Четверг, 22 февраля 2024

Апалінарыя Пракаповіч сярод пераможцаў рэспубліканскага конкурсу

363

Вучаніца сярэдняй школы № 5 узнагароджана дыпломам Акадэміі навук

Яшчэ ў лютым 2023 года Нацыянальная акадэмія навук Беларусі абвясціла рэспубліканскі конкурс творчых работ, прысвечаны Году міру і стварэння. Яго мэтамі сталі развіццё творчай актыўнасці і павышэнне прэстыжу навуковай дзейнасці, прыцягненне моладзі ў навуку, умацаванне ў грамадстве ідэй міру і стваральнай працы як галоўных умоў развіцця дзяржавы.

Конкурс праводзіўся ў сямі намінацыях па трох катэгорыях. Да ўдзелу ў ім запрашалі не толькі масцітых і маладых вучоных, настаўнікаў, магістрантаў, аспірантаў, але таксама студэнтаў і школьнікаў.

У выніку на конкурс было пададзена каля 700 работ, найбольшая колькасць з іх — у намінацыі «Гуманітарныя навукі — Году міру і стварэння». Менавіта ў гэтую намінацыю прадставіла сваю даследчую працу «Мясцовая тапаніміка як адлюстраванне традыцыйных вытворчых працэсаў на Пружаншчыне» вучаніца 11 «А» класа сярэдняй школы № 5 г. Пружаны Апалінарыя Пракаповіч.

І вось кампетэнтнае журы з вядучых вучоных Акадэміі навук вызначыла 218 работ, якія сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу.

Урачыстае мерапрыемства ўзнагароджання пераможцаў (лаўрэатаў і фіналістаў) адбылося 19 снежня 2023 года ў вялікай канферэнц-зале Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук. На гэту ганаровую цырымонію была запрошана і Апалінарыя Пракаповіч, чыё даследаванне прызналі адным з лепшых. Адзінаццацікласніца атрымала дыплом фіналіста і падзячны ліст старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі акадэміка Уладзіміра Гусакова. Высокія ўзнагароды Апалінарыі ўручыў вядомы беларускі гісторык акадэмік Аляксандр Каваленя.

Мерапрыемства ў Нацыянальнай акадэміі навук стала значнай падзеяй у жыцці пружанскай школьніцы, таксама як і іншых даследчыкаў з розных куткоў Беларусі, юных і сталых.

Госці Акадэміі навук не толькі атрымалі заслужаныя адзнакі і падарункі, пачулі словы віншаванняў і падтрымкі ў свой адрас, але і паслухалі канцэрт харавой капэлы акадэміі, пазнаёміліся з апошнімі распрацоўкамі вучоных на выставе «Дасягненні айчыннай навукі — вытворчасці», экспазіцыяй музея гісторыі Акадэміі навук і часовымі выставамі.