У быгучым годзе спаўняецца 30 гадоў Асноўнаму Закону краіны — Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Яна была прынята 15 сакавіка 1994 года і з’яўляецца першай у гісторыі суверэннай рэспублікі і пятай па ліку Канстытуцыяй Беларусі, якая дзейнічала пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года.
Згодна з Канстытуцыяй, адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ (артыкул 3).
Рэалізуючы сваё права на непасрэдны ўдзел ва ўпраўленні справамі грамадства і дзяржавы (артыкул 37 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), грамадзяне краіны вызначылі будучыню нашай дзяржавы на рэспубліканскіх рэферэндумах, рашэнні якіх знайшлі сваё адлюстраванне ў змяненнях і дапаўненнях дзеючай Канстытуцыі (рэферэндумы 1996 , 2004 і 2022 гадоў).
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь увасобіла ў сабе пераемнасць і вопыт шматвяковага гістарычнага шляху Беларусі, азнаменавала новы этап у палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Яна грунтуецца на неад’емным суверэнным праве беларускага народа мець сваю дзяржаўнасць і быць паўна-праўным суб’ектам сусветнай супольнасці. Канстытуцыя Беларусі ўвабрала таксама ў сябе лепшы існаваўшы на той момант сусветны досвед заканатворчасці, што цалкам заканамерна, бо менавіта на тэрыторыі нашай краіны дзейнічала адна з першых канстытуцый сярэдневяковай Еўропы — Статут Вялікага Княства Літоўскага.
Структура Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой сістэму канстытуцыйных норм і мае прэамбулу (ўступленне), асноўную частку, заключныя і пераходныя палажэнні. Цяпер Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь змяшчае 9 раздзелаў, 9 частак і 156 артыкулаў.
Беларуская Канстытуцыя гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоду і права, неабходныя для стваральнай працы, дастойнага жыцця і гарманічнага ўсебаковага развіцця асобы. Задача кожнага з нас — выконваць канстытуцыйныя абавязкі, падтрымліваць і захоўваць каштоўнасці, якія ўстаноўлены асноўным дзяржаўным Законам.
Падрыхтаваў Віктар Ільюшчанка