Вторник, 13 января 2026

Аркадзь Дзенісевіч — мастак, паэт, мастацтвазнаўца і педагог

598

Наша Пружанская зямля вельмі багатая на таленавітых людзей. Адным з такіх з’яўляецца Аркадзь Дзенісевіч — мастак, паэт, мастацтвазнаўца і педагог.

Аркадзь Мікалаевіч Дзенісевіч нарадзіўся 9 чэрвеня 1940 года ў вёсцы Вашчынічы. Скончыў Хараўскую сельскую школу. Працаваў дырэктарам Дома культуры ў Дабучыне і Калядзічах. Вышэйшую адукацыю атрымаў у 54 гады, скончыўшы Уральскі дзяржуніверсітэт імя Горкага ў Екацерынбургу. Выкладаў гісторыю сусветнай культуры ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя Пушкіна, працаваў выкладчыкам у Брэсцкай дзіцячай мастацкай школе.

Сфера інтарэсаў Аркадзя Мікалаевіча разнастайная. Перш за ўсё, Дзенісевіч — мастак. У 1959 годзе напісаў першую карціну «Паляванне на львоў» (копія работы невядомага мастака). Першыя аўтарскія творы з’явіліся ў сярэдзіне 1960-х. Усяго ім створана каля ста работ акварэллю і алеем. У апошнія гады напісаў серыю карцін, прысвечаных архітэктурным краявідам, перш за ўсё, праваслаўным храмам і царквам. Малой радзіме прысвяціў работы «Пружанская вясна», «Ясельда», «Палескі край». Адбылося некалькі персанальных выстаў. Адна з карцін мастака «Восень» упрыгожвае залу палявання Пружанскага палацыка.

Дзенісевіч вядомы таксама як афарміцель і дызайнер жылых і адміністрацыйных будынкаў. Ажыццявіў цудоўнае мастацкае праектаванне і афармленне інтэр’ераў музея «Бездзежскі фартушок», Драгічынскага ваенна-гістарычнага музея імя Удавікава, бібліятэк Брэста, Іванава, Драгічына.

Аркадзь Мікалаевіч праявіў свае здольнасці і ў навуцы. Найбольш вядомыя яго манаграфіі — «Тэндэнцыі класіцызму і рамантызму ў архітэктурным пейзажы Напалеона Орды», «Ю.І. Крашэўскі: этнаграфія, графіка, жывапіс. 200-годдзю Ю.І. Крашэўскага прысвячаецца».

Аркадзя Дзенісевіча ведаюць у лінгвістычных колах як перакладчыка з польскай на рускую і беларускую мовы. Пераклаў на беларускую мову кнігу «Крашэўскі».

Яшчэ ў школе пачаў пісаць вершы, якія набываюць усё большую папулярнасць. Выйшлі яго зборнікі «У пошуках гармоніі» і «Скарбніца жыцця».

Аркадзя Дзенісевіча можна назваць вялікім падарожнікам. Ён аб’ехаў усю Беларусь, Расію, Прыбалтыку, Славакію, Украіну, Польшчу. І дзе б ён ні быў, з-пад яго пяра і пэндзля выходзілі цудоўныя вершы і карціны.

Творчасць не ведае ні геаграфічных, ні ўзроставых межаў. Бо ў прыродзе кожнага чалавека закладзена імкненне да пазнання і самаразвіцця, да разумення прыгожага. І ўсе гэтыя якасці ўласцівыя Аркадзю Мікалаевічу Дзенісевічу.

Марына Каўтунюк, галоўны захавальнік
фондаў музея-сядзібы «Пружанскі палацык»