Воскресенье, 20 апреля 2025

Вэб-прастора і «раёнка»: а як у нас у інтэрнэце?

162

Чалавек жыве, пакуль ён камусьці патрэбны. Думаецца, што гэты выраз можна прымяніць і ў адносінах да газеты, у тым ліку да нашых «Раённых будняў». Паказчык запатрабаванасці любога выдання — яго тыраж, пазнаваемасць сярод аўдыторыі і яе ацэнка, чэсная і справядлівая. Сёння да гэтых і многіх іншых пунктаў дадаюцца яшчэ і прадстаўленасць газеты ў інтэрнэце, папулярнасць яе вэб-версіі. У любым выпадку наша рэдакцыя пастаянна маніторыць лічбы статыстыкі і стараецца аналізаваць усё, каб чытаць «раёнку» было цікава як на паперы, так і ў інтэрнэце. Вось на апошнім сёння спынімся больш падрабязна.

Калі друкаванай «раёнцы» ўжо праз паўтары тыдні споўніцца 85 гадоў, то нашы інтэрнэт-рэсурсы значна маладзейшыя. Мяркуйце самі: сайт www.budni.by у наступным годзе адзначыць 15-годдзе. Амаль адразу пасля яго з’яўлення газета займела групы ў «УКантакце» і «Аднакласніках». Пазней — і ў іншых сацсетках.

Сёння мы прадстаўлены яшчэ ў Facebook, Instagram, Twitter (X). У 2020 годзе з’явіліся ў месенджары Viber, у 2018-м — у Telegram, развіваць які больш актыўна сталі ў 2021-м. Годам раней завялі ўласны YouTube-канал, а летась да ўсяго дадаўся яшчэ і TikTok. Спасылкі на ўсе акаўнты можна знайсці як на нашым сайце, у раздзеле «Аб газеце», так і ў кожнай друкаванай «раёнцы» — на апошняй яе старонцы, пад выхаднымі дадзенымі.

Як бачым, платформаў, на якіх сёння можна знайсці і прачытаць раённыя навіны (прычым пакуль што абсалютна бясплатна), — мноства. А ці папулярная газета ў інтэрнеце? Каб прааналізаваць гэта, мы, зноў жа, звяртаемся да статыстыкі. Не будзем браць глабальную, за некалькі гадоў, разгледзім яе за цёплы сезон 2024-га, з мая па верасень уключна.

Пачнём з сайта. Усяго за абазначаны вышэй перыяд, згодна з дадзенымі «Яндекс Метрика», на рэсурсе budni.by пабывалі 83,5 тыс. наведвальнікаў. Колькасць праглядаў за гэты час — 236,8 тыс. Найбольшая зафіксавана ў чэрвені, што тлумачыцца правядзеннем у Пружанах спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокі» і актыўным яго асвятленнем з боку нашай газеты. На другім месцы — жнівень, калі мы сталі расказваць пра падрыхтоўку да школы, аналізавалі стан устаноў адукацыі, маніторылі кошт тавараў, шукалі, дзе смачна паесці ў Пружанах. На трэцім па колькасці праглядаў і наведвальнікаў — май — месяц са шматлікімі святамі, школьнымі лінейкамі і, канечне, падрыхтоўкай да «Вытокаў».

Больш за ўсё на сайт карыстальнікі пераходзяць з дапамогай пошукавых сістэм і сацыяльных сетак. Найбольшая ж колькасць наведвальнікаў — людзі 25–34 гадоў, за якімі ідзе моладзь. Амаль 18 % ва ўзроставай характарыстыцы — людзі ад 55 гадоў і старэйшыя. Прыемна, што яны асвойваюць сучасныя тэхналогіі. Геаграфія візітаў за аналізуемы перыяд — Беларусь, Расія, ЗША, Польшча, Германія (і гэта толькі топ-5 краін, адкуль зафіксавана найбольшая колькасць праглядаў). Заходзілі на budni.by за гэты час нават з Аўстраліі, Егіпта, Экватарыяльнай Гвінеі, ЮАР, Японіі… Словам, з 87 краін свету. Ну а самымі праглядаемымі традыцыйна застаюцца старонкі з раскладам руху грамадскага транспарту, навіны пра ДТЗ і пажары, анонсы і матэрыялы пра цікавых землякоў.

Вялікую папулярнасць сярод карыстальнікаў заваёўвае акаўнт @budni.by y Instagram. Яно і зразумела: тэкст у спалучэнні з яркімі фота заўсёды выглядае больш выйгрышна, ды і кліпавае мысленне, пра якое сёння трубяць з усіх крыніц, ужо дамініруе. Найбольшая колькасць падпісчыкаў у гэтай сацсетцы — таксама ва ўзросце ад 25 да 34 гадоў. Самымі папулярным пастамі за гэты час сталі фота з «Сонцастаяння» і святкавання 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі ў Ружанах (кожны матэрыял атрымаў у раёне 1000 лайкаў). Ахоп жа за май—верасень складае больш за 141,4 тыс. карыстальнікаў, што на 32,5%, больш чым за лістапад—май. Мабыць, таму найбольш актыўна нашы інтэрнэт-рэкламадаўцы выкарыстоўваюць менавіта платформу Instagram, дзе зараз больш за 6 тыс. падпісчыкаў.

Крыху больш — 6,5 тыс. — у «Аднакласніках». Спецыфіка групы «Пружаны. Все новости на budni.by» у гэтай сацыяльнай сетцы ў тым, што найчасцей ёй цікавіцца аўдыторыя 35+. За аналізуемы перыяд мы ахапілі больш за 122 тыс. акаўнтаў, прычым пік прыпаў на чэрвень. Групу ў «Аднакласніках» любяць, менавіта тут часцей за ўсё фіксуюцца каментарыі.

Крыху здае свае пазіцыі ў плане папулярнасці сацыяльная сетка «УКантакце». У сярэднім за месяц ахоп тут — 4 тыс., а вось колькасць падпісчыкаў — больш за 9,6 тыс. — найбольшая з усіх сацыяльных сетак, дзе прадстаўлена «раёнка».

Ну і, зразумела, сёння не варта забываць пра такі магутны і дзейсны рэсурс, як Telegram. Знайсці наш канал у ім проста: набірайце ў пошукавіку «Раённыя будні» і падпісвайцеся. Кожную раніцу што тут, што ў Viber — пажаданне добрага дня для вас, таксама стараемся даваць цікавыя надзённыя навіны, перш за ўсё, з жыцця раёна. Часта гэта адбываецца ў фармаце «тут і зараз», асабліва калі гаворка ідзе пра асвятленне важных мерапрыемстваў. За гэта, як прызнаюцца падпісчыкі, яны і любяць нашы каналы ў месенджарах. У Telegram сёння ў нас — 3 тыс, у Viber —2,7 тыс. падпісчыкаў. Агульная колькасць праглядаў пастоў у Telegram толькі за верасень — 427,7 тыс. У Viber актыўнасць праяўляе большая частка карыстальнікаў, што выражаецца ў рэакцыях на паведамленні. Што да ўзроставай характарыстыкі, то і ў Telegram, і ў Viber пераважаюць падпісчыкі ад 35 гадоў і старэйшыя.

Не варта забывацца таксама пра TikTok, дзе зараз
3,2 тыс. падпісчыкаў. На YouTube-канале — 453, там жа можна знайсці некаторыя відэа з жыцця раёна. Цікавіцца аўдыторыя, няхай і ў меншай ступені, старонкамі «раёнкі» ў Facebook і Twitter (X).

Скажу шчыра, што калі пранааналізаваць усе лічбы з агульнай статыстыкі па сайце і сацсетках нашага выдання, то можна напісаць, як мінімум, навуковы артыкул, як максімум — курсавую работу ці дысертацыю. Але ўжо і па прыведзеных вышэй лічбах відаць, што наша газета не проста папулярная ў інтэрнэце. Дзякуючы яму «Раённыя будні» пашыраюць сваю аўдыторыю, выходзяць за межы Пружаншчыны і нават краіны, даносячы цікавую і праўдзівую інфармацыю пра жыццё раёна. Што цікава і важна — на роднай мове.

Спадзяёмся, што і далей колькасць нашых інтэрнэт-падпісчыкаў будзе павялічвацца. Мы ж пастараемся рабіць для гэтага ўсё неабходнае і надалей забяспечваць вас цікавым і аператыўным кантэнтам. Заставайцеся як з класічнай папяровай «раёнкай», так і з яе інтэрнэт-версіяй!

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік