Вторник, 18 февраля 2025

Атмасфера музыкі, танца і таленту. Навагодні баль для моладзі адкрыўся ў Палацы Незалежнасці

87

Рэспубліканскі навагодні баль для моладзі ўрачыста адкрыўся ў Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Удзельнікамі балю сталі больш як 330 юнакоў і дзяўчат з розных рэгіёнаў Беларусі. Гэта адораныя навучэнцы ВНУ, ССНУ, вучылішчаў, выхаванцы кадэцкіх вучылішчаў і Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, якія праявілі сябе ў вучобе, навуковых і творчых конкурсах, маладзёжных праектах, грамадскім і спартыўным жыцці.

У Зале ўрачыстых цырымоній Палаца Незалежнасці прысутнічаюць Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі, міністры культуры і адукацыі Анатоль Маркевіч і Андрэй Іванец, старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, старшыня ЦВК і кіраўнік грамадска-кансультатыўнага савета па пытаннях адукацыі Ігар Карпенка.

Старадаўнюю традыцыю — навагодні баль — у Беларусі адрадзілі ў 2018 годзе. З гэтага часу яго пастаянным месцам правядзення з’яўляецца Палац Незалежнасці. Сёлетні рэспубліканскі баль — гэта падарожжа па старонках гісторыі музычнай і танцавальнай культуры Беларусі.

Усіх прысутных цёпла прывітаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «Надышоў той адзіны дзень у годзе, калі наш Палац Незалежнасці кардынальна змяняе сваё аблічча. Літаральна некалькі гадзін таму ў кабінетах і залах гэтага будынка вырашаліся важныя пытанні палітыкі, эканомікі, бяспекі. Цяпер тут пануе атмасфера музыкі і танца. Атмасфера маладосці. Важна тое, што ўсё гэта адбываецца адзін раз у год і толькі для вас, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — І бачачы надзвычай прыгожых, шчаслівых маладых людзей, я з удзячнасцю думаю пра вашых бацькоў, настаўнікаў, выкладчыкаў».

Менавіта яны, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, «прывялі» маладых людзей у Палац Незалежнасці. «Таму што выгадавалі і выхавалі. Навучылі ставіць правільныя мэты, дабівацца іх. І запомніце: ніколі не гарачыцеся перад сваімі бацькамі і выхавальнікамі. Усё, што ў вас цяпер ёсць, — ад іх. А вось з заўтрашняга дня вы пачняце пісаць сваю гісторыю ўжо уласнай рукой — на базе таго, што вам прынеслі і паднеслі бацькі. Не забывайце пра гэта. Трэба паважаць тых, хто зрабіў вас сёння такімі. Тут няма выпадковых людзей, вы лепшыя прадстаўнікі нашай моладзі, — даў наказ удзельнікам балю Прэзідэнт. — Вы добра папрацавалі у мінулым годзе, дасягнулі высокіх вынікаў у вучобе, спорце, праявілі сябе ў валанцёрскім руху, што вельмі важна».

Менавіта для такіх маладых людзей, актыўных і мэтанакіраваных, і адчынены ў гэты вечар дзверы Палаца Незалежнасці, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«А заўтра вы зробіце крок, магчыма, у вялікую палітыку. І будзеце несці адказнасць за ўсё тое, што адбываецца ў нашай дзяржаве. І калі гэты Палац Незалежнасці — сімвал нашай дзяржаўнасці, то вы — сімвал будучыні. Значыць, будучыня ў вашых руках. Хто да гэтага яшчэ не гатовы, не ўсвядоміў — рыхтуйцеся. Хочаце вы ці не, але будучыня ў вашых руках», — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы павіншаваў удзельнікаў свята з надыходзячым 2024 годам і сказаў некалькі слоў пра адыходзячы год: «Для некага ён быў спакойны, для кагосьці — бурны, а яшчэ для некага — звычайны. Калі вы хочаце, каб ён быў незвычайным, засталося яшчэ некалькі дзён. Фінішуйце дастойна, каб ён застаўся ў вас у памяці, не быў проста прахадным. Каб гэты год, калі гэта магчыма яшчэ, падарыў вам немагчымае».

У якасці распарадчыка балю выступіў народны артыст Беларусі Уладзімір Громаў. Ён — галоўная дзеючая асоба балю, якая вітае гасцей і прадстаўляе танцмайстраў.

Традыцыйна свята адкрыў паланэз дэбютантаў, удзельнікамі якога сталі юныя, нежанатыя і незамужнія асобы. У руках у партнёрак абавязковы атрыбут — букет з жывых кветак. Прадоўжыў праграму адзін з самых папулярных танцаў, які называюць яшчэ каралём танцаў і танцам каралёў, — вальс. А праз некалькі канцэртных нумароў пары перастроіліся для полькі. Гэты танец называюць упрыгожаннем і вясёлай гульнёй, без якой не можа абысціся сапраўдны баль.

Сваё майстэрства юнакі і дзяўчаты прадэманстравалі, выканаўшы кадрылю і складаную, але бліскучую і энергічную мазурку. Прадоўжылі вечар захапляльны галоп і шакон, пабудаваны на элементах гавота і менуэта. Завяршыла ж класічную частку свята, як і належыць шматвяковым бальным традыцыям, «Паўночная кадрыля», якую выканалі ўсе ўдзельнікі ўрачыстасці.

Затым гасцей Палаца Незалежнасці чакала адвольная частка балю з сучаснымі рок-н-ролам, мамба, бугі-вугі, ламбадай, твістам і іншымі танцамі.

БЕЛТА