24 лютага споўнілася 50 гадоў з дня смерці нашага земляка Казіміра Марача, які па-геройску загінуў падчас аварыі на атамнай падводнай лодцы «К-19».

18 кастрычніка 1951 года ў Ружанах. Пасля заканчэння Ружанскай СШ у 1968 годзе пайшоў вучыцца ў Ваўкавыскі ветэрынарны тэхнікум, які так і не паспеў скончыць. 18 лістапада 1969 года юнак быў прызваны на тэрміновую службу ў Савецкую Армію. Служыў падводнікам на Паўночным флоце.
Маракі, як і ўсе людзі, якія ўступаюць у кантакт са стыхіямі, вераць у прыкметы. Напрыклад, яны цвёрда перакананы ў тым, што бываюць караблі ўдачлівыя і няўдачлівыя. Вядома, многае залежыць і ад каманды, і ад парадку, раз і назаўжды ўсталяванага на судне, але часам бывае немагчыма без містыкі патлумачыць, чаму адны падлодкі служаць гадамі без вялікіх здарэнняў, а іншыя – не выходзяць з чарады няшчасцяў.
«Першая ракетная атамная падводная лодка СССР пад тактычным нумарам “К-19” па мянушцы “Хірасіма” перанесла ўсе віды аварый, якія толькі могуць быць на караблі: сутыкненне пад і над вадой, пажар, ядзерную аварыю галоўнай энергетычнай устаноўкі, вывад са строю рэактара, паступленне забортнай вады ў трывалы корпус… І так яна праслужыла на Паўночным флоце паміж аварыямі і рамонтамі 30 гадоў…» – пісаў у сваіх працах контр-адмірал, доктар тэхнічных навук Мікалай Мармуль.
Менавіта на «К-19» і трапіў Казімір Марач у якасці машыніста-турбініста. На момант здарэння да заканчэння службы (а служылі ў марфлоце тады тры гады) Казіміру заставалася ўсяго паўгода. Паход, які стаў для яго апошнім, ужо завяршаўся – яшчэ нейкія паўтара тыдні. Каманда выдатна адпрацавала няштатныя сітуацыі. Доўгачаканы “дэмбель” быў не за гарамі.
Казімір служыў турбіністам у сёмым адсеку, яго таварыш Уладзімір Смаляроў – спецтрумным у шостым. Яны часта гутарылі. Уладзімір запомніў адну размову з Казімірам: «Вова, вось надыдзе дэмбель — ажанюся. Хачу, каб у нас нарадзіўся сын, а калі падрасце, я буду з ім хадзіць на рыбалку на нашу цудоўную рэчку і буду расказваць пра нашу службу і сяброўства». Але…
Раніцай 24 лютага ў 9-м адсеку падводнай атамнай лодкі «К-19» здарыўся пажар…
З успамінаў сведкі падзей Генадзя Каршына, старшыны каманды матарыстаў:
«У дзявятым адсеку, калі пачаўся пажар, знаходзілася большая частка экіпажа. Аднак колькі людзей засталося ў ім пасля задрайвання люкаў, ніхто не ведаў. Сувязь была парушана. Пазней матросы даведаліся, што ўсе, хто застаўся ў восьмым і дзявятым адсеках, згарэлі, а ў сёмым — задыхнуліся ад дыму. У шостым адсеку знаходзіўся атамны рэактар. Калі б ён апынуўся ў агні, не пазбегнуць выбуху, гібелі лодкі і глабальнай экалагічнай катастрофы.»
Для таго, каб папярэдзіць катастрофу і ўратаваць судна і экіпаж, было прынята рашэнне падняць лодку на паверхню.
Расказвае яшчэ адзін сведка здарэння Валянцін Заварын:
«У сёмым не адразу зразумелі, што ў адсек пракраўся нябачны забойца – чадны газ. Яны не адразу кінуліся да дыхальных апаратаў. Спадзяваліся, гледзячы на глыбінямер: стрэлка яго адлічвала апошнія дзясяткі метраў, якія заставаліся да паверхні акіяна. Яшчэ некалькі мінут і – у адсекі ўварвецца свежае паветра. Каля манеўровага штурвала, які рэгулюе абароты турбін, стаяў старшына 1-й стацці Казімір Марач. Ён паспеў нацягнуць маску процівагаза, але… стаў ахвярай уласнай добрасумленнасці. Запацела шкло маскі, і ён не мог разглядзець паказанні тахометра (лічыльніка абаротаў). Хлопец сарваў шлем-маску, працёр шкло. За гэты час, можа, усяго два разы ўдыхнуў. А гэтага ўжо было дастаткова… На яго потым маску нацягнулі, а ўжо ўсё… сэрца не білася…».

Падчас аварыі загінула 28 чалавек, яшчэ двое — падчас эвакуацыі. Пахаваны Казімір Марач, згодна з марскім статутам, у паўночных водах Атлантычнага акіяна. Каардынаты пахавання – 51° 21′ п.ш., 28° 54′ 3″ (па іншых звестках – 59° 29′ п.ш., 28° 54′).
16 ліпеня 1972 года наш зямляк быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Імем Казіміра Марача названы вуліцы ў г.п. Ружаны і г. Пружаны. Яму прысвечаны стэнд у Ружанскай сярэдняй школе.
Іна Нячай, галоўны захавальнік фондаў музея «Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў»