаў па працоўным навучанні.
Незадоўга да апошняга званка мы завіталі ў майстэрню гарадской сярэдняй школы №3.
Свежы пах габляванай драўніны, прыцярушаная шчэпкамі падлога, у рабочых фартухах за варштатамі — адзінаццаць засяроджаных на сваёй рабоце юнакоў… Старшакласнікі, якія ўжо другі год навучаліся тут прафесіі сталяра, ствараюць апошнія дэталі для сваіх запланаваных вырабаў.
За плячыма ў гэтых вучняў — паспяхова здадзены кваліфікацыйны экзамен. У хуткім часе, на выпускным вечары, наваспечаныя майстры па дрэве разам з атэстатамі атрымаюць пасведчанні аб прысваенні спецыяльнасці «сталяр 2 разраду».
— Увогуле, на сённяшні дзень прафесійная падрыхтоўка школьнікаў ажыццяўляецца ў нас па чатырох спецыяльнасцях: «рабочы зялёнага будаўніцтва», «памочнік выхавальніка», «швачка» і «сталяр», — расказвае намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Святлана Супрыновіч.
Праграма прафесійнай падрыхтоўкі рабочых ахоплівае, да слова, выключна тых старшакласнікаў, якія вывучаюць усе прадметы на базавым узроўні.
— Менавіта для гэтай часткі вучняў 10-га і 11-га класаў ва ўсіх сярэдніх школах нашага раёна арганізаваны заняткі па працоўным навучанні, у рамках якіх на працягу двух гадоў школьнікі асвойваюць азы рабочых прафесій, — тлумачыць Святлана Віктараўна.
У некаторых выпадках такія заняткі маюць міжшкольны характар. На базе ўжо згаданай СШ №3, дзе арганізавана навучанне прафесіям швачкі і сталяра, адпаведную падрыхтоўку праходзяць вучні і з іншых школ. У прыватнасці, у групе сталяроў, якая сёлета стане тут першым выпускам па гэтай спецыяльнасці, займаліся і вучні СШ №4.
Праўда, і да гэтага на ўроках працоўнага навучання маладыя людзі вучыліся карыстацца інструментам. Ды толькі тыя заняткі мелі, па вялікім рахунку, азнаямленчы характар. Цяпер жа юнакі выйшлі на зусім іншы ўзровень.
Навучанне па спецыяльнасці, да слова, прадугледжвае і знаёмства з некаторымі пытаннямі эканомікі, працоўнага права, арыентаванне ў якіх можа спатрэбіцца ў будучай прафесійнай дзейнасці.
— Старшакласнікі асвойвалі асноўныя тэхналагічныя аперацыі па апрацоўцы драўніны пры дапамозе ручнога інструменту, — расказвае настаўнік працоўнага навучання Эдуард Валасевіч, які займаецца падрыхтоўкай будучых сталяроў. — І за гэты час мае падапечныя стварылі сваімі рукамі нямала эксклюзіўных вырабаў, у іх ліку — прадметы мэблі, інструменты і абсталяванне для майстэрні, цацкі.
Адной з самых цікавых для вучняў работ, па словах Эдуарда Паўлавіча, аказалася стварэнне табурэта. У працэсе даводзілася перарабляць асобныя дэталі, шмат часу трацілася на падгонку і зборку элементаў вырабу… А калі ўсё нарэшце атрымалася, у кожнага юнака прыметна ўзрасла ўпэўненасць у сваіх сілах, і стварэнне наступных работ iшло больш гладка. Дарэчы, піламатэрыялу для гэтага было даволі: сыравінай майстэрню забяспечыў аддзел па адукацыі.
Незадоўга да пачатку вытворчай практыкі ў калектыве ўзнікла ідэя: а чаму б не падзяліцца сваім уменнем з іншымі? Напрыклад, можна вырабіць цацкі для дзетак, якія займаюцца ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Настаўнік працоўнага навучання прызнаецца: хацелася, каб будучыя сталяры адчувалі не толькі задавальненне ад працэсу сваёй працы, але і асаблiвую адказнасць за яе вынік.
— Калі ствараеш выраб для канкрэтнага адрасата, то і да справы падыходзіш з зусім іншым пачуццём, — дзеліцца сакрэтам матывацыі сваіх падапечных Эдуард Валасевіч. — А ўлічыўшы той факт, што ў нашай школе ў класах інтэграванага навучання і выхавання таксама займаюцца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, вырашылі канчаткова: парадуем выхаванцаў цэнтра карэкцыі!
Кожны шукаў сваю ідэю, распрацоўваў чарцяжы, тэхналогію стварэння і аддзелкі работы. У выніку атрымаўся добры дзясятак драўляных вырабаў: самалёцікі, машынкі, конік-качалка, галаваломка, мальберт… Як і планавалі, юнакі разам з настаўнікам днямі завезлі ўсё гэта ў цэнтр карэкцыі, спадзеючыся, што драўляныя (экалагічныя, заўважце!) падарункі, зараджаныя іх пазітыўнай энергетыкай, любоўю і дабрынёй, стануць для дзетак крыніцай самых прыемных эмоцый.
Саміх жа юнакоў цяпер перапаўняе пачуццё гонару: і таму, што сумесна зладзілі дабрачынную акцыю, і таму, што здолелі ўсё ж такі «прыручыць» сталярны інструмент.
Працаўладкавацца па спецыяльнасці наваспечаныя сталяры могуць хоць адразу пасля заканчэння школы. Гэта можа быць і любая мэблевая вытворчасць, і будоўля. Можна працаваць і на сябе, развіваць сваё хобі і ствараць драўляныя вырабы ў фармаце HANDMADE або DIY («зрабі сам»).
Перспектывы, як бачна ёсць, хаця, як зазначае Эдуард Паўлавіч, наўрад ці прафесія сталяра стане асноўнай для ўсіх яго выпускнікоў: большасць з іх плануе вучыцца далей па зусім іншых спецыяльнасцях.
— Аднак я не сумняваюся, што навыкі апрацоўкі драўніны спатрэбяцца кожнаму майму вучню ў паўсядзённым жыцці, калі давядзецца рабіць рамонт у кватэры або збіраць купленую ў магазіне мэблю, — кажа настаўнік. — Ды i падчас навучання ў ВНУ можна атрымліваць някепскі даход.
У любым выпадку пры жаданні можна знайсці разумнае прымяненне сваім сталярным навыкам, тым больш што рабочыя спецыяльнасці застаюцца запатрабаванымі ў грамадстве.
Меркаванні
Вадзім Глушыч, вучань 11 класа СШ №3, сталяр 2-га разраду:
— З Эдуардам Паўлавічам я і раней некалькі гадоў запар рыхтаваўся да алімпіяд па працоўным навучанні. Мяне вельмі цікавіць сталярная справа, якой і дома прысвячаю шмат часу, сам вучуся карыстацца патрэбнымі для гэтага электраінструментамі. Сярод апошніх маіх вырабаў — конік-качалка для дзетак, стол з падстольніцай і склееным шчытом.
У будучым сталярная справа адназначна застанецца са мной у якасці хобі, а вучыцца далей я мяркую на інжынера-энергетыка.
Ад рэдакцыі. Некалькі разоў Вадзім Глушыч перамагаў у раённай алімпіядзе па працоўным навучанні. А апошнія два гады прывозіў дыпломы трэцяй ступені з абласной алімпіяды.
Віктар Шыпуль, вучань 11 класа СШ №3, сталяр 2-га разраду:
— Не пабаюся сказаць, што цяпер з дрэвам я ўмею рабіць усё. Я ўпэўнена трымаю ў руках стамеску, рубанак, шархебель, нажоўку, малаток, напільнік. Канечне, не ўсё атрымлівался з першага разу. Аднак я здолеў вырабіць і табурэтку, і раскладны стульчык, і скрынку для інструментаў… Дарэчы, не думаў, што настолькі складаным будзе для мяне працэс стварэння дзіцячых цацак: тут патрэбна асаблівая скрупулёзнасць.
Увогуле, мне вельмі цікава працаваць з дрэвам. Някепска было б звязаць і сваю далейшую вучобу са сталярнай справай.
Аляксандр Шуклоў, вучань 11 кла-са СШ №4, сталяр 2-га разраду:
— За два гады заняткаў у майстэрні СШ №3 я навучыўся роўна піліць дрэва, стругаць, шліфаваць, свідраваць… Для мяне гэта значнае дасягненне: напачатку ж вельмі мала што ўмеў. Эдуард Паўлавіч тлумачыў усё простай мовай, дапамагаў выпраўляць памылкі, таму вучыцца было камфортна.
Лічу, што кожны мужчына павінен валодаць інструментам, хаця б для таго, каб прасцей было вырашаць бытавыя пытанні. А што да сталярства, то, напэўна, яно ў маім жыцці застанецца ў якасці «гаражнага» хобі: сваю асноўную дзейнасць я планую звязаць з ІТ-сферай.
Вольга Басак. Фота Кацярыны Масік