
Ружанская зямля багата на таленты. Нашы землякі праславілі яе не толькі ў рэспубліцы, але і далёка за яе межамі. Дастаткова згадаць некаторых з іх: Міхаіл Забэйда-Суміцкі — сусветна вядомы оперны спявак, Алена Лось — мастачка, графік, ілюстратар, Уладзімір Крукоўскі — мастак-плакатыст, Мікалай Карполь — самы тытулаваны трэнер па валейболе ў свеце. На гэты раз мне пашчасціла пазнаёміцца з яшчэ адным выдатным чалавекам. Яго, магчыма, і не ведаюць па-за межамі нашай краіны і нават у самой рэспубліцы, але яго ўклад у развіццё футбола заслугоўвае шчырага захаплення і павагі. Юрый Манцэвіч — гэта чалавек, чые ідэі і праца зрабілі ружанскі футбол мацнейшым, адкрылі новыя гарызонты для спартсменаў і натхнілі многіх на дасягненне высокіх мэт.

Нарадзіўся Юрый Уладзіміравіч у Пружанах. Хутка сям’я пераехала ў Бярозу. Менавіта там ён і пасябраваў з футболам. Гэтая камандная гульня захапіла дзевяцігадовага Юру і ён стаў яе фанатам. У 1998 годзе, паспяхова скончыўшы Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Лясная гаспадарка», Юрый Уладзіміравіч па размеркаванні прыехаў рабіць у Ружаны.
— Усё пачалося выпадкова. Не раз даводзілася назіраць, як мясцовыя хлапчукі гуляюць у футбол. Пачаў прыглядацца да іх і зазначыў для сябе, што некаторыя добра гэта робяць. Я і сам пачаў гуляць з імі, адначасова даваў парады. Юнакі прыслухоўваліся да маіх рэкамендацый. Так паступова ў нас сфарміравалася каманда. На той час у раёне праводзіліся для аматараў спаборніцтвы па міне-футболе і мы вырашылі паўдзельнічаць. Тады на такія турніры збіралася 9–11 каманд. Мы заўсёды ўваходзілі ў тройку лідараў. А ў футболе станавіліся чэмпіёнамі і ўладальнікамі кубка раёна. Неаднаразова прымалі ўдзел у раённых спаборніцтвах у Івацэвіцкім і Слонімскім раёнах. Там таксама паказвалі добры вынік, і з 15 каманд у Івацэвічах займалі другое месца. Да 2010 года я не толькі збіраў каманду, але і сам гуляў у ёй. Пазней, калі набраў вагу, на поле ўжо не выходзіў, але з камандай не расстаўся, а стаў для яе трэнерам, — падкрэсліў галоўны творца поспехаў футбольнага калектыву.
З 2011 года футбольная дружына з Ружан выйшла на абласны ўзровень. А ўжо ў 2013 годзе яны здолелі выйграць Кубак Брэсцкай вобласці. Юрый Уладзіміравіч з удзячнасцю ўспамінае падтрымку каманды з боку кіраўніцтва ААТ «Ружаны-Агра». Заўсёды безадказна забяспечвалі наш футбольны калектыў транспартам, а таксама дапамаглі набыць для каманды форму. Акрамя іх, у той час спонсарскую дапамогу аказвала і Ружанская мэблевая фабрыка.
У 2014 годзе, пасля перамогі ў вобласці, каманда прыняла ўдзел у Кубке Беларусі. У першым раундзе яны гулялі з Маcтоўскім «Нёманам» і атрымалі сенсацыйную перамогу.
— Гэта быў сапраўдны зорны час для каманды. Памятаю ўсіх, хто дамагаўся таго поспеху з нашай дружынай, і не магу вылучыць лепшага. Гэта ж каманда — вынік заўсёды залежыць ад зладжанай работы кожнага гульца. Але хачу ўспомніць тых, хто ўнёс асаблівы ўклад за ўвесь час існавання клуба: Дзяніс Рудэнка, Ігар Шамяцюк, Юрый Макарэвіч, Уладзімір Давідзенка, Сяргей Круглей, Дзмітрый Алізаровіч, Юрый Цямноў і браты Кечка – Андрэй, Васіль, Іван. Першы з іх, дарэчы, вельмі дапамагаў мне ў трэнерскай рабоце, калі атрымаў сур’ёзную траўму, — адзначыў Юрый Манцэвіч.
Хутка гаворка зайшла пра тое, што калі можна было б пачаць усё спачатку, ці хацелі бы Вы стаць прафесійным трэнерам? На гэта пытанне мой суразмоўца адказаў пасля некаторага роздуму: «Мне падабаецца мая работа, якой я займаюся амаль трыццаць гадоў — працую ў лясной галіне. Але павінна быць штосьці і для душы. Ніколі аб гэтым не думаў, але дакладна ведаю, — быць прафесійным трэнерам вельмі складана».
— Думаю, калі б зараз правялі раённы турнір па футболе, прымалі б удзел і мы. Праўда, гульцы ўсе раз’ехаліся, але і тады хлопцы вучыліся, а на трэніроўкі і гульні збіраліся. І зараз мы з імі на сувязі. Праўда, гэта ўжо не юнакі, а мужчыны. Але, я думаю, ёсць яшчэ «порах у парахаўніцах». Яны і зараз усе гуляюць у футбол. Таму мы маглі б згуляць і паказаць нядрэнны вынік.
У словах Юрыя Уладзіміравіча чуецца ўпэўненасць і гонар за сваю каманду. І ў тым, што дружына заўсёды на сувязі і гатова сабрацца — заслуга, безумоўна, трэнера.
Кіраўнік каманды грае ключавую ролю не толькі ў яе развіцці, але і ў фарміраванні характараў гульцоў. Здольнасць натхняць, навучаць і падтрымліваць робіць яго незаменным членам каманды. Поспех на полі вельмі часта залежыць не толькі ад тэхнічных навыкаў футбалістаў, але і ад мудрасці і стратэгічнага мыслення трэнера. З кожным новым сезонам, з кожнай перамогай ці паражэннем кіраўнік дружыны становіцца важным архітэктарам не толькі тактыкі, але і духу каманды.
Марыя Вішнявецкая,
юны карэспандэнт Ружанскай СШ
імя Казіміра Марача.
Фота
Кацярыны Масік і з архіва Юрыя Манцэвіч