Традыцыйна 4 сакавіка сваё прафесійнае свята адзначаюць супрацоўнікі органаў унутраных спраў, людзі, якія ахоўваюць нас ад злачынных замахаў, сочаць за парадкам на дарогах і забяспечваюць грамадскі спакой. Таму ў любы час служба ў міліцыі лічылася справа адказнай, а таксама напружанай і часам небяспечнай. І заўсёды пачэснай. Бо кожны з нас разумее, дзе зможа знайсці абарону, справядлівасць, звяртаючыся ў дзяжурную часць райаддзела ўнутраных спраў. Кругласутачна дзяжураць супрацоўнікі, гатовыя прыйсці на падтрымку, дапамагчы разабрацца ў складаных сітуацыях. І грамадства спадзяецца, што так будзе ва ўсе часы, нягледзячы на аб’ектыўныя ці суб’ектыўныя складанасці, з якімі сутыкаюцца міліцыянеры.
Пра асаблівасці службы, будучыя планы і кадравае папаўненне мы пагаварылі напярэдадні Дня міліцыі з начальнікам Пружанскага РАУС Ігарам Амельянчуком.
— Ігар Аляксеевіч, прынята падчас прафесійнага свята трымаць справаздачу аб выкананым. Давайце адыдзем ад традыцыі і пагаворым пра тых, хто сваёй службай прыносіць гэтыя вынікі.

— Без перабольшвання, зазначу, што супрацоўнікі райаддзела ўнутраных спраў — прафесіяналы службы, нават тыя, хто нядаўна прыйшоў у міліцыю, таксама трапілі на «сваё месца». За тры папярэднія гады ў РАУС прыйшло больш за 20 чалавек, таму сёння мы лічымся адным з самых маладых аддзелаў унутраных спраў па вобласці.
Хаця пэўны кадравы недахоп усё-такі адчуваем, асабліва ў падраздзяленні ўчастковых інспектараў: ёсць яшчэ тры вакансіі, з-за чаго працуючым зараз даводзіцца выконваць павялічаны аб‘ём абавязкаў. Некаторыя інспектары вымушаны працаваць на тэрыторыі двух сельсаветаў. І гэта з улікам таго, што амаль кожны сельсавет паасобку немалы. Каб аблегчыць службу ўчастковых кожны супрацоўнік мае службовы транспарт, самаму старэйшаму аўтамабілю 6 гадоў. Нядаўна атрымалі яшчэ 5 машын, якія ў тым ліку перадаюцца ў падраздзяленне. Спадзяёмся, што чарговае папаўненне дапаможа вырашыць кадравае пытанне.
— Ці кожны можа стаць міліцыянерам?
— Падыход да набору кадраў з першых дзён існавання народнай міліцыі быў жорсткім. Некаторыя паслабленні зараз уведзены, але асноўныя патрабаванні засталіся нязменнымі. Адно з іх — праходжанне тэрміновай службы ў арміі ці ва ўнутраных войсках. Перавагу пры працаўладкаванні таксама аддаём тым, хто атрымаў юрыдычную адукацыю, хаця гэта і не з’яўляецца абавязковай умовай. У прыватнасці, пасля прыняцця на службу многія паступаюць у спецыялізаваныя навучальныя ўстановы. Такое рашэнне вітаем і падтрымліваем, пацвярджэннем чаму з’яўляецца тое, што сярод сённяшніх супрацоўнікаў ёсць такія, хто атрымлівае нават другую вышэйшую адукацыю.
Што да рыс характару, то будучыя супрацоўнікі павінны быць цярплівымі, акуратнымі, адказнымі і на першым месцы трымаць прынцып калектыўнасці па формуле «адзін за ўсіх і ўсе — за аднаго».
— Ці хапае міліцыянерам атрыманай падрыхтоўкі, каб супрацьстаяць сучасным зламыснікам, у тым ліку і ў віртуальнай прасторы?
— Падрыхтавацца да барацьбы са злачыннасцю на 100 % немагчыма, таму што немагчыма спрагназаваць, якую злачынную схему прыменяць нядобрасумленныя грамадзяне. Асноўны ўпор на прафілактыку, у тым ліку з павышэннем фінансавай адукаванасці людзей. Вось апошняя, мяркуючы па статыстыцы махлярстваў і злачынстваў з выкарыстаннем вылічальнай тэхнікі, на нізкім узроўні. Мы рэгіструем крымінальныя замахі, расследуем іх, але гэты працэс ідзе пасля таго, як здарыліся непрыемнасці. Лепш іх папярэдзіць: патэлефанаваць сваяку, які нібыта «трапіў у аварыю», звярнуцца ў банк, калі яго «супрацоўнікі» праз месэнджары просяць сакрэтныя дадзеныя і г. д.
— Калі загаварылі пра прафілактыку, то наколькі грамадзяне, як аб’екты ўздзеяння, прыслухоўваюцца да папярэджання праваахоўнікаў?
— Аналізуючы здарэнні, даўно прыйшоў да высновы, што беларусы пакутуюць ад сваёй даверлівасці. Амаль кожная ахвяра тлумачыць свае дзеянні тым, што яна не стане падманваць, а значыць, спадзяецца на сумленне тых, з кім кантактуе. Аднак цяперашняе жыццё прывучае да цынізму, а не гуманнасці. На жаль, гэта наша рэальнасць, з-за якой мары аб грамадстве без міліцыі, апісаныя ў кнізе «Эра міласэрнасці» братоў Вайнераў, нязбытныя.
— І гэта азначае, што міліцыя не страціць актуальнасці нават у далёкай перспектыве. Ігар Аляксеевіч, што б Вы пажадалі супрацоўнікам органаў унутраных спраў?
— Сустракаючыся з працоўнымі калектывамі, прыемна адзначаць тое, што наша грамадства жыве ў спакойнай абстаноўцы. Людзі без апаскі вечарам гуляюць па вуліцах населеных пунктаў, дзеці беспраблемна ідуць у школу, бавяць вольны час у гульнях. Здараюцца нават казусы: з пяці ўгнаных аўтамабіляў тры былі незам-кнёныя, у аднаго пацярпелага ўжо паўгода як зламаўся замок, а ўладальнік яшчэ адной машыны пакінуў ключы ў салоне. Гэта вынікі нашай напружанай працы, якую нельга спыняць, задаволіўшыся дасягнутым. Таму ўсім калегам зычу цярпення, штодзённага і ўсёабдымнага, здароўя для выканання службовых абавязкаў. А яшчэ сямейнага дабрабыту, каб кожны з нас, вяртаючыся дадому, трапляў у атмасферу любові, пераконваючыся, што і зараз ёсць месца дабрыні і спагадзе.
Гутарыў Алег Сідарэнка
Фота Кацярыны Масік