Штогод граніцу гасціннай Беларусі перасякаюць больш за 20 млн чалавек. Першымі турыстаў сустракаюць супрацоўнікі пагранічнага кантролю. Ніхто не стане спрачацца, што іх работа патрабуе асаблівага прафесіяналізму, аператыўнасці і адказнасці.
Жыхары нашага горада змаглі асабіста ўпэўніцца, што гэтыя якасці ўласцівы брэсцкім пагранічнікам: 26 лістапада ў Палацы культуры Брэсцкая Чырванасцяжная пагранічная група імя Ф.Э. Дзяржынскага правяла інфармацыйна-прапагандысцкую акцыю для жыхароў Пружан.

— Мы наведваем ваш горад з мэтай тлумачэння дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб дзяржаўнай граніцы. Наша сустрэча носіць і прафарыентацыйны характар. Вельмі хочацца, каб пружанскія школьнікі зацікавіліся пагранічнай службай і пасля заканчэння ВНУ маглі прыйсці да нас на працу, — расказаў намеснік камандзіра вайсковай часці 2187, намеснік начальніка Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групы імя Ф.Э. Дзяржынскага падпалкоўнік Андрэй Кавалевіч.

Мерапрыемства складалася з двух блокаў: канцэрту ўзорна-паказальнага аркестра Брэсцкай Чырванасцяжнай пагранічнай групы імя Ф.Э. Дзяржынскага папярэднічаў конкурс па стральбе з пісталета Макарава. Так-так, усе прысутныя мелі магчымасць адчуць сябе, хоць крышачку, сапраўдным пагранічнікам. Жадаючых праверыць сваю трапнасць на оптыка-электронным трэнажоры і азнаёміцца з легендарным пісталетам Макарава было шмат: стварылася немалая чарга, дзе свайго зорнага часу цярпліва чакалі і хлопцы, і дзяўчаты. Прычым, апошнія зусім не дарма: пры падвядзенні вынікаў аказалася, што першае месца заняла Таццяна Андросава, серабро забрала Вераніка Калюта, а закрыў тройку лідараў Антон Сацукевіч. Лепшым стралкам былі ўручаны падарункі.

Перад канцэртам удзельнікі мерапрыемства паглядзелі відэаролік пра надзённую працу пагранічнікаў. Аўдыторыя даведалася, што Брэсцкая Чырванасцяжная пагранічная група ахоўвае ўчастак дзяржаўнай граніцы працягласцю больш за 400 км, 150 з якіх — рачны ўчастак. У яе арсенале ёсць сучасныя сродкі флоту і авіяцыі. Дзейнасць пагранічнай групы накіравана перш за ўсё на гарантаванне дзяржаўнай бяспекі. За апошнія гады брэсцкія пагранічнікі затрымалі больш за 500 парушальнікаў граніцы, выявілі больш за 2 т наркатычных сродкаў.

А яшчэ падпалкоўнік Андрэй Кавалевіч выказаў словы падзякі мясцовым жыхарам за тое, што яны аказваюць дапамогу і ў падтрыманні дзяржаўнай бяспекі, і ў ахове дзяржаўнай граніцы.

Цудоўны канцэрт падвёў рысу ўсяму паказанаму і сказанаму. У зале сабралася шмат гледачоў, і іх спадзяванні атрымаць асалоду ад музыкі спраўдзіліся. Аркестр падрыхтаваў разнастайную праграму. Са сцэны гучалі і традыцыйныя кампазіцыі, накшталт «Белавежскай пушчы», і сучасныя хіты, такія як «Любімую не аддаюць». Апошні гучаў асабліва пранікнёна: песня нібы пацвярджала, каменціравала рэальныя штодзённыя справы пагранічнай службы.

Было бачна, што, нягледзячы на цяжкую працу, пагранічнікі знаходзяць час і сілы, каб эстэтычна развівацца, і гэта, безумоўна, заслугоўвае павагі і гучных апладысментаў, якія пружанцы не забылі падарыць гасцям.
Юлія Янушка. Фота аўтара і Уладзіслава Шпарлы
Фотаальбомы з мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_288809181 і https://ok.ru/budni/album/951217769352