У чацвер прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі правёў старшыня аблвыканкама А.В.Ліс. Актуальныя пытанні губернатару маглі задаць не толькі супрацоўнікі газет і тэлебачання, але і інтэрнэт-парталаў: важнасць інфармацыйнага суправаджэння таго, што адбываецца ў вобласці, надаецца ўсім сродкам камунікацыі.
—Аднак не ўся інфармацыя, якая даносіцца людзям, носіць аб’ектыўны характар, — адразу зазначыў Анатоль Васільевіч. Таму не толькі настроіў прысутных на канструктыўны дыялог, але і задаў пэўны тон сустрэчы. — Ёсць недапрацоўкі ў тым, што ў рэгіёнах не выбудавана сістэма ўзаемадзеяння органаў мясцовай улады і прэсы. Але маўчаць з нагоды найбольш значных праблем органы ўлады не павінны, — сказаў губернатар.
Таму не дзіўна, што адным з першых яго адказ паступіў на пытанне з нагоды будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце:
—Маім распараджэннем ад 14 чэрвеня 2019 года будаўніцтва завода прыпынена да ўхілення недахопаў. Вытворчая дзейнасць, звязаная з выпускам прадукцыі, там не ажыццяўляецца.
Своечасова прагучаў адказ на пытанне закупак плодаагародніннай прадукцыі ў насельніцтва. Дарэчы, у вобласці для рэалізацыі такой прадукцыі ёсць звыш 3,2 тысячы месцаў. У жніўні – лістападзе з’явіцца яшчэ каля ста дадатковых.
З нагоды рэканструкцыі мастоў, чым таксама цікавіліся журналісты, губернатар запэўніў, што ні адно з 418 маставых збудаванняў, якія ёсць на рэспубліканскіх дарогах, не выпала з поля зроку спецыялістаў, каб пазбегнуць магчымага паўтарэння аварыі, якая здарылася на мосце ў Жыткавічах.
Таксама А.В.Ліс падзяліўся сваім бачаннем развіцця турыстычнай галіны Брэстчыны, расказаў, што чакае абласны цэнтр да яго тысячагоддзя і ў будучым, спыніўся на правядзенні “Дажынак” у малых гарадах. А на пытанне, ці трэба ўводзіць больш жорсткую адказнасць з нагоды гібелі людзей па асабістай бестурботнасці, свой адказ будаваў, зыходзячы са сцвярджэння, што самае дарагое ў чалавека – жыццё.
Падрабязна пра гэта, а таксама пра іншыя тэмы, якія былі агучаны на прэс-канферэнцыі са старшынёй абласнога выканаўчага камітэта А.В.Лісам чытайце ў наступным нумары раённай газеты.
Галіна Каляда.