Самы цёплы і чаканы час года, перыяд, на які прыпадае найбольшая колькасць адпачынкаў у дарослых, і самыя працяглыя канікулы ў дзяцей. А яшчэ дні, напоўненыя шматлікімі паездкамі, экскурсіямі, канцэртамі, адкрыццямі і знаёмствамі. Усё гэта пра лета!
Яно чамусьці заўсёды пралятае вельмі хутка, але ўспаміны пра цёплы сезон застаюцца, як правіла, надоўга. Менавіта сёння, 31 жніўня, апошні летні дзень. Напярэдадні яго мы пацікавіліся ў гараджан і не толькі, чым ім запомніўся летні сезон, якімі словамі яны б апісалі яго, пра што расказалі б у сачыненні «Як я правёў лета» і ці захацелася б ім пражыць лета-2024 яшчэ раз.
Дзмітрый і Вікторыя Ліцкевічы з сынам Аляксандрам і дачушкай Дар’яй, г. Пружаны:
— Гэтае лета было для нашай сям’і гарачым, яркім і вясёлым. Усё таму, што ў абодвух дзетак менавіта на лета прыпадаюць дні нара-джэння, а гэта заўсёды свята. Усім хапіла часу на адпачынак: мы, дарослыя, пабывалі на моры ў Турцыі. Сын і дачка адпачывалі ў бабулі ў Шанях і ў бабулі з дзядулем у Пружанах. Канечне, усёй сям’ёй пабывалі на «Вытоках». Там, дарэчы, давалі інтэрв’ю спартыўным журналістам, а сын паспрабаваў сілы ў «Алімпійскім квэсце». Ездзілі ў Белавежскую пушчу і на Паперню. Словам, лета-2024 атрымалася незабыўным, таму з задавальненнем пражылі б яго яшчэ раз!
Мікіта Власко, г. Пружаны:
— Як магу ахарактарызаваць лета адным словам? Прадуктыўнае! Паспеў пабыць і валанцёрам на «Вытоках», і папрацаваць у Купліне. Было цяжкавата рана ўставаць, але гэтым летам па-сапраўднаму ацаніў, што такое праца ў полі, пад гарачым сонцам. Мы збіралі клубніцы і маліну, садзілі перац і не толькі. За першыя самастойна заробленыя грошы набыў iPhone. Лета заканчваецца, але і восень, упэўнены, будзе цікавай, як і навучанне ў 10-ым класе. Думаю, што наперадзе нямала новых знаёмстваў і сустрэч.
Міхаіл, г. Пружаны:
— Лета запомнілася… любімай работай! Я — повар у бары «БАР.ДАК», зараз з калегамі складаем новае меню. Чатыры месяцы як прыйшоў з арміі. З’яўляюся баксёрам. Раней, жывучы ў Маскве, трэніраваўся ў акадэміі бокса пры алімпійскім камітэце. Зараз наведваю трэнажорную залу ў Водным палацы. Яна, па сутнасці, мой другі дом. Прыемна трэніравацца і на новай варкаут-пляцоўцы, што з’явілася напярэдадні «Вытокаў». Там, дарэчы, ёсць трэнажор граветрон, які дапаможа тым, хто не ўмее падцягвацца. Прапагандую здаровы лад жыцця, прыемна бачыць на новай пляцоўцы і моладзь, і людзей ва ўзросце. Многія просяць паказаць тыя ці іншыя практыкаванні, што з радасцю раблю. Увогуле, той, хто займаецца спортам, больш ярка мысліць. Многа ўражанняў пакінуў рок-фестываль. Так што лета было спякотным, вясёлым, спартыўным і насычаным.
Марына з сынам Максімам,в. Новыя Засімавічы:
— Выбрацца ў далёкую паездку летам не атрымалася, ды і навошта, калі дома лепш? У Пружанах жа ёсць цудоўнае возера. Не даюць засумаваць работы ў агародзе. Удосталь паелі сваіх клубніц. Вельмі ўраджайнае выдалася лета на памідоры! Ужо зрабілі запасы на зіму, на чарзе — таматная паста і сок, робім і салаты. Вельмі люблю спякоту, а свабодны час стараюся праводзіць з сынам. Запомніцца лета «Вытокамі» і «Сонцастаяннем». Добра, што ў нашым горадзе ладзяць мерапрыемствы такога маштабу. Наперадзе — новы навучальны год, Максім пойдзе ў другі клас Параслянскай СШ. У нас вельмі добрая настаўніца — Таццяна Мікалаеўна Пракопчык. А лета застанецца ў памяці. Галоўнае, каб у нашай цудоўнай краіне панавалі спакой і згода.
Таццяна Аляксандраўна, г. Пружаны:
— Гэтае лета я б з радасцю пражыла зноў, хоць яно выдалася напружаным. Праводзіла час у асноўным на працы. З’яўляюся медсястрой-анестэзістам у рэанімацыі пружанскай бальніцы. Мая місія — дапамагаць людзям. Нядаўняя аварыя пад Стараволяй якраз выпала на маю змену. Хочацца пажадаць, каб такіх здарэнняў у нашым раёне больш не было. Дзякуючы сястры, якой дзеці падарылі паездку ў Венецыю, віртуальна, з дапамогай фота, пабывала гэтым летам там і я. Асабіста ж удалося наведаць фестываль «Вытокі». На «Сонцастаянне» трапіць не атрымалася, пастараюся выправіцца летам 2025-га. Хочацца, каб усе пружанцы, вашы чытачы і нашы пацыенты, бераглі здароўе. Тады ўсё ў нас будзе добра, і любое лета, восень, зіма ці вясна будуць яркімі і запамінальнымі!
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік