Як атрымаць работу, падчас якой можна займацца любімай справай і гуляць у “танкі”?
— Слухацца маму ў дзяцінстве, — з усмешкай адказвае наш зямляк, цяпер кампазітар карпарацыі WARGAMING.NET Андрэй Клімка.
Але аб усім па парадку!
— Андрэй, у апошнім нашым інтэрв’ю ты расказваў пра свае творчыя праекты, у прыватнасці, пра “You Killing Me”, які на той момант быў самым маладым. Што было далей?
— Я і мой калега Андрэй Кулік з “You Killing Me” аб’ехалі каля 90 еўрапейскіх гарадоў. Цікава, што найбольшую папулярнасць мы набылі ў Парыжы, дзе далі ажно чатыры выступленні. І калі на першым было чалавек 600 (а гэта нямала для электроннай музыкі), то на чацвёртае прыйшло ажно 1700 чалавек. Прыемна, што атрымалася заявіць пра сябе і ў Беларусі. Мы далі некалькі канцэртаў у Мінску і ў Брэсце – горадзе, з якога пачыналі. Тут пасля еўрапейскага тура нас прымалі, як сапраўдных зорак, а да гэтага неяк несур’ёзна ставіліся: маўляў, свае ж …
Праект праіснаваў чатыры гады і чатыры месяцы. Прычын, па якіх мы перасталі ім займацца, шмат. Адна з іх — мы стаміліся. Тым не менш, гэта быў цікавы перыяд, які даў шмат вопыту. Давялося папрацаваць і ў рэкламе: мы запісалі саўнд-трэкі для нямецкай рэкламы «Кока-кола» і аўтамабіляў “Мersedes”.
— А як у цябе атрымалася ўвасобіць у жыццё мару мноства хлапчукоў і трапіць у штат папулярнай беларускай анлайн гульні «World of Tanks»?
— Я даведаўся пра вакансію і пачаў працаваць над партфоліа, каб паказаць яго патэнцыйнаму работадаўцу. На стварэнне партфоліа спатрэбілася каля шасці месяцаў, пасля я выконваў тэставыя заданні, з якімі справіўся , дзякуючы багатаму вопыту работы з гукам. У рэшце рэшт былі ўладкаваны ўсе фармальнасці і я стаў супрацоўнікам кампаніі. І … цэлы год пісаў гукі выбухаў і стрэлаў. Работа была вельмі цікавай, з такім я ніколі раней не меў справы. Ды і наогул спецыяльнасць саўнд-дызайнера ёсць толькі ў некалькіх навучальных установах свету. На шчасце, кампанія ў мяне паверыла, навучыла неабходнаму, і ў мяне ўсё атрымалася.
Як толькі я пачаў рыхтавацца да работы ў “WARGAMING”, то адразу зарэгістраваўся ў гульні і на сёння правёў ужо 12 тысяч баёў, а мой непасрэдны кіраўнік – звыш 30 тысяч. Мы гуляем не толькі дзеля задавальнення: для нас важна разумець гульню знутры, адчуваць яе. А вось школьнікам, якія гуляюць у “танкі” і, магчыма, зараз мне пазайздросцілі, скажу наступнае: для таго, каб запісаць новыя гукі выбухаў і стрэлаў, мне давялося ўзгадаць школьны курс фізікі і матэматыкі, а недзе выйсці і за рамкі праграмы. Нават такія веды могуць спатрэбіцца сучаснаму кампазітару!
— Але ж марыў ты пісаць музыку…
— Так. У свой вольны час я пачаў пісаць саўнд-трэкі да гульні. Калі іх назбіралася10, я адважыўся паказаць іх свайму кіраўніку, а той свайму і гэтак далей. Трэкі спадабаліся, і мне далі дабро! Тады мы з Андрэем Куліком, які да гэтага часу таксама перабраўся ў “WARGAMING”, запісалі 80 мінут музыкі.
Раней такога ўзроўню не было ні ў адной краіне СНД: звычайна напісанне музыкі кампанія давярала замежным прафесіяналам, якія пішуць саўнд-трэкі для галівудскіх фільмаў.
Працаваць ва ўмовах, якія стварае кампанія, адно задавальненне. Зразумела, што для работы было закуплена ўсё неабходнае і ўсё самае лепшае, як, напрыклад, бібліятэка гукаў пражскага аркестра, які таксама наймаюць галівудскія вытворцы.
— Андрэй, ну, і зусім фантастычна выглядае сумесная работа са знакамітым японскім кампазітарам Акіра Ямаока…
— Мы хацелі запісаць адзін трэк з “зоркай”. Выбар спыніўся на куміры гульцоў з усяго свету, аўтары музыкі да гульні “Silent Hill” Акіра Ямаока. Запрасіўшы яго, мы забілі адразу некалькі зайцаў: па-першае, яго імя вельмі вядома, асабліва ў асяроддзі тых, хто гуляе, па-другое, для напісання музыкі да “ўсходніх карт”, патрэбен быў чалавек, які адчувае спецыфіку рэгіёна. Кампазіцыя ўжо прэзентавана ў Японіі, ёсць і відэа з нашай сумеснай работы ў Празе.
— У цябе сапраўды работа, пра якую можна толькі марыць. Думаю, многія нашы, асабліва юныя, чытачы абавязкова натхняцца тваім прыкладам. Якую параду ты сёння можаш даць тым, хто сумуе над падручнікамі?
— Слухайце маму (смяецца)! Чэсна, гэта была маміна ідэя выгадаваць з мяне музыканта. Са старэйшым братам гэты нумар не выйшаў, таму ў мяне ўжо не было выбару. Мама, піяністка і кампазітар Ларыса Клімкене, не давала расслабіцца. Прызнаюся, што часам музычная школа падавалася мне пеклам! Таму хачу сказаць тым, хто вучыцца музыцы, што трэба ўмець прымаць цяжкасці, што перспектывы ёсць у любой сферы дзейнасці. Проста трэба ўпарта ісці да сваёй мэты і шмат працаваць. Калі пры першай няўдачы не складзеце рукі, а будзеце развівацца, то вам абавязкова пашанцуе!
Гутарыла Кацярына Пашкевіч.