1 снежня на базе СДЮШАР адбылася міжраённая спартландыя сярод людзей з інваліднасцю пад дэвізам «Спартыўнаму руху – наша павага!». Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Пружанскі ТЦСАН, РФСК «Мухавец» і гарадскі Палац культуры, а ўдзельнікамі – наведвальнікі аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў пры Камянецкім і Пружанскім тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Адказнасць судзейства ўзялі на сябе дырэктар Пружанскага ТЦСАН Нэлі Педчанка і кіраўнік Пружанскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба «Мухавец» Вікторыя Шаманава.
Камянецкая каманда назвалася «Дынаміт», пружанцы абралі назву «Аптымісты», капітанамі сталі спецыялісты аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў Наталля Карасінская і Таццяна Лаўрыновіч.
Арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі 12 разнапланавых эстафет, дзе каманды супрацьстаялі ў традыцыйных відах спорту і нетрадыцыйных спаборніцтвах. Так, напрыклад, у эстафеце «Рамонак» удзельнікі выкладвалі пялёсткі вакол стрыжня кветкі, а на завяршальным этапе спартландыі «Абіраем спорт!» на хуткасць шукалі карцінкі, выява якіх была звязана са спортам.
Перад кожнай эстафетай дзяўчынкі-валанцёры з СШ № 5 дэманстравалі яе правільнае праходжанне, што было зручна як камандам, так і балельшчыкам: сярод апошніх таксама было многа людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Адбывалася сапраўднае спартыўнае свята! Кожны з яго ўдзельнікаў імкнуўся хутка і якасна выканаць заданне, шчыра радаваўся поспехам адзін аднаго і падтрымліваў у выпадку няўдачы – у зале панавала атмасфера добразычлівасці.
Каб зрабіць мерапрыемства разнастайным і даць магчымасць журы падвесці прамежкавыя вынікі, гучалі цудоўныя песні ў выкананні Дар’і Феранец, Віталіны Бортнік і Ганны Кавальчук, пад якія ўдзельнікі каманд і гледачы маглі і патанцаваць.
З самага пачатку спартландыі мы сачылі за напружаным саперніцтвам. Па выніках першых эстафет лідзіраваў «Дынаміт», але потым «Аптымісты» пачалі вырывацца наперад. І па выніках конкурснай праграмы дзве каманды набралі аднолькавую колькасць балаў. Перамагло сяброўства!
Нэлі Педчанка адзначыла стараннасць усіх удзельнікаў спартландыі, пажадала здароўя і дабра, выказала спадзяванні на тое, што такія мерапрыемствы будуць ладзіцца часцей, і падзякавала камянчанам за сустрэчу.
– Сёння вы падарылі выдатны настрой і шмат аптымізму не толькі сабе, але і балельшчыкам, якія вас актыўна падтрымлівалі, – дадала Вікторыя Шаманава.
Напрыканцы граматамі за актыўны ўдзел у развіцці інваспорту былі ўзнагароджаны Пружанскі і Камянецкі ТЦСАН. Таксама памятныя прызы атрымаў кожны ўдзельнік мерапрыемства. А потым усе прысутныя адправіліся на экскурсію ў Пружанскі палацык. Завяршылася міжраённая сустрэча чаяваннем і салодкім сталом.
Юлія Янушка. Фота аўтара
Фотаальбомы з мерапрыемства: https://vk.com/album-23306785_288958253 і https://ok.ru/budni/album/951384599432