Пятница, 14 июня 2024

Гімназіст Арцём Абрамчук сярод лепшых знаўцаў хіміі ў краіне

391

Традыцыйна канец мая ў сферы адукацыі — час падвядзення вынікаў за мінулы навучальны год. Цяперашні выдаўся асабліва ўраджайным. 67 вучняў вобласці па выніках трох этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах атрымалі дыпломы рознай ступені, 47 педагогаў узнагароджаны ганаровымі граматамі. У абласным цэнтры адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння прэмій пераможцам заключнага этапу і настаўнікам, якія падрыхтавалі іх. На вяршыню пастамента узняўся і вучань гімназіі г. Пружаны Арцём Абрамчук.

Поспехі і дасягненні вучняў, безумоўна, вялікая заслуга іх настаўнікаў. А калі педагог, глыбока ўлюбёны ў свой прадмет, умее зацікавіць, сабраць вакол сябе аднадумцаў, тады і вынік відавочны. Як правіла, вучням спачатку падабаецца сам настаўнік, яго талент і мастацтва выкладання, а потым ужо сам прадмет. Такім мастацтвам валодае педагог з вялікай літары Людміла Іванаўна Амельянчук. На працягу 40 гадоў — нязменны настаўнік хіміі Пружанскай гімназіі.

— За гэты час у мяне было некалькі сапраўды таленавітых вучняў, усіх памятаю пайменна. Хімія дастаткова цікавы і ў той жа час складаны прадмет, спачатку ёю захапляюцца многія, але потым далёка не ўсе спраўляюцца з нагрузкай. Яна патрабуе дакладнасці і скрупулёзнасці. А тыя вучні, хто сапраўды «падсеў» на вопыты і лабараторныя распрацоўкі, дасканала вывучаюць прадмет і дасягаюць вялікіх поспехаў. З імі заўсёды цікава працаваць і хочацца даць яшчэ больш ведаў, — падкрэслівае настаўніца. — Мая выпускніца Яна Дыба скончыла хімічны факультэт БДУ і зараз узначальвае аддзел прамысловасці, будаўніцтва і прыродных рэсурсаў упраўлення гандлю, аграпрамысловага комплексу, прамысловасці, будаўніцтва і прыродных рэсурсаў у Мінску. Таксама памятаю Аляксандра Бандацкага, які стаў выдатным урачом, зараз працуе хірургам у Пінску. Наогул, шмат маіх выпускнікоў звязалі сваё жыццё з медыцынай. Калі бачу такія вынікі, то шчыра ганаруся сваімі вучнямі і разумею, што працую недарма.

Школьны настаўнік, кожны ў сваёй сферы, заўсёды імкнецца захапіць вучняў сваім прадметам, выкладаецца, што называецца, па максімуме, сумленна адносіцца да сваіх прафесійных абавязкаў. Пры гэтым важна падтрымліваць адораных дзяцей, своечасова распазнаваць іх будучы патэнцыял. Але педагогі толькі задаюць вектар руху ў патрэбным накірунку, а вось як скарыстацца гэтымі ведамі, вырашаюць ужо самі вучні. Арцём Абрамчук, сёлетні выпускнік, з першых урокаў хіміі пачаў штудзіраваць новы прадмет і з часам так захапіўся, што ў далейшым вырашыў звязаць з ім будучую прафесію і пайсці па шляху любімага педагога, а можа і больш — стаць выкладчыкам ва ўніверсітэце.

— Я ўжо трэці год запар з’яўляюся пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па хіміі. У сёлета ўзнагароджаны дыпломам ІІІ ступені, чаму вельмі рады, але разумею: ёсць куды імкнуцца. З новага навучальнага года ў мяне будзе больш часу яшчэ глыбей вывучаць гэтую займальную навуку, бо я ўжо з’яўляюся студэнтам хімічнага факультэта БДУ, куды залічаны без уступных іспытаў.

Такія поспехі не прыходзяць самі па сабе. З сёмага класа Арцём наведваў дадатковыя заняткі па хіміі, што значна пашырала яго кругагляд і дало больш магчымасцей для паглыбленага вывучэння любімага прадмета. Дома ў яго знаходзіцца міні-лабараторыя з усім наборам колбачак і прабірак, дзе ён праводзіць уласныя вопыты і замацоўвае веды, атрыманыя на ўроках. Таму на алімпіядах у яго не было праблем з практычнымі заданнямі. Арцём марыць у наступным годзе таксама прыняць удзел у алімпіядзе, але ўжо ў якасці складальніка заданняў і члена журы. Юнак падзяліўся з намі яшчэ адным сакрэтам. Ён спадзяецца зрабіць прарыў у навуцы і верыць, што яго будучыя распрацоўкі ў галіне хіміі дапамогуць папоўніць спіс жыццёва важных лекаў, якія так неабходны ў барацьбе з цяжкімі хваробамі.

— Арцём шмат чым захапляецца, — падкрэслівае настаўніца. — Усюды паспявае. Некалькі гадоў таму скончыў музычную школу па класе баяна, з’яўляецца ўдзельнікам узорнага баяннага аркестра «Імпрэс» ДШМ імя Р.Р. Шырмы. Таксама па выніках конкурсу «Гімназіст года-2024» сярод 8-11 класаў ён стаў пераможцам, раскрыў усе свае таленты і магчымасці, у тым ліку паказаў займальныя хімічныя вопыты, якія, безумоўна, здзівілі публіку і журы.

Людміла Іванаўна абсалютна ўпэўнена: з такой працавітасцю і жаданнем прыносіць карысць грамадству яе вучань абавязкова дасягне пастаўленых мэт і праславіць не толькі родны горад, але і ўвесь першы рэгіён.

Ірына Велясевіч. Фота Кацярыны МАСІК