Понедельник, 16 сентября 2024

Архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан наведаў Пружаны

305

9 красавіка 2024-га споўніцца роўна 90 гадоў з таго часу, як у Свята-Аляксандра-Неўскім храме ў Велікодныя святы заплакала ікона Прасвятой Багародзіцы. Слёзы цяклі з яе вачэй цэлы тыдзень і спыніліся ў пятніцу, у дзень святкавання іконы Божай Маці «Жываносная крыніца».

Ікона атрымала назву «Пружанская Плачучая». У памяць пра цудоўную з’яву быў асвечаны прыдзел у гонар іконы Божай Маці «Жываносная крыніца». Для штогадовага праслаўлення іконы была вызначана пятніца на Светлым тыдні. Сёлета яна прыпала на 21 красавіка.

З нагоды свята храм наведаў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. Ён здзейсніў Боскую літургію, яму саслужылі сакратар Брэсцкага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Сергій Петрусевіч, благачынны цэркваў Пружанскай акругі Міхаіл Носка і духавенства Пружанскага благачыння. Падчас літургіі маліліся пра адзінства і захаванне Царквы ад падзелаў і расколаў, пераадоленне нянавісці і размежавання паміж хрысціянамі, пра мір і дабрабыт беларускага народа, а таксама заканчэнне распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі.

Уладыка Іаан павіншаваў усіх прысутных са Светлым Хрыстовым Уваскрэсеннем, уручыў царкоўна-іерархічныя ўзнагароды святарам, прычасціў вернікаў, якія сабраліся на службу, памаліўся на магіле былога настаяцеля айца Іосіфа Балюка. Па заканчэнні літургіі быў здзейснены Хрэсны ход вакол храма, вернікі акроплены святой вадой.

Традыцыйна ў гэты дзень архіепіскап Іаан разам са святарамі Пружанскага благачыння наведаў сацыяльна-педагагічны цэнтр у пасёлку Сонечны. Уладыка павіншаваў дзетак і выхавальнікаў са святам, даў усім сваё блаславенне, уручыў салодкія падарункі. Дзеці сустракалі гасцей са святочнай праграмай і таксама паднеслі свае падарункі.

Ірына Сядова. Фота pravbrest.by і spc.pruzhany.by