Суббота, 14 декабря 2024

Астанкі воінаў-чырвонаармейцаў знайшлі каля вёскі Блізная

773

Шмат гора і пакут зведала беларуская зямля ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пастаянным напа-мінам пра яе ахвяры з’яўляюцца шматлікія помнікі на брацкіх магілах, якіх толькі на Пружаншчыне налічваецца 57.

Нягледзячы на тое, што вайна даўно закончылася, да сённяшняга дня ў лясах і балотах знаходзяць астанкі чырвонаармейцаў, выяўляюць раней не вядомыя пахаванні мірных жыхароў.

Трэба адзначыць, што работа па пошуку такіх мясцін вялася заўсёды, але з мінулага года, калі Генеральная пракуратура пачала расследаванне фактаў генацыду беларускага народа, гэтая дзейнасць яшчэ больш актывізавалася.

Хоць зямля і не вельмі ахвотна раскрывае свае таямніцы, аднак пошук ахвяраў ваеннага ліхалецця працягваецца і дае вынікі.

Амаль штогод на тэрыторыі нашага раёна, дзе ішлі крывавыя баі ў чэрвені 1941 г. і ліпені 1944 г. і больш чым тры гады панаваў жорсткі акупацыйны рэжым, знаходзяць астанкі непахаваных ахвяраў. Не стаў выключэннем і 2022 год. Так, на мінулым тыдні ваеннаслужачыя 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл разам з добраахвотнымі памочнікамі вялі раскопкі ў лясным масіве каля вёскі Блізная (Ружанскі сельсавет).

Падчас палявых работ былі знойдзены астанкі двух чалавек — хутчэй за ўсё, воінаў-чырвонаармейцаў, якія загінулі ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Адзін з іх ляжаў на баку са зброяй у руках у земляным паглыбленні, другі — у штучнай яме на адлегласці 100 метраў ад першага. Пошукавікамі таксама былі выяўлены фрагменты вайсковай амуніцыі. На жаль, рэчаў, якія б дапамаглі ўстанавіць асобы загінулых, не было знойдзена. Такім чынам, колькасць безыменных абаронцаў Айчыны павялічылася яшчэ на два чалавекі.

Але гэта не першыя і, напэўна, не апошнія знаходкі перыяду мінулай вайны каля Блізной. Справа ў тым, што ў 1941 годзе баі з ворагам у раёне Ружан ішлі з 23 па 30 чэрвеня. Тут сканцэнтраваліся даволі вялікія сілы адступаючых савецкіх войскаў з-пад Брэста, Беластока і Гродна, якія не толькі стваралі лакальныя кропкі супраціўлення, але і рабілі спробы пераходзіць у контратакі.

Вядома, што ў 2016 годзе пошукавы батальён знайшоў у Блізной астанкі сямі чырвонаармейцаў, імя аднаго з іх удалося ўстанавіць — Абрам Навумавіч Шацкі, ваентэхнік 2-га рангу. У гэтым жа годзе былі выкапаны астанкі яшчэ аднаго невядомага салдата, а падчас раскопак летам 2020 года — трох безыменных чырвонаармейцаў. І вось у бягучым годзе дзве новыя сумныя знаходкі.

А колькі іх, салдатаў Вялікай Айчыннай, яшчэ ляжыць непахаванымі ў лясных гушчарах і топкіх балотах? Адказу на гэтае пытанне няма, але складаная і высакародная справа па пошуку і ўстанаўленні імёнаў загінулых пры абароне Айчыны, ахвяр фашызму працягваецца.

Наталля Пракаповіч, галоўны спецыяліст аддзела культуры, райвыканкама

Вераніка Манец, памочнік пракурора Пружанскага раёна.

Фота Паліны Жарнасек, в.Блізная