Што прываблівае моладзь? Атмасфера нефармальных зносін, дзе кожны мае шанец поўнай самарэалізацыі. Штуршок да выяўлення моцных і слабых бакоў свайго характару, набыцця ўпэўненасці ва ўласных сілах. Магчымасць зарабіць, не маючы адпаведнай спецыяльнасці, плюс прынесці карысць грамадству.
Усё гэта хлопцам і дзяўчатам прапануюць студатрады, якія ствараюцца пад эгідай БРСМ. На Пружаншчыне яны пачалі працаваць яшчэ ў красавіку. З пачаткам летніх канікул маштаб праводзімай дзейнасці істотна павялічыцца.
Як паведаміла першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Ульяна Апаляйчук, сёлета прыкладна 300 падлеткаў будуць працаўладкаваны ў розныя арганізацыі нашага раёна.
Хутка маладых людзей у свае шэрагі прымуць калектывы КУВП «Камунальнік» і Пружанскага кансервавага завода. На першае прадпрыемства прыйдуць 45 членаў маладзёжнай арганізацыі, якія ў розны час з пачатку чэрвеня да сярэдзіны ліпеня ў складзе трох студатрадаў будуць займацца ўборкай тэрыторыі, пасадкай кветак, афарбоўкай, праполкай і падобнымі відамі працы. На кансервавым заводзе з пачатку чэрвеня па канец ліпеня будуць працаваць 40 падлеткаў, якія сфарміруюць чатыры студэнцкія атрады.
Таксама чакаюць маладых людзей у гаспадарках Пружанскага раёна. Сельскагаспадарчыя работы прапануюць ААТ «Пружанскае», «Жураўлінае», «Ліноўскае», «Ружаны-Агра», «Шані-аграпрадукт», філіял «Айчына» ААТ «Белавежскі».
З ліпеня РУП «Брэсцкая абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя НАН Беларусі» і ААТ «Пружанскі райаграсэрвіс» запрашаюць зацікаўленых выканаць шэраг сельскагаспадарчых работ.
Гатовы падзяліцца вопытам у ДЛГУ «Пружанскі лясгас» (пасадка дрэваў), КУСП «Брэсцкая абласная праектна-вышукальная станцыя хімізацыі» (адбор глебавых узораў) і ААТ «Пружанскі льнозавод» (сельскагаспадарчыя работы).
Жаданне працаваць у вольны час маладыя людзі павінны ўзгадніць з бацькамі, а таксама паклапаціцца пра даведку аб стане здароўя. Варта адзначыць, што па існуючым заканадаўстве ў студэнцкім атрадзе працуюць мінімум дзесяць дзён, а тыя, хто захоча, змогуць затрымацца на прадпрыемствах даўжэй.
Ну, і самы важны нюанс, які хвалюе падлеткаў: колькі ж грошай будуць атрымліваць? Тут усё залежыць ад працадаўцы і віду выконваемых работ. Але можна сказаць, што прыблізная сума заработнай платы будзе эквівалентна 200 руб.
Калі ў вас з’явілася жаданне далучыцца да студатрадаўскага руху, звяртайцеся ў раённы камітэт ГА «БРСМ» па нумары 4-47-14 або да педагога-арганізатара сваёй установы адукацыі. Там жа вы зможаце атрымаць адказы на ўсе хвалюючыя пытанні.Час працаўладкавацца яшчэ ёсць, паспейце карысна правесці лета!
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік, носіць ілюстрацыйны характар