Среда, 15 января 2025

У Пружанскім раёне прайшоў аўтапрабег, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (+фота)

290

Аўтапрабег, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прайшоў па тэрыторыях Мокраўскага, Велікасельскага, Сухопальскага і Зеляневіцкага сельсаветаў. Арганізавала гэтую акцыю Брэсцкая абласная арганізацыя рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Патрыёты Беларусі».

Старт аўтапрабегу пачаўся ад помніка «Самалёт». Аўтакалона, у склад якой таксама ўвайшлі аўтамабілі з прадстаўнікамі працоўных калектываў: КУВП «Камунальнік», дзяржаўнага лесагаспадарчага прадпрыемства «Пружанскі лясгас», ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў», ААТ «Пружанскі льнозавод», ААТ «Пружанскі малочны камбінат», «Пружаны ТВ», —праследавала да вёскі Мокрае. Тут каля помніка прайшоў мітынг, на якім прысутнічалі старшыня Мокраўскага сельвыканкама Вольга Грышкевіч, вучні і педагогі Мокраўскай школы. Перад прысутнымі выступілі старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі РГА «Патрыёты Беларусі» Алена Дземянцей, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Таццяна Гаманчук. Вучні малодшых класаў прачыталі вершы. Да помніка ўсклалі кветкі.

Было кранальна бачыць ля помніка ў аграгарадку Вялікае Сяло акрамя дарослых яшчэ і выхаванцаў дзіцячага садка. Вы б бачылі, з якім пачуццём гонару яны ўскладалі да помніка чырвоныя гваздзікі. Нашых дзетак правільна выхоўваюць — патрыётамі сваёй краіны. Пра гістарычныя факты часоў Вялікай Айчыннай вайны расказаў галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Сяргей Дзямідаў. Удзел у мітынгу прыняла старшыня Велікасельскага сельвыканкама Таццяна Навіцкая.

У чарговым мітынгу каля помніка ў аграгарадку Сухопаль прынялі таксама ўдзел старшыня Сухопальскага сельвыканкама Ірына Кузьміч, жыхары населенага пункта.

Завяршаючым пунктам прыпынку аўтапрабегу стаў помнік загінуўшым воінам у аграгарадку Лыскава. Ва ўрачыстым мітынгу прынялі ўдзел старшыня Зеляневіцкага сельвыканкама Леанід Аўдзейчык, прадстаўнікі працоўнага калектыву ААТ «Радзіма» на чале з дырэктарам Дзянісам Кулешам, а таксама супрацоўнікі Брэсцкай абласной псіхіятрычнай бальніцы «Магілёўцы».

Адзначым, што каля кожнага помніка была замацавана таблічка з QR-кодам. Навёўшы гаджэт на код, можна перайсці па спасылцы і даведацца аб гістарычным месцы, гераічным мінулым дзён Вялікай Айчыннай вайны. Умацоўвалі таблічкі Алена Дземянцей і Таццяна Гаманчук.

Наша памяць жывая, кранальная, моцная. Так будзе заўсёды.

Віктар Ільюшчанка

Фота аўтара

Многа фота: https://vk.com/album-23306785_305122347 і https://ok.ru/budni/album/985657786504