Четверг, 16 июля 2026

Арганізацыю работы па нарыхтоўцы кукурузнага сіласу і догляду за пасевамі азімага рапсу восенню абмеркавалі на абласным семінары-нарадзе на базе ААТ «Жураўлінае» (+многа фота)

362

На гэтым тыдні на базе ААТ «Жураўлінае» прайшоў семінар-пасяджэнне «Арганізацыя работ па нарыхтоўцы кукурузнага сіласу і догляду за пасевамі азімага рапсу ў асенні перыяд». У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўніцтва і спецыялісты Брэсцкага аблвыканкама і падведамасных арганізацый, старшыні, начальнікі ўпраўленняў па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкамаў і кіраўнікі некаторых сельскагаспадарчых арганізацый Брэстчыны.

Матывацыя — праз прэміраванне


Адкрыў семінар у Кляпацкім Доме культуры старшыня аблвыканкама Юрый Шулейка. У сваёй прамове Юрый Вітольдавіч звярнуў увагу прысутных на той момант, што з улікам надвор’я кукуруза пачала хутка сохнуць зверху, што можа прывесці да недабору кармоў. Сельгаскультура губляе вільгаць, таму галоўная задача на сёння — аператыўна ўбраць кукурузу на сілас. Для гэтай работы ў гаспадарках вобласці ёсць усё: і тэхніка, і людзі. Каб зацікавіць сельскіх працаўнікоў, кіраўнікам сельгаставарыстваў трэба іх прэміраваць, тым больш што сёлетняя ўборка даволі цяжкая і патрабуе самааддачы і немалога цярпення. Ды і пра здароўе людзей абавязкова трэба клапаціцца: яны не жалезныя і сілы ў іх, як фізічныя, так і маральныя, таксама маюць мяжу. Не забываем пра гэты аспект.

Хоць з сяўбой азімага рапсу Брэстчына справілася (усе гаспадаркі вобласці правялі яе да 22 жніўня), Юрый Шулейка настроіў удзельнікаў семінара на плённую працу і ў гэтым накірунку. Адна справа пасеяць, і другая — належны догляд. А ўвогуле азімую сяўбу, па словах Юрыя Вітольдавіча, патрэбна завяршыць да 3-5 кастрычніка, гэта аптымальны тэрмін, які дае спадзяванне на багаты будучы ўраджай.

Дыскусія на кукурузным палетку

Наступным крокам у мерапрыемстве быў пераезд на кукурузны палетак ААТ «Жураўлінае» каля МТК «Ляжайка». Тут старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч расказаў прысутным аб структуры пасяўных плошчаў і травяных кармоў нашага раёна. Бал урадлівасці пружанскіх зямель — 31,9. Вялася размова і пра нарыхтоўку кармоў, у першую чаргу, пра іх якасць. Бо ад апошняй акалічнасці залежаць і надоі малака, і яго таварнасць, і гатункі. А гэта ж грошы сельгаставарыстваў, якімі зноў жа можна стымуляваць сваіх работнікаў. Забяспечанасць раёна сянажна-сіласнымі траншэямі — 100%. Цяпер застаецца з захаваннем тэхналогій і своечасова закласці ў іх кармы.

Дырэктар ААТ «Жураўлінае» Аляксандр Пішч распавёў аб гаспадарцы: плошчы сельгасугоддзяў — 16842 га, з іх ворных — 11113 га. На тэрыторыі таварыства знаходзіцца 7 малочнатаварных комплексаў. Таварнасць малака ў параўнанні з мінулым годам павялічылася (92%), надой на карову за паўгоддзе бягучага года складае 4795 кг. Усё малако здаецца гатункам «экстра».

У бягучым годзе сельгаставарыства плануе нарыхтаваць 3300 тон сена, 61000 тон сенажу і 90000 тон сіласу. Гэтых кармоў з улікам мінулагодніх запасаў хопіць да наступнай нарыхтоўкі. Тут немалаважным фактарам з’яўляюцца якасныя паказчыкі нарыхтоўкі, без якіх разлічваць на прывагі малака не даводзіцца.

Вялася таксама гаворка як пра ранняспелыя, так і пра познаспелыя гатункі кукурузы, якія выкарыстоўваюцца для сяўбы ў гаспадарцы.

Закрануў Аляксандр Іванавіч і пытанне падрыхтоўкі і закладкі траншэй. У гаспадарцы ёсць свая кармавая лабараторыя, работнікі якой пастаянна робяць забор нарыхтаваных кармоў, той жа кукурузы на сілас, каб вымераць утрыманне вільгаці (сухога рэчыва), крухмалу, пратэіну, залення. Калі ўсё трымаецца на кантролі, тады і вынік не прымусіць сябе чакаць.

Пра навуковыя падыходы пры ўборцы кукурузы і нарыхтоўцы кукурузнага сіласу вёў таксама размову кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт РУП «НАН Беларусі па земляробстве» Мікалай Надтачаеў.

Канечне, у любой рабоце чалавечы фактар адыгрывае вялікую ролю. Але не трэба скідаць з рахунку і тэхніку, на якой даводзіцца працаваць работнікам. Калі яна спраўная, не патрабуе штодзённага рамонту, то і справа спорыцца, няма частых прастояў. Аб асаблівасцях эксплуатацыі кормаўборачных камбайнаў, іх настройкі і рэгуліроўкі расказалі прадстаўнікі ААТ «Гомсельмаш». На прадпрыемстве пастаянна ідзе мадэрнізацыя тэхнікі, якая павышае эфектыўнасць той жа ўборкі кукурузы, не забываюць і пра механізатараў: устанаўліваюцца кандыцыянеры, праводзіцца камп’ютарызацыя.

Намеснік дырэктара ААТ «Жураўлінае» па раслінаводстве Павел Чэчка правёў прэзентацыю гатункаў кукурузы, якім аддаюць перавагу ў гаспадарцы. Як адзначыў Павел Міхайлавіч, каб атрымаць якасны корм, трэба правільна правесці сяўбу кукурузы, догляд, выбраць аптымальныя для мясцовасці гібрыды. Не пакінуць па-за ўвагай падкормку азотам перад сяўбой, КАСам — пасля ўсходу. У сельгаставарыстве выкарыстоўваецца 15 гібрыдаў, тры з якіх айчыннай селекцыі. У будучым плануецца паступова пераходзіць на свае гатункі, якія, як паказвае практыка, нічым не саступаюць замежным.

Непасрэдна на МТК «Ляжайка» госці маглі назіраць за працэсам закладкі сіласу. А начальнік аддзела ветэрынарыі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Вольга Васютовіч распавяла аб арганізацыі работ па падрыхтоўцы тыпавых траншэй. Былі акрэслены і асноўныя патрабаванні да якасці пры арганізацыі закладкі травяных кармоў.

Вучыцца, пераймаць, дзейнічаць


Пасля вяртання ў Клепачы ў Доме культуры прайшло пленарнае пасяджэнне. Месца ў прэзідыуме занялі старшыня аблвыканкама Юрый Шулейка, яго першы намеснік Валянцін Зайчук, старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч і старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Анатоль Шчуплянкоў.

Перад прысутнымі выступіла доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар РУП «НАН Беларусі па земляробстве» Ядвіга Пілюк. Яна вельмі падрабязна распавяла пра навуковыя падыходы да выканання асноўных патрабаванняў па доглядзе за пасевамі азімага рапсу ў асенні перыяд. Звярталася ўвага на тое, што пры сяўбе рапсу патрэбна ўлічваць урадлівасць ворыўных зямель, прытрымлівацца тэхналогіі вырошчвання, абавязкова ўносіць мінеральныя ўгнаенні. Трэба прымяняць стымулятары росту, каб расліна добра перанесла зімоўку. І канечне, праводзіць хімпраполку рапсу ад шкоднікаў. У сукупнасці ўсё ўплывае на ўраджайнасць сельгаскультуры.

Інфармацыю аб гатоўнасці кормаўборачных камбайнаў да нарыхтоўкі кукурузнага сіласу і арганізацыі работ у гэтым напрамку ў бягучым годзе давёў да ведама прысутных старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Анатоль Шчуплянкоў. Вялася гутарка і аб праблемных сельскагаспадарчых арганізацыях у частцы нарыхтоўкі травяных кармоў на зімова-стойлавы перыяд 2022-2023 гг., шукалі шляхі выйсця са складанай сітуацыі разам са старшынямі райвыканкамаў. Таксама заслухалі інфармацыю аб абследаванні месцаў захоўвання плодаагародніннай прадукцыі (стабілізацыйных фондаў) у міжсезонны перыяд 2023/2024 гг. і іх атэстацыі.

Старшыні кожнага з райвыканкамаў Брэстчыны давалі справаздачу па пытаннях, якія ўзнікалі падчас пасяджэння па іх рэгіёнах.

Галоўнае, як заўважыў старшыня аблвыканкама Юрый Шулейка, каб такія мерапрыемствы прыносілі практычную карысць, а не заставаліся пустым гукам: прыехалі, пагаварылі і раз’ехаліся. Заўсёды трэба браць на ўзбраенне нешта новае, не баяцца вучыцца — тады і праблем будзе менш, а калі яны і ўзнікнуць, то лягчэй вырашацца.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы з семінара-нарады: https://vk.com/album-23306785_295941336 і https://ok.ru/budni/album/966879597960