Суббота, 5 октября 2024

Аповед пра жыццёвы, франтавы і прафесійны шлях жанчыны-легенды, следчага Тамары Салаўёвай

406

Калі знаёмішся з жыццёвым шляхам тых, хто прайшоў горан Вялікай Айчыннай вайны, то не можаш застацца раўнадушным. На працягу амаль пяці гадоў штодзённа пераадольваць страх смерці, адчуваць боль страты блізкіх і таварышаў… Якую волю і высокі дух трэба мець, каб гэта вытрымаць і не зламацца? Як выказаўся паэт Мікалай Ціханаў, з такіх «стальных» людзей можна было б рабіць самыя моцныя цвікі.

У пасляваенны час франтавікі вярталіся да цывільнага жыцця, працавалі і служылі ў розных сферах эканомікі і грамадскіх адносін. Адна з такіх людзей — Тамара Паўлаўна Салаўёва, якая нейкі час на пачатку 1960-х гадоў выконвала абавязкі следчага Ружанскай, а затым Пружанскай пракуратур. Мы адшукалі звесткі пра жыццёвы, франтавы і прафесійны шлях гэтай неардынарнай жанчыны.

У 1939 годзе ў 18-гадовым узросце Т.П.Салаўёва стала загадчыцай сельскай бібліятэкі. Здаецца, у такой мірнай прафесіі можна было правесці ўсё жыццё, але ў лёс жанчыны ўмяшалася спачатку савецка-фінская, а потым Вялікая Айчынная вайна. У 1939 годзе Тамара добраахвотнікам уступіла ў РККА з групай дзяўчын-сандружынніц.

У асабовым лістку па ўліку кадраў, які захоўваецца ў архіве пракуратуры Брэсцкай вобласці, рукой Тамары Паўлаўны зроблены запіс аб тым перыядзе жыцця: «РККА. 13-я армія, фронт — Карэльскі перашыек, в/ч 632, намеснік камандзіра па палітычнай частцы».

Сціпла? На самай справе жанчына ў саставе лыжнага батальёна процістаяла ворагу, стаўшы снайперам, і паралельна ёй давялося падчас баёў выносіць з-пад агню параненых. За гэта атрымала медаль «За баявыя заслугі» з рук самога М.І.Калініна ў Крамлі.

У 1940 годзе пасля дэмабілізацыі яна пераехала ў Пінск, дзе ўзначаліла аддзел прапаганды ў абкаме ВЛКСМ, працавала інспектарам па кадрах. Там яе і застала Вялікая Айчынная вайна: 23 чэрвеня 1941 года Тамара Салаўёва была прызвана Пінскім гарваенкаматам.

І зноў у кароткіх біяграфічных радках не апісваюцца гераічныя ўчынкі гэтай жанчыны, вядома толькі, што яна «ўдзельнічала ў баях на Заходнім, Калінінскім, Прыбалтыйскім і Ленінградскім франтах. Тройчы паранена. За заслугі перад Радзімай у дні Вялікай Айчыннай вайны ўзнагароджана ўрадавымі ўзнагародамі».

У розных крыніцах мы шукалі больш дэталёвую інфармацыю. Устанавілі, што ў 1942-43 гадах Тамара Салаўёва — санінструктар і разведчыца ў саставе 1117-га стралковага палка, з ліпеня 43-га — санінструктар у 1022-м самаходным артылерыйскім палку, з 1944 і да Перамогі ваявала на Другім Прыбалтыйскім фронце ў 241-м асобным батальёне ўрадавай сувязі войскаў НКУС.

Ды як ваявала: за час вайны яна атрымала 14 дзяржаўных узнагарод. За ўдзел у разведцы ў глыбокім тыле ворага, калі 18 сутак разам з таварышамі вяла назіранне за праціўнікам і збірала каштоўныя звесткі, Тамара Салаўёва была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені. За выратаванне цяжка параненага камандзіра, якога фашысты спрабавалі ўзяць у палон, — ордэнам Айчыннай вайны I ступені. Нягледзячы на ўласнае раненне, пад прыцэльным агнём ворага Тамара дапаўзла да параненага і даставіла яго ў бяспечнае месца.

Увогуле Тамары Паўлаўне абавязаны жыццём больш за 60 салдат і камандзіраў, за што яна ўзнагароджана двума ордэнамі Чырвонай Зоркі. Сярод іншых узнагарод — медалі «За адвагу», «За абарону Ленінграда», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», два медалі «За баявыя заслугі», шэраг юбілейных медалёў.

Апалены вайной лёс адважнай дзяўчыны, не раз параненай на фронце… Няўжо яго можна назваць лёгкім? Няўжо не было ў яе жаданняў, уласцівых усім дзяўчатам у яе ўзросце: сустрэць свайго адзінага і стварыць з ім сям’ю?

Можна толькі выказаць здагадку, што там, на фронце, яна перажыла вельмі моцнае каханне. Рукой Тамары Паўлаўны ў аўтабіяграфію занесены такі запіс: «Муж — Жаркоў А.І., загінуў у 1943 годзе на фронце».

Адзін радок, у якім цэлае жыццё… Пасля вайны замуж яна больш не выйшла.

У 1945 годзе Тамара Паўлаўна вярнулася ў Пінск, працавала начальнікам аргаддзела аблпрамсаюза. Неўзабаве ў яе жыцці адбылася яшчэ адна падзея. Калі ёй самой было 24 гады, Тамара Салаўёва ўсынавіла траіх дзяцей з дзіцячага дома. У «Кнізе народнай славы» пракуратуры Брэсцкай вобласці пазначана, што з усіх сваіх выхаванцаў жанчына вырасціла годных грамадзян.

У 1948 годзе Т.П.Салаўёва вырашыла ў чарговы раз змяніць сваё жыццё карэнным чынам і стала слухачкай Мінскай юрыдычнай школы, пасля заканчэння якой служыла памочнікам пракурора Пінскай вобласці, памочнікам пракурора Драгічынскага раёна, следчым Целяханскага, Ружанскага і Пружанскага раёнаў Брэсцкай вобласці. У 1959 году завочна скончыла юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1965 года — памочнік пракурора Івацэвіцкага раёна. З гэтай пасады ў 1976-м выйшла ў адстаўку.

Дакументы, сабраныя ў асабістай справе Т.П.Салаўёвай, пацвярджаюць высокі прафесіяналізм гэтай жанчыны, якая і ў мірны час змагалася за справядлівасць. Тамара Паўлаўна неаднаразова заахвочвалася Генеральным пракурорам СССР, пракурорамі Беларускай СССР і Брэсцкай вобласці. Ёй было прысвоена званне «Заслужаны юрыст Беларускай ССР».

Не стала Т.П.Салаўёвай ў 1985 годзе…

Падрыхтавала Вераніка Манец, памочнік пракурора раёна. Фота з архіваў