Среда, 19 февраля 2025

Аркестру народных інструментаў «Скамарошына» – 50 гадоў!

312

У зале дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р. Шырмы адбыўся юбілейны вечар узорнага аркестра народных інструментаў «Скамарошына». Жадаючых наведаць гэтае мерапрыемства было нямала, таму свабоднае месца знайсці было практычна немагчыма. Гэта і нядзіўна, аркестр вядомы шырокай публіцы па выступленнях у міжнародных конкурсах і фестывалях, у якіх атрымліваў дыпломы розных ступеней.

Калектыў «Скамарошына» ў канцы 70-х гадоў.

Аркестр «Скамарошына» быў утвораны ў верасні 1974 года. Заснавальнікам з’яўляецца Іраіда Багамолава, якая і стала першым кіраўніком дзіцячага калектыву. Першапачаткова група складалася з 15 чалавек. Ужо праз два гады пасля свайго заснавання аркестр з’яўляўся пастаянным удзельнікам розных фестываляў і аглядаў мастацкай самадзейнасці, дзе неаднаразова займаў прызавыя месцы. У 1992 годзе калектыву «Скамарошына» было прысвоена ганаровае званне «Узорны». Пасля 33-гадовага кіравання дзіцячым калектывам Іраіду Вітальеўну змяніла выпускніца Пружанскай школы мастацтваў і былая ўдзельніца аркестра ў гады навучання і працы Людміла Кавалевіч. З таго часу рэпертуар аркестра папаўняўся новымі творамі беларускіх кампазітараў, а таксама музыкай замежных і сучасных аўтараў. На гэты перыяд прыйшлося папаўненне басовага гурта інструментаў, а разам з гэтым працягвалася актыўная канцэртная дзейнасць.

Увесь назапашаны вопыт, а таксама індывідуальныя навыкі ўдзельнікі аркестра змаглі прадэманстраваць на канцэрце, прысвечанаму 50-годдзю калектыву. І ў іх атрымалася гэта зрабіць на самым высокім узроўні. На сцэне ў гэты дзень панаваў святочны настрой, адчувалася, што ўдзельнікі канцэрту — прафесіяналы сваёй справы. Удзел у канцэрце прыняў не толькі калектыў «Скамарошына», але і іншыя навучэнцы школы мастацтваў, якія падрыхтавалі музычныя віншаванні.

З віншавальнымі словамі выступіла галоўны спецыяліст аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Таццяна Пура, якая падкрэсліла, што аркестр «Скамарошына» з’яўляецца адной з візітных картак не толькі школы мастацтваў, але і ўсяго Пружанскага раёна. За гэты час змянілася некалькі саставаў, аднак нязменным засталіся прыгажосць, прафесіяналізм і яркі артыстызм аркестра.

Затым Таццяна Іванаўна ўзнагародзіла граматамі за шматгадовую добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм, асабісты ўклад у развіццё культуры Пружанскага раёна, і ў сувязі з 50-гадовым юбілеем узорнага аркестра народных інструментаў «Скамарошына» Іраіду Багамолаву і Людмілу Кавалевіч.

Дырэктар школы мастацтваў Юлія Сядова ўручае грамату вучаніцы Аляксандры Гусевай.

Са словамі віншавання выступіла таксама і дырэктар ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў імя Р.Р. Шырмы» Юлія Сядова, якая падзякавала ўсяму калектыву за прафесіяналізм, кіраўніку Людміле Кавалевіч за яе шматгадовую творчую працу. Таксама было адзначана, што на рэпетыцыях можна ўбачыць не толькі навучэнцаў школы, але і яе выпускнікоў, што вельмі прыемна. Ну а самым заслужанным работнікам і навучэнцам калектыву былі ўручаны граматы.

Калектыў «Скамарошына» ў 2011-2012 навучальным годзе.

Вядома, як і на любым свяце, куды ж без салодкага падарунка. У канцы мерапрыемства ўсе навучэнцы калектыву былі запрошаны паспрабаваць вялізны каравай, а таксама зрабіць сумеснае фота на памяць. «Скамарошына» — гэта школа павагі калектыўнай творчай працы, знаёмства з лепшымі ўзорамі музычнага мастацтва, мост у вялікую музыку і культуру.

Руслан Басак.

Фота Кацярыны Масік