Четверг, 16 января 2025

Асаблівым дзецям – асаблівая ўвага! Прайшоў Х раённы фестываль «Дзяцінства без межаў» (+ многа фота)

406

3 снежня адзначаецца Міжнародны дзень інвалідаў. Ён быў прыняты Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у 1992 годзе. З тых часоў ва ўсім свеце павялічваецца інфармаванасць пра дарослых і дзецяй з інваліднасцю, а сусветнае грамадства стараецца забяспечыць для іх рэалізацыю роўных магчымасцяў.

Жыхароў Пружанскага раёна таксама хвалюе тэма інклюзіўнага асяроддзя. І доказам гэтага стаў Х юбілейны раённы фестываль «Дзяцінства без межаў», які прайшоў у гэтую суботу ў Палацы культуры. Колькасць наведвальнікаў імпрэзы, неабыякавыя твары гасцей і іх зацікаўленасць тэмай сведчылі аб тым, што працэс будаўніцтва талерантнага грамадства набірае абароты.

Спонсарамі мерапрыемства выступілі ААТ «Ружаны-Агра», ФПР «Камбінат кааператыўнай прамысловасці», філіял РУП «Брэстэнерга» «Пружанскія электрасеткі», Пружанскі райвыканкам і ГА «Беларускі фонд міру».

Фестываль адкрыў нумар работнікаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання. Яны разам са сваімі вучнямі падарылі залу кранальны танец і настроілі гледачоў на сур’ёзны лад, але пры гэтым быццам бы гасцінна сказалі: «Размяшчайцеся! Мы з задавальненнем будзем радаваць вас сваімі выступленнямі».

Ужо цэлых 10 год фестываль жыве побач з намі, ён здольны прымусіць нас смяяцца і плакаць, ён мае душу і сэрца, ён адрозніваецца ад іншых падобных мерапрыемстваў тым, што ў ім нароўні са звычайнымі дзецьмі ўдзельнічаюць дзеці асаблівыя.

Прагляд фестывальнага фотаальбома пад цудоўную кампазіцыю «Альбом» у выкананні гурта «Сябры» дапамог успомніць незабыўныя, яскравыя падзеі мінулага, ахінуў гледачоў цёплай настальгіяй.

Чаму фестываль атрымаў назву «Дзяцінства без межаў», расказала дырэктар цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Наталля Красевіч:

– Мы хацелі паказаць, што незалежна ад фізічных або інтэлектуальных асаблівасцяў усе дзеці маюць права на развіццё свайго творчага патэнцыялу, весялосць і гарэзлівасць. Наш фестываль – гэта пляцоўка, дзе кожны можа паказаць сябе.

Залу асабліва ўзрушыла выступленне Анастасіі Гарба. Песня «Мы проста іншыя» ў яе выкананні прымусіла гледачоў ціхенька шукаць насоўкі, каб выцерці слёзы. Цудоўным дадаткам да нумара стаў танец падтрымкі ў выкананні выхаванцаў аддзялення дзённага знаходжання для маладых інвалідаў і валанцёраў з СШ № 1.

Усмешкі і радасць у асаблівых дзетак таксама асабліва шчырыя. Вы ніколі не пабачыце з іх боку злоснага позірку і не пачуеце кепскага слова, ім не вядомыя зайздрасць і ліслівасць. Яны проста жывуць і радуюцца кожнаму імгненню. Менавіта так кожнай мінуце на сцэне радаваліся вучні СШ № 3, якія падрыхтавалі песню-інсцэніроўку «Вялікі карагод».

Навучэнцы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і СШ № 1 падрыхтавалі сумесны нумар: пад песню «Добрыя людзі» яны выканалі танец, у якім раскрылі рысы беларускага характару.

Навучэнцы СШ № 4 падышлі да выступлення з гумарам, яны прадэманстравалі старую казку на новы лад. Такой сучаснай і крэатыўнай «Рэпкі» яшчэ ніхто не бачыў! А даўняя сяброўка фестывалю Калерыя Буланькова падарыла аўдыторыі «Песню чараўніка». Напэўна, самым маштабным стала выступленне вучняў СШ № 5. Знакамітая песня «Рабі дабро» ў іх выкананні заззяла новымі фарбамі.

Не засталіся ўбаку вучні Ружанскай сярэдняй школы: яны падрыхтавалі песню пра сяброўства і аздобілі яе танцам з цацкамі.

У сваю чаргу, выхаванцы Ліноўскай школы падарылі нам танец пад вядомую ўсім кампазіцыю «Разам мы вялікая моц». Яркія касцюмы і арыгінальныя рухі дазволілі паглядзець на песню з іншага боку.

Што там мясцовыя ўдзельнікі фестывалю, відэанумар падрыхтавалі нават сябры з Камянца!

Пасля ўсіх творчых выказванняў слова ўзяў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч. Ён павіншаваў прысутных з прыгожай юбілейнай датай фестывалю, падзякаваў каман-дзе арганізатараў за такое цудоўнае свята, а дзеткам – за актыўнасць і неверагодную сілу.  Таксама Руслан Васільевіч уручыў падзячныя лісты і падарункі ўдзельнікам.

Асаблівы канцэрт завяршыўся асаблівай, прыгожай кропкай. Амаль усе выступоўцы выйшлі на сцэну і станцавалі кранальны нумар пад песню «Мы будзем жыць!».

Юлія Янушка. Фота аўтара

Фотаальбомы з мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_289145521 і https://ok.ru/budni/album/951606711944