Четверг, 16 января 2025

Асцярожна, дзікія жывёлы! Аўтамабілістам трэба быць асабліва ўважлівымі на дарогах, якія праходзяць уздоўж лясных масіваў

512

Большая частка плошчаў нашага раёна пакрыта лясамі. І тое, што яны пераважаюць на карце Пружаншчыны, толькі радуе. Але спалучэнне лясных масіваў з аўтамабільнымі трасамі часам стварае вялікую небяспеку. І не толькі для дзікіх жывёл, калі яны перабягаюць дарогі, але і для вадзіцеляў, калі чатырохногі «пешаход» раптоўна выскоквае на праезную частку перад аўто.

Як паведамляе начальнік аддзялення ДАІ С.М.Мышкевіч, у бягучым годзе на пружанскіх дарогах зарэгістравана больш за 60 выпадкаў сутыкненняў транспартных сродкаў з дзікімі жывёламі. Амаль усе яны закончыліся гібеллю апошніх ды неабходнасцю рамантаваць машыну. Але адно дарожна-транспартнае здарэнне адбылося з больш цяжкімі наступствамі. Вечарам 11 мая жыхар г.Брэста не паспеў зрэагаваць на лася, які выбег на дарогу перад машынай на аб’язной трасе ўздоўж Белавежскай пушчы. У выніку сутыкнення аўтамабіль адкінула на абочыну, ён ударыўся аб агароджу маста. Цяжкія траўмы атрымалі вадзіцель і двое пасажыраў, адзін з якіх — непаўналетні.

Часцей за ўсё трагічна заканчваюцца аварыі з удзелам дзікіх жывёл, калі іх вага перавышае 100 кілаграмаў. Асабліва небяспечным становіцца лось, на рахунку якога нямала дарожных здарэнняў з пацярпелымі, і нават загінулымі, у тым ліку і згодна з сумнай статыстыкай бягучага года.

Калі прааналізаваць месцы і час здарэння, то становіцца відавочным, што самымі небяспечнымі транспартнымі ўчасткамі на тэрыторыі нашага раёна з’яўляюцца рэспубліканскія дарогі ў тых месцах, дзе яны праходзяць праз лясны масіў. Высокі аўтамабільны паток, вялікія хуткасці, а ў дадатак недастатковая бачнасць, бо часцей за ўсё здараюцца сутыкненні ў цёмны час сутак.

Большасць ДТЗ па віне дзікіх жывёл адбываецца вясной і восенню. Як зазначаюць эксперты, звязана гэта з сезоннай міграцыяй лясных насельнікаў. Вось і цяпер, калі светлавы дзень пастаянна змяншаецца, а ранішнія і вячэрнія туманы яшчэ больш пагаршаюць бачнасць, інспектары дарожнай службы заклікаюць узмацніць увагу падчас руху праз пакрытыя лесам участкі дарог. Найбольш небяспечныя ў плане пастаяннай міграцыі дзікіх жывёл месцы пазначаны спецыяльнымі знакамі. І на такіх адрэзках лепш знізіць хуткасць, каб мець больш часу для рэагавання і паменшыць цяжкасць наступстваў у выпадку магчымага сутыкнення.

Да ўвагі вадзіцеляў. Калі вы сталі ўдзельнікам ДТЗ, падчас якога пацярпела толькі дзікая жывёла, а аўтамабіль цэлы і можа рухацца далей, усё роўна заставайцеся на месцы аварыі і выклікайце ДАІ. У любым выпадку, нават калі чатырохногі віноўнік занесены ў Чырвоную кнігу, у нашай краіне не прадугледжана адказнасць вадзіцеля.

А вось пакіданне месца аварыі лічыцца адміністрацыйным правапарушэннем (ч.2 арт.18.17 КоАП РБ) са штрафам ад 5 да 25 базавых велічынь або пазбаўленнем пасведчання на тэрмін да двух гадоў.

Яшчэ больш строга айчыннае заканадаўства ставіцца да тых, хто вырашыў палічыць аварыю своеасаблівым паляваннем і забраць з сабой здабычу. Такі ўчынак кваліфікуецца як браканьерства, і штраф за яго адпаведна вельмі высокі.

Алег Сідарэнка