Четверг, 19 июня 2025

Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка скіраваў ліст да вернікаў з нагоды святкавання 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі, якое пачнецца ў Ружанах 28 верасня

271

Пінская рымска-каталіцкая дыяцэзія была заснавана Папам Рымскім Піем ХІ 28 кастрычніка 1925 г.

«Рыхтуючыся да гэтай юбілейнай даты ўсёй супольнасцю мясцовага Касцёла, мы распачынаем год падзякі Міласэрнаму Богу за ўсе Яго ласкі, якія нашая дыяцэзія атрымлівала на працягу гэтых ста гадоў. 28 верасня а 11-й гадзіне ў мястэчку Ружаны жадаем распачаць святкаванне 100-й гадавіны з часу заснавання Пінскай дыяцэзіі. Божы Провід дазволіў аднавіць там велічную капліцу святога Казіміра, якая была ўзведзеная ў XVIII стагоддзі ў памяць пра перанясенне і захаванне ў Ружанах рэліквій гэтага святога», – адзначыў біскуп.

Антоні Дзям’янка запрасіў усіх прыняць удзел у святой Імшы ў капліцы святога Казіміра 28 верасня. Падчас літургіі адбудуцца асвячэнне адноўленай святыні і сумесная малітва.

У межах Ружанскага фэсту, з якога і распачнецца святкаванне стагадовага юбілею дыяцэзіі, пройдзе асвячэнне адноўленага ўнікальнага старадаўняга аргана ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы. Усе жадаючыя стануць сведкамі гістарычнай рэканструкцыі захавання рэліквій святога Казіміра і будуць мець магчымасць памаліцца пры яго аўтэнтычных рэліквіях. Прыгожы канцэрт праслаўлення Бога, які адбудзецца ў непаўторнай атмасферы Ружанскага замка, рыхтуе каталіцкая моладзь.

Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла