Воскресенье, 6 октября 2024

Асцярожна, махляры! Калі бабуля — зусім не бабуля

133

Якія толькі формы і метады не выкарыстоўваюць махляры, каб дасягнуць сваіх мэт. А мэты ў іх звычайна адны і тыя ж — вымаганне грошай. З цікавай для мяне сітуацыяй, але далёка не новым відам махлярства, давялося сутыкнуцца ў мінулую суботу.

У наш чат-бот @budnipruzhany_bot, які можна знайсці ў Telegram і на які вы можаце адправіць фота і відэа, паведаміць пра нейкую навіну ці праблему, што хвалюе, паступіла паведамленне ад падпісчыка: «Толькі што да нас у Пружанах прыходзіла жанчына, якая прадставілася бабуляй дзяўчынкі Міланы Бандаровіч, паказала лістоўку і сказала, што збірае грошы на лячэнне хворай унучкі. Пры гэтым казала, нібыта ёй дапамагае айцец Аляксандр. Мы знайшлі акаўнт дапамогі Мілане ў Instagram і зразумелі, што жанчына — махлярка. На жаль, зрабіць яе фота мы не паспелі».

Атрымаўшы паведамленне, вырашыў праверыць інфармацыю і асабіста звязаўся з клірыкам храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы ў г. Пружаны, іерэем Аляксандрам Мамановічам. У тэлефоннай размове святар сказаў, што не ведае такой жанчыны і яна ніколі да яго не звярталася.

Пасля знайшоў акаўнт дапамогі Мілане Бандаровіч у Instagram —@milana_bandarovich_help, а ў ім — пост ад 15 лютага, дзе паведамлялася, што жанчыну, якая прадстаўляецца бабуляй Міланы Бандаровіч і выманьвае грошы, бачылі ў Брэсце. Вось толькі збор сродкаў на лячэнне дзяўчынкі, як было напісана ў пасце, закрылі яшчэ напрыканцы 2023-га. Вырашыў напісаць у direct акаўнта, і інфармацыю пра заканчэнне збору «Раённым будням» пацвердзілі, а пасля нашага дыялогу таксама размясцілі адпаведны пост-папярэджанне пра тое, што махлярка дабралася і да Пружан.

Ад рэдакцыі. Людзі са спачуваннем ставяцца да тых, каму патрэбна дапамога, і ахвотна адгукаюцца на першы ж заклік (а часам для лячэння або набыцця сродкаў рэабілітацыі патрабуюцца немалыя грошы). Але, на жаль, ёсць і тыя, хто карыстаецца чужой дабрынёй, таму заўсёды правярайце інфармацыю, зараз гэта нескладана. Пастарайцеся знайсці сайты ці акаўнты дапамогі ў інтэрнэце, звесткі пра збор на рэсурсах дабрачынных фондаў ці папрасіце пра гэта сяброў, знаёмых, дзяцей. Памятайце: пад выглядам сваякоў да вас могуць прыйсці махляры.

Уладзіслаў Шпарла