
Актуальнасць тэмы абумоўлена тым, што 30% насельніцтва развітых краін пакутуе хранічнымі болямі ў спіне, колькасць такіх хворых у апошнія гады няўхільна павялічваецца, а на іх рэабілітацыю расходуюцца велізарныя сродкі. Калі раней астэахандроз пачынаў турбаваць людзей у сярэднім ва ўзросце 40 гадоў, то цяпер ён назіраецца ўжо і ў сямнаццацігадовых. Па колькасці выдаваемых бальнічных лістоў толькі вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі і грып апярэджваюць астэахандроз.
Адной з праблем лячэння і рэабілітацыі пры астэахандрозе пазваночніка з’яўляецца тое, што асобы працаздольнага ўзросту звяртаюцца па дапамогу ў лячэбныя ўстановы толькі ў выпадку крайняй неабходнасці. Але галаўны боль, боль у шыі, грудной клетцы ці паясніцы, якія з‘явіліся ўпершыню, ужо могуць паслужыць насцярожваючым сігналам наяўнасці астэахандрозу. Дарэчы, жанчыны часцей, чым мужчыны, хварэюць на астэахандроз, але ў мужчын часцей узнікаюць абвастрэнні.
Развіццю і абвастрэнню астэахандрозу пазваночніка спрыяюць яго макра- і мікра-траўмы, статычныя і дынамічныя перагрузкі, вібрацыя. Гэта можа быць выклікана працай, злучанай з частымі зменамі становішча тулава, падыманнем цяжару, заняткамі фізкультурай і спортам без уліку ўплыву вялікіх фізічных нагрузак, неспрыяльнымі метэаўмовамі — нізкай тэмпературай пры вялікай вільготнасці паветра.
Асноўная праблематыка дыягностыкі і лячэння хваробы ў тым, што болі ў спіне з’яўляюцца не толькі сімптомамі наяўнасці астэахандрозу пазваночніка, але і сігналізуюць пра наяўнасць шматлікіх іншых захворванняў з падобнымі па клініцы болевымі праявамі.
Пры лячэнні астэахандрозу выкарыстоўваецца комплексны падыход. Нароўні з медыкаментозным уздзеяннем выкарыстоўваюцца немедыкаментозныя (фізічныя) метады лячэння, у тым ліку лячэбная фізкультура, плаванне, масаж, мануальная тэрапія, розная фізіятэрапія і інш.
Адным з найбольш папулярных і эфектыўных спосабаў самадапамогі ў апошні час стаў міяфасцыяльны рэліз (МФР), ці, як яго яшчэ называюць, міяфасцыяльнае расслабленне.
МФР — гэта мяккая мануальная тэхніка, сутнасць якой складаецца ў здыманні залішняга напружання і мышачных заціскаў (так званых «трыгерных кропак»). Яе асноўная мэта — расслабіць мышцы і звязачны апарат шляхам уздзеяння на фасцыю (злучальнатканкавую абалонку мышцы) з дапамогай асаблівага спалучэння рухаў і іх паслядоўнасцей, з выкарыстаннем спецыяльных ролаў (валікаў) для МФР. Вынікам уздзеяння з’яўляецца поўнае расслабленне адной мышцы або групы мышцаў.
Неад’емным кампанентам комплекснага лячэння і рэабілітацыі паталогій пазваночніка, у тым ліку астэахандрозу, з‘яўляецца лячэбная фізічная культура (ЛФК). А ў прафілактыцы, гэта значыць, папярэджанні абвастрэння хваробы, яна адыгрывае галоўную ролю.
Як правіла, пасля звароту да ўрача і атрымання медыкаментознага лячэння хворыя праходзяць курс лячэбнай фізкультуры і масажу ў перыядзе аднаўлення. Гарантыю таго, што боль не вернецца, можа даць толькі пастаянная прафілактыка захворвання. Спецыяльныя практыкаванні павінны стаць ладам жыцця.
Залы ЛФК пры стацыянарах і рэабілітацыйных цэнтрах разлічаны на праходжанне курсаў заняткаў ЛФК і на навучанне самастойным заняткам.
Важна памятаць, што нагрузкі паказаны практычна ўсім. Стан хворага ад маларухомага ладу жыцця толькі пагаршаецца.
Неад’емнай часткай сучаснай ЛФК пры ўсіх формах захворванняў з’яўляюцца дыхальныя практыкаванні. У апошнія дзесяцігоддзі яны занялі значнае месца ў сістэме ЛФК, накіраванай на рэабілітацыю асоб з захворваннямі пазваночніка.
Дыхальныя практыкаванні праводзяцца для навучання хворага правільнаму поўнаму дыханню і для зніжэння агульнай нагрузкі на пазваночнік падчас ЛФК.
Яшчэ адна методыка пры лячэнні і прафілактыцы захворванняў пазваночніка — метад Пілатэс — сістэма фізічных практыкаванняў, распрацаваная Ёзафам Пілатэсам напачатку XX стагоддзя для рэабілітацыі пасля траўмаў, выказаная ў васьмі прынцыпах: рэлаксацыя, канцэнтрацыя, выраўноўванне, дыханне, цэнтраванне, каардынацыя, плаўнасць рухаў, цягавітасць.
Асновай усіх практыкаванняў пілатэс з’яўляецца трэніроўка так званага «каркаса трываласці». Пад гэтым маецца на ўвазе група мышцаў, размешчаная паблізу пазваночніка, гэта значыць, апорная мускулатура. Усе рухі выконваюцца павольна, плаўна, дзякуючы чаму мышцы і звязкі не перанапружваюцца. Адначасова трэніруецца правільнае дыханне.
Алена ГАЛАЎКО, інструктар-метадыст фізічнай рэабілітацыі ААТ «Санаторый «Ружанскі»
