
І трывалым сувязным звяном у гэтым ланцужку выступаюць ваенныя камісарыяты. Як расказвае раённы ваенком Кірыл Шаўчэнка, з гэтага парога пачынаецца служба ў войсках. З улікам таго, што і ў наш час трэба неадступна мацаваць абарончую бяспеку рэспублікі, беларускія камісарыяты застануцца ў страі.
8 красавіка адзначаецца Дзень ваенных камісарыятаў
— На сваіх працоўных месцах нашы супрацоўнікі вырашаюць задачы падтрымання мабілізацыйнай гатоўнасці і камплектавання беларускага войска, удзельнічаюць у арганізацыі і ўсебаковым забеспячэнні тэрытарыяльнай абароны, адбіраюць кандыдатаў для паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы, займаюцца пенсійным забеспячэннем грамадзян, звольненых у запас, а таксама выконваюць шэраг іншых, не менш важных задач па ўмацаванні абараназдольнасці дзяржавы,— падкрэслівае Кірыл Усеваладавіч.
— Сапраўды, у такім аб’ёме абавязкаў многае залежыць ад кадравага патэнцыялу. І прыемна, што на перадавых пазіцыях у ваенным камісарыяце Пружанскага раёна надзейныя і граматныя прафесіяналы.
— З года ў год ваенны камісарыят Пружанскага раёна атрымлівае высокую адзнаку мабілізацыйнай гатоўнасці. Такі вынік — адказная і крапатлівая праца згуртаванай каманды нашага падраздзялення, для якой у прыярытэце забеспячэнне надзейнай сілы для абароны дзяржавы. Таму для функцыянавання тэрытарыяльнай абароны службовыя асобы райвыканкама сумесна з ваенным камісарыятам праводзяць шэраг мерапрыемстваў. Сярод іх — заняткі як з адказнымі спецыялістамі, так і з афіцэрамі запасу.
Пабудаваная сістэма тэрытарыяльнай абароны надзейна функцыянуе, у тым ліку і дзякуючы адладжанай рабоце калектыву РВК. У прыватнасці, у нас шырока прымяняецца фармат настаўніцтва і пераемнасці, калі новыя супрацоўнікі працуюць у шчыльнай звязцы з вопытнымі спецыялістамі. Напрыклад, я курырую работу начальніка групы тэрытарыяльнай абароны Віталія Брэчкі. Важкую падтрымку па адпаведных накірунках атрымліваюць і начальнікі мабілізацыйнай групы Сяргей Канановіч і групы прызыву Андрэй Якімовіч. Ім дапамагаюць сапраўдныя ветэраны вайсковай службы — Аляксандр Інчын і Уладзімір Кудраўцаў.
— Так выйшла, што ваша прафесійнае свята прыходзіцца на самую напружаную пару. У ваенкамаце Пружанскага раёна, зрэшты, як і ва ўсіх ваенных камісарыятах краіны, у гэтыя дні набірае звароты прызыўная кампанія і кампанія па адборы абітурыентаў у ваенныя ВНУ краіны.
— Юнакі ўжо прайшлі медыцынскі агляд. Цяпер з імі працуюць камандзіры, псіхолагі і ўрачы, якія адбіраюць кандыдатаў у падраздзяленні. Гэтай вясной на тэрміновую ваенную службу ў планах накіраваць 65 навабранцаў, якія ў далейшым будуць выконваць вайсковы абавязак у розных родах войскаў.
А яшчэ пры прыпісцы да прызыўнога ўчастку з маладымі людзьмі, якім ужо споўнілася 16 гадоў, праводзяцца гутаркі, высвятляюцца іх планы на будучыню. Дзеці атрымліваюць усю інфармацыю пра правілы паступлення ў ваенныя ВНУ, перспектывах прафесіі вайскоўца. Шмат сустрэч супрацоўнікі ваеннага камісарыята праводзяць з навучэнцамі ва ўстановах адукацыі раёна. Для дзяцей арганізуюць дэманстрацыі фільмаў на ваенную тэматыку, праводзяцца ўрокі мужнасці. Арганізуюцца сустрэчы з прадстаўнікамі ваенных навучальных устаноў. У выніку юнакі могуць пайсці як на тэрміновую, так і кантрактную службу.
— З нагоды прафесійнага свята што б Вы пажадалі сваім калегам?
— У многім наша работа падобна на руціну, дык вось жадаю, каб яна не мяняла сваю паступовую плынь. Каб наша дзейнасць не пераходзіла ў аўральны рэжым у выніку магчымых трывожных сітуацый. А яшчэ жадаю моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту і добрых планаў на будучыню.
Гутарыў Алег Сідарэнка