
Менавіта зараз, выбудоўваючы сучасную мадэль выхавання моладзі, мы закладваем рысы і вобраз грамадства будучыні. Таго, якім яно будзе праз 20 гадоў.
Паспрабуем замяніць сям‘ю?
Калі пакінем цяперашніх падлеткаў сам-насам з бягучымі выпрабаваннямі і спакусамі, прымусім самастойна разбірацца ў асаблівасцях светаўладкавання, то атрымаем у спадчыну пакаленне бездухоўнасці і маральных «якараў».
Як гэта было, напрыклад, на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі праект «Камсамол» быў прызнаны «непрацаздольным», а моладзі была дадзена ўяўная «свабода выбару». Трэба прызнаць, што яшчэ 5-10 гадоў такой «свабоды» і ў нас па вуліцах маглі б пайсці «факельныя шэсці» з ускінутымі ўверх рукамі. Памятаю, як тады ў Мінску спытаў у мясцовага чалавека дарогу, а ён адказаў, што па-руску не разумее…
Той пралік разумею не толькі я на абывацельскім узроўні. Ёсць дзяржаўнае разуменне і шляхі па выпраўленні памылак мінуўшчыны. Вось толькі ў імкненні дасягнуць максімальнага выніку зараз стала вымалёўвацца іншая тэндэнцыя.
Справа ў тым, што арганізацыі, службы, ведамствы і нават грамадскія суполкі ў працэсе выхавання паступова… адсоўваюць бацькоў ад іх высакароднага абавязку. Школа, медыцынскае абслугоўванне, сацыяльныя падраздзяленні і дзяржорганы літаральна ахопліваюць усе бакі жыцця дзяцей — з першых дзён нараджэння да дасягнення паўналецця.
У якасці доказу спашлюся на якое-небудзь трагічнае здарэнне з малым, не канкрэтызуючы. Каго вінавацяць у такіх выпадках? Адказ вядомы ўсім. А каго не вінавацяць і ніякім чынам не прыцягваюць да адказнасці? Правільна, і на гэта пытанне ўсе адкажуць аднадушна.
Дзе сямейныя каштоўнасці?
А цяпер спытаюся: ці менш стала ў нас сацыяльных сірот? Ці паменшылася колькасць дзяцей, якія жывуць у сацыяльна небяспечным становішчы і сем’яў, пастаўленых на СНС-улік? Магчыма, у нас перасталі здарацца трагічныя выпадкі катавання бацькамі сваіх сыноў-дачок?
Ды не, жорсткасці, нават нечалавечай, па-ранейшаму хапае. Аднак практычна заўсёды віна за падобныя праявы ляжыць на камісіях па справах непаўналетніх, настаўніках, медыках. Даходзіць да таго, што пралікі адшукваюцца ў дзейнасці па прапагандзе і прафілактыцы праваахоўных службаў або выратавальных падраздзяленняў. Штогод пералічаным ведамствам даводзяцца новыя напрамкі і праграмы, якія не адмяняюць папярэднія, а толькі дабаўляюць адказнасці. І, зразумела, работы, нібыта дагэтуль яны нічым не былі заняты.
Вось так, па кроку, паступова, але няўхільна, у бок адсоўваюцца бацькі. Нават нядаўна даводзілася чуць такое меркаванне: маўляў, дарослым, асабліва ў сельскай мясцовасці, даводзіцца працаваць «ад цямна да цямна» і дзецьмі, асабліва ў гарачы час палявых работ, ім займацца няма калі. У працэс павінны ўмяшацца школы і іншыя службы. Зранку пабудзіць дзіця, прыгатаваць яму сняданак, а ўвечары дапамагчы зрабіць хатняе заданне і пакласці спаць.
Сапраўды так? А, прабачце, на тое, каб займець сваіх дзяцей, у бацькоў часу хапіла?
Больш за тое, калі параўноўваць цяперашні ўзровень механізацыі працы і той, што быў паўвеку таму, то можна смела сцвярджаць (зыходзячы з цяперашняй «занятасці»), што нашы бабулі-дзядулі ўвогуле гультайнічалі. Таму што ў іх хапала часу і працаваць у калгасе, і гаспадарку сваю трымаць, і гадаваць па 3-4, а то і больш дзяцей. Ды якіх, пераважнай большасцю будучых сапраўдных грамадзян сваёй краіны: архітэктараў, мастакоў, вучоных, герояў працы. У тым ліку цяперашніх кіраўнікоў розных органаў, якія зараз патрабуюць нарошчваць прафілактычную дзейнасць, забываючы прымаўку пра «сем нянек», у ролі якіх павінны выступаць шматлікія службы.
Вось дык «перспектыўка»
Зраблю «чорны» прагноз, што бацькі пры такой тэндэнцыі хутка зусім перастануць адказваць за выхаванне дзяцей. А навошта клапаціцца, калі ніякай адказнасці няма?
У дадатак яшчэ адзін прагноз, не менш «чорны». Падобнымі намаганнямі мы проста разбураем інстытут сям’і, знішчаем аўтарытэт бацькоў перад дзецьмі. І яшчэ прывучаем, што сям’я, гэта не сумесная праца па гадаванні і выхаванні дзяцей, а нейкі саюз, можа і часовы, для нараджэння новых грамадзян краіны. Якіх тая ж краіна потым павінна гадаваць ды выхоўваць замест бацькоў.
Алег Сідарэнка