Ох, ужо гэтыя апошнія званкі! Кожны год яны нясуць надзею выпускнікам на светлае і шчаслівае будучае і ў той жа час агортваюць сумам ад расставання з роднай школай, настаўнікамі, якія ўкладвалі ў іх душу, давалі веды, вучылі чалавечнасці. Не стаў выключэннем і год 2023. Па ўсёй краіне свята апошняга званка для вучняў 9-х і 11-х класаў прайшло 25 мая. Прыгожа і ў той жа час урачыста было наладжана яно і ў ДУА «Навасёлкаўская сярэдняя школа Пружанскага раёна».

Першымі віталі выпускнікоў, іх бацькоў і гасцей вядучыя — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Грышкевіч і выхавальніца дашкольнай адукацыі Алена Пракаева. Потым на ўрачыстую лінейку былі запрошаны выпускнікі 11 класа — шэсць хлопчыкаў і дзве дзяўчынкі. Пасля падняцця Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь прагучаў Дзяржаўны гімн. Прыемна было глядзець на піянераў, якія ў гэты момант салютавалі сваёй роднай Беларусі за мірнае неба і спакойнае дзяцінства.

Пачэснымі гасцямі на свяце былі старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч і начальнік аддзела па адукацыі Ірына Казарэз. Міхаіл Міхайлавіч адзначыў, што ў Навасёлкаўскай школе ёсць усё неабходнае для таго, каб атрымаць трывалыя веды, развіць свае творчыя і фізічныя здольнасці. Тут працуюць профільныя і аграрныя класы, навучанне ў якіх спрыяе вызначэнню з будучай прафесіяй. Адметна, што вучні школы пастаянна заяўляюць пра сябе на абласных і рэспубліканскіх конкурсах.

Старшыня райвыканкама, звяртаючыся да выпускнікоў, папрасіў, каб яны не забывалі родную навучальную ўстанову, цанілі сваіх настаўнікаў, якія стараліся выхаваць іх сапраўднымі людзьмі. Міхаіл Грышкевіч пажадаў маладым людзям заўжды быць патрыётамі сваёй Радзімы, ніколі не спыняцца на дасягнутым і памятаць, што Беларусь — гэта краіна, дзе можна рэалізаваць сябе ў поўнай меры, было б толькі жаданне.

Апошнім акордам у выступленні Міхаіла Міхайлавіча стала ўручэнне падарунка школе — тэлевізара.
Звярнулася да маладых людзей і дырэктар Навасёлкаўскай школы Наталля Лаптановіч:

— Мы, настаўнікі, хочам пажадаць вам, дарагія выпускнікі, гладкай жыццёвай дарогі, сапраўдных сяброў, удачы і самых лёгкіх іспытаў! Будзьце ўпэўнены ў сабе і ў сваіх ведах, заставайцеся вернымі свайму сэрцу і жывіце па прынцыпах гуманізму! — пажадала Наталля Мікалаеўна і зачытала загад аб допуску выпускнікоў да экзаменаў, а таксама ўручыла граматы навучэнцам 9-х і 11-х класаў за поспехі ў вучобе і прыкладныя паводзіны.

Цёплыя словы ў адрас выпускнікоў гучалі з вуснаў іх першай настаўніцы Іны Горбат, класнага кіраўніка Алены Нядвецкай. Ад бацькоў жадала поспехаў у будучым, цярпення пры дасягненні пастаўленай мэты Тамара Калодзіч. Першакласнікі таксама не засталіся ў баку ад свята і ў вершаванай форме пажадалі выпускнікам знайсці дарогу, па якой захочацца крочыць, верыць у цуды, каб школа і бацькі ганарыліся сваімі дзеткамі. У адказ адзінаццацікласнікі падзякавалі школе за атрыманыя веды, настаўнікам — за цярпенне, бацькам — за веру ў іх і ўсебаковую падтрымку.

А які танец выканалі выпускнікі! Вальс быў на вышэйшым узроўні, грацыёзны і… шчымлівы. Як пацвярджэнне таму, што тут сабраліся не для сустрэчы, а для развітання…

І вось кульмінацыйны момант — апошні званок, які, з аднаго боку, нагадвае аб расставанні з роднай школай, а з другога — дае магчымасць паспрабаваць сябе ў нечым новым, праверыць свае сілы ў дасягненні пастаўленых задач.
Дарагія выпускнікі, усё ў вашых руках. Смела глядзіце ў будучыню, ніколі не адступайце перад праблемамі, гэта вас толькі загартуе. Будзьце сапраўднымі грамадзянамі сваёй роднай і непаўторнай Беларусі. У добры шлях!
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік
Больш фота: https://vk.com/album-23306785_293249182 і https://ok.ru/budni/album/961688201864