Сярод іншых лясгасаў Брэстчыны Пружанскі даўно зарабіў славу ўстановы, дзе працуюць сапраўдныя прафесіяналы. Ліквідацыя наступстваў стыхійных катастроф, тушэнне пажараў, работы па лесааднаўленні… Усюды, дзе працуюць пружанцы, адзначаюцца добрыя вынікі і значны плён.
Падтрыманне такой рэпутацыі магчыма, дзякуючы пастаяннаму павышэнню кваліфікацыі работнікаў і абнаўленню машынна-трактарнага парка. Як расказвае галоўны механік А.Г.Крац, сёлета была поўнасцю абноўлена тэхніка лясніцтваў, для папаўнення парка лесанарыхтоўчай тэхнікі набыты комплекс «Форвадар», а да канца бягучага года купяць яшчэ і «Харвестар». Для супрацьпажарнай бяспекі атрымалі тры прычапныя цыстэрны і новы пажарны аўтамабіль.
Замяняецца і аўтапарк, які задзейнічаны на вывазцы матэрыялаў. Мяркуецца ў наступным годзе поўнасцю рэалізаваць планы.
Трэба сказаць, што робіцца гэта не толькі для сябе, рэгулярна тэхніка і людзі накіроўваюцца на дапамогу суседзям. Напрыклад, зараз брыгада Пружанскага лясгаса дапамагае калегам у Баранавіцкім раёне.
Алег Сідарэнка