Четверг, 16 января 2025

«Аранчыцкая птушкафабрыка» перамагае ў рэспубліканскіх конкурсах, плануе супрацоўніцтва з італьянцамі і адкрыццё новага цэху

698

Ну, хто з нас не спрабаваў такую простую, але смачную страву, як яечня, ды яшчэ са скваркамі! Смаката, а пах які! Для аўтара гэтых радкоў гэта наогул быў пачатак кулінарства: сам змог прыгатаваць ды з задавальненнем з’есці. Тым больш што звыклае для нас яйка валодае немалой колькасцю карысных уласцівасцей і з’яўляецца адным з самых пажыўных прадуктаў на планеце. Яйка зніжае рызыку сардэчных захворванняў, утрымлівае карысныя для вачэй антыаксіданты. І заўважце, гаворка ўсяго толькі пра курыныя яйкі, вытворчасцю якіх займаецца і наша ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка». Як сябе адчуваюць курачкі, ці добра нясуцца — аб гэтым і не толькі паразмаўлялі з дырэктарам таварыства Аляксандрам Камісаруком.

— Аляксандр Уладзіміравіч, усім вядома, што кожнаму прадпрыемству даводзіцца план на год па вытворчасці. Як спрацавала птушкафабрыка ў 2022-ім?

Сартавальніца Святлана Парэчына займаецца аваскапіраваннем (прасвечваннем) яек, каб на сталы спажыўцоў трапляла толькі якасная прадукцыя.

— У 2022 годзе змаглі звыш плана павялічыць колькасць птушкі — цяпер гэта 291 тысяча галоў (111 %), у тым ліку нясушак налічваецца 231 тысяча. Адсюль, канечне, і павышаная валавая вытворчасць яек — 69673 тыс. штук пры плане 60000 (116 %). Дарэчы, на адну нясушку прыходзіцца за год мінулы 304 яйкі (план быў 290). Патрэбны догляд і трывалая кармавая база — таксама немалаважны фактар у нашай справе. Калі гаварыць пра рэалізацыю нашай прадукцыі, то тут, акрамя ўнутранага рынку, арыентуемся таксама і на экспарт: за мяжу адправілі 20800 тыс. штук яек (172% да плана). Не пакідаем па-за ўвагай і абнаўленне пагалоўя птушкі. У мiнулым годзе закупілі 120 тыс. сутачнага маладняку. Бо яйцаноскасць у любым выпадку з узростам птушкі зніжаецца. Зноў з’явілася ў нас чырвоная птушка, якая будзе несці прыгожыя залацістага колеру яйкі. Заклад на год бягучы зроблены. Будзем спадзявацца, што ён стане не менш паспяховым у плане прыбытку. Дарэчы, надаём пільную ўвагу бяспецы на птушкафабрыцы з нагоды птушынага грыпу, таму працуем у закрытым рэжыме.

Пра аператара ліній яйцасартавальных машын Паўла Іванаўскаса кіраўніцтва птушкафабрыкі гаворыць так: без яго — як без рук.

— Ці задаволены Вы цяперашнім фінансавым станам таварыства?

— Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг за 11 месяцаў мінулага года склала 12067 тыс. руб. (пры заданні 12000 — 101%). Прыемна, што спрацавалі з прыбыткам: 502 тыс. руб., або 167% да задання. Выйшлі на чысты прыбытак у 397 тыс. руб. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ і паслуг склала 4,8% пры заданні 2,9%, продажу — 4,2% ( заданне — 2,5%). Зыходзячы з гэтых паказчыкаў, павысілася і заработная сярэднямесячная плата, за 2022 год яна складала 1171 рубель (107% да задання). Ёсць заробак — будзе каму і працаваць. Колькасць работнікаў на сёння — 135, але людзі і па сёння прыходзяць з пытаннем, ці ёсць вакантныя месцы на птушкафабрыцы.

У яйцасартавальным цэху за змену пакуецца ад 170 да 180 тыс. яек. Тут працуюць адказныя і працавітыя работнікі: сартавальніцы Надзея Гоман, Марына Макоўская, Наталля Шаўкун, трактарыст па адвозе яек Андрэй Данілюк, начальнік цэха Вольга Маргунова.

— Наколькі зладжаны калектыў працаўнікоў у таварыстве? Як стымулюецца іх работа?

— Што да людзей, то тут скажу адназначна: з імі можна не толькі будаваць планы на будучае, але і ўвасабляць у жыццё. Работнікі падабраліся ў большасці працавітыя, адказныя, ініцыятыўныя. Калі кожны перажывае за свой участак работы, значыць, яму неабыякава тое, чым жыве само прадпрыемства, яго перспектывы ў развіцці. Такі калектыў не падвядзе, у цяжкую мінуту падтрымае.

У сваю чаргу, кіраўніцтва птушкафабрыкі на пастаяннай аснове дае транспарт для падвозу працаўнікоў раніцай, вечарам. На абед таксама людзей падвозяць, хаця ў нас ёсць і свой пакой для прыёму ежы і фірменны магазін, дзе можна набыць усе прадукты харчавання, у тым ліку і нашы смачныя яйкі. Праводзяцца страхавыя выплаты, калі неабходна.

Па калектыўным дагаворы не абдзяляем увагай і падарункамі сваіх работнікаў з нагоды прафесійнага свята, на Новы год, Дні маці і бацькі. Штогод восенню работнiкi атрымлiваюць дапамогу на пакупку агароднiны.

Што датычыцца пенсіянераў, якія не працуюць, то ім даём ільготы пры пасадцы бульбы, забяспечваем сенам і саломай тых, хто трымае карову. Аказваецца спонсарская дапамога.

Дырэктар ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка» Аляксандр Камісарук упэўнены: галоўнае — старанне, і ўзнагароды будуць.

— Якімі ўзнагародамі пахваліцеся?

— Удзельнічалі ў конкурсе «Прадукт года 2022. Выбар спажыўца», у якім атрымалі Гран-пры-пераможцы ХХІV рэспубліканскага конкурсу спажывецкіх пераваг у намінацыі «Яйка». Лепшай была названа гандлёвая марка «Вясковае яйка».

— Падзяліцеся, калі ласка, Аляксандр Уладзіміравіч, планамі на будучыню.

— Хацелася б пабудаваць новы птушнік, каб распачаць рэканструкцыю старых. Італьянцы, якія плануюць адкрываць сваю вытворчасць у Маларыце, арыентаваную на мучныя вырабы, цікавіліся нашай прадукцыяй. Пакуль чакаем ад іх адказу. Плануем адкрыць меланжавы цэх: яйкі без шкарлупіны будуць упакоўвацца ў поліэтыленавыя пакеты па 10 кг. У больш далёкіх планах рэканструкцыя кармацэха. Спіс можна яшчэ працягваць, але трэба быць рэалістам: пачынаць з першачарговага.

Прадавец Святлана Ільіч шчыра запрашае па карысныя і смачныя яйкі ў фірменны магазін на тэрыторыі птушкафабрыкі.

Працягваем вывучаць рынак збыту. Не так даўно заключылі дагавор на пастаўку сваёй прадукцыі ў ААТ «Берасцейскі пекар».

— Жадаем Вам і Вашаму калектыву ў бягучым годзе стабільнасці, упэўненасці ў заўтрашнім дні. Каб птушынае царства радавала яйцаноскасцю, а пакупнікі прадукцыі птушкафабрыкі заўсёды былі задаволены якасцю яек.

Гутарыў Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік