Воскресенье, 6 октября 2024

Аснова нашага адзінства — памяць. Прафсаюзныя лідары расказалі, чым запомніўся адкрыты ўрок з удзелам Прэзідэнта

459

Адкрыты ўрок, які ў Дзень ведаў правёў асабіста Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, па-ранейшаму застаецца адной з вядучых тэм інфармацыйнай павесткі. Яго ключавыя тэзісы абмяркоўваюць і непасрэдныя ўдзельнікі, і тыя, хто глядзеў прамую трансляцыю. Мы таксама звярнуліся да жыхароў раёна, якія 1 верасня ўважліва слухалі Прэзідэнта, і папрасілі расказаць, што яны вынеслі з адкрытага ўроку.

Таццяна Гаманчук, старшыня Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў:

— Уважліва сачыла за адкрытым урокам, які даваў Кіраўнік дзяржавы. Лічу, што такое мерапрыемства было патрэбным, а яшчэ яно аказалася вельмі шчырым. Размаўляючы з моладдзю, беларускі лідар у чарговы раз падкрэсліў, што гістарычная памяць пакладзена ў аснову адзінства народа, грамадства і дзяржавы. Суверэнітэт у сучасных умовах — найвялікшая каштоўнасць, якую мы павінны захаваць. Кожны беларус павінен разумець, што без ведання мінулага немагчыма паспяховае заўтра.

Людміла Мазюк, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Пружанскага КУВП «Камунальнік»:

— Прэзідэнт быў адкрыты для зносін, гаварыў з моладдзю на любыя тэмы, праўдзіва расказваў пра сённяшнія рэаліі. Складаныя рэчы даносіў простай, зразумелай мовай, не баяўся непрыемных пытанняў і быў гатовы выслухаць меркаванне кожнага.

На ўроку абмеркавалі няпростую сітуацыю, якая склалася ў свеце, дасягненні нашай рэспублікі. Закранулі тэму захавання гістарычнай памяці нашага народа. Лічу, што яна з’яўляецца адной з самых актуальных, улічваючы цяперашнюю палітычную сітуацыю, калі знаходзіцца шмат жадаючых перапісаць мінулае на свой лад і падаваць моладзі ўжо сваю трактоўку гістарычных падзей.

Іван Сачэўка, старшыня Пружанскага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі:

— Урок «Гістарычная памяць — дарога ў будучыню» з’яўляецца выдатным прыкладам для настаўнікаў школ і выкладчыкаў устаноў вышэйшай і сярэдне-спецыяльнай адукацыі, як трэба размаўляць з нашым маладым пакаленнем. А яшчэ гэта напамін моладзі і ўсім нам, як мы павінны шанаваць сваю гісторыю, сям’ю і любімую Беларусь.

Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла