
У гэтым матэрыяле паспрабавалі прааналізаваць наша жыццё, у якое трывала ўвайшло слова «штучны». Як яно ўплывае на нас? Разбяромся.
З чаго пачалося?
Напрыканцы мінулага года вучыўся на некалькіх курсах павышэння кваліфікацыі, дзе сярод усіх цікавых і карысных лекцый быў цэлы блок, прысвечаны штучнаму інтэлекту (ШІ) ў галіне сродкаў масавай інфармацыі і дзяржслужбы. Лекцыі нам чытаў дацэнт кафедры медыялогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, спецыяліст у галіне сацыяльных медыя, грамадзянскай журналістыкі, сацыякультурных наступстваў інфарматызацыі Уладзімір Сцяпанаў. Спецыяліст дасведчаны, граматны, цікавы.
Многія да слова «штучны» адносяцца вельмі насцярожана: штучныя ежа, тканіна, напоі, вітаміны… Так, усё гэта выклікае мноства сумненняў, асабліва наконт ежы і напояў. А ці карысна ўсё гэта арганізму, ці не шкодзіць, калі на нас адзенне не з натуральных валокнаў, а з акрылавых, нейлонавых, спандэксаўскіх і іншых? А яшчэ аднекуль такі ж штучны інтэлект узяўся. Ці не страціць чалавецтва сваю непаўторнасць, а планету заселяць робаты, а мы пакрысе дэградуем? Пытанні, пытанні… Паспрабуем разабраць усе плюсы і мінусы.
У чым жа плюсы?
Што тычыцца адзення і ежы, то немагчыма ўсё насельніцтва Зямлі поўнасцю забяспечыць натуральнымі прадуктамі і апрануць у адзенне чыста расліннага і жывёльнага паходжання, тое самае і з абуткам. Зараз навучыліся рабіць такую штучную сыравіну, што і сагрэе, і апрануць, абуць не шкодна.
А вітаміны і мінералы ў пілюлях? Колькі ж трэба з’есці прадуктаў, каб насыціць арганізм імі? А тут адна таблетка — і на суткі ўсімі пажыўнымі рэчывамі забяспечаны. Зразумела, могуць быць свае проціпаказанні. Ды дзе іх няма?
Гутарка ўсё ж не аб гэтым. Акцэнтуем увагу на штучным інтэлекце. Як ён усё больш і больш аказвае ўплыў на наша жыццё.
У чым жа плюсы штучнага інтэлекту? Іх даволі шмат. Напрыклад, высокая хуткасць і эфектыўнасць. Сюды адносіцца апрацоўка і аналіз вялікай колькасці дадзеных, здольнасць прымаць аб’ектыўныя рашэнні без эмоцый і перадузятасці, аўтаматызаваць руцінныя і манатонныя задачы, вызваляючы людзей для занятку больш творчай і стратэгічнай работай. А яшчэ даследаванні ў вобласці штучнага інтэлекту садзейнічаюць развіццю сумежных тэхналогій, такіх як робататэхніка. Узаемадзеянне штучнага інтэлекту з гэтымі тэхналогіямі прыводзіць да ўтварэння інавацыйных рашэнняў, якія паляпшаюць якасць жыцця, працы людзей, вытворчыя працэсы. Не буду ўлазіць у сусветнае развіццё тэхналогій, паглядзім, як гэта працуе ў Беларусі.
Некалькі гадоў таму ў краіне праходзіла выстава-форум ІТ-Акадэмграда «Штучны інтэлект у Беларусі». Там дэманстраваліся распрацоўкі Нацыянальнай акадэміі навук, Міністэрстваў адукацыі і прамысловасці, а таксама прыватных кампаній. Сярод перспектыўных накірункаў, дзе ўкараненне ШІ для нашай краіны асабліва важна, — гэта прамысловы сектар эканомікі. Напрыклад, стварэнне лічбавых двайнікоў. У вытворчасці яны часта выкарыстоўваюцца пры праектаванні вузлоў, дэталяў, механізмаў. Лічбавы двайнік дазваляе правесці віртуальнае выпрабаванне дэталяў, атрымаць якасныя параметры, пашырыць лінейку вырабляемай прадукцыі. Найбольш перспектыўны накірунак у гэтай вобласці — медыцына. Тут і дыягностыка розных відаў захворванняў, назначэнне лячэння і інш. Зусім нядаўна адным з такіх апаратаў КТ-дыягностыкі быў аснашчаны прыёмны пакой Пружанскай райбальніцы. Якасць дыягнаставання вырасла ў сотні разоў.
Беларускія кампаніі прымяняюць тэхналогіі, заснаваныя на штучным інтэлекце, у кіраванні беспілотным транспартам. Першыя кар‘ерныя беспілотныя самазвалы ўжо працуюць. З’явіўся і першы беспілотны сельскагаспадарчы трактар. Памятаеце фільм «Справа была ў Пянькове»? Там герой Вячаслава Ціханава Мацвей Марозаў марыў аб тым, каб па полі рухаўся трактар без трактарыста і гаручага. Сам жа Мацвей сядзеў бы пад навесам і дыстанцыйна кіраваў тэхнікай. Дык вось, мару Марозава ажыццявілі на МТЗ.
Можна выкарыстоўваць штучны інтэлект і ў выданні газеты. Напрыклад, генераванні розных тэматычных малюнкаў. Не сакрэт, мастакоў для газеты не так і проста знайсці, а карыкатурыстаў — тым больш. Дызайнам газеты таксама можа займацца ШІ, галоўнае — правільна скласці алгарытм яго дзейнасці. Нядрэнна выкарыстоўваць ШІ для праверкі тэкстаў на памылкі. Але і ў журналісцкай і выдавецкай справе ёсць свае падводныя камяні. Аб іх крыху пазней.
Пералічваць плюсы ШІ можна і далей. Але ў кожнага плюса ёсць свой мінус.
А што ж там з недахопамі?
Першае ў чым можа нашкодзіць штучны інтэлект — гэта страта працоўных месцаў. Аўтаматызацыя і ўкараненне ШІ могуць прывесці да скасавання асобных відаў работ, што можа выклікаць сацыяльныя і эканамічныя праблемы, звязаныя з беспрацоўем і неабходнасцю перакваліфікацыі працоўных рэсурсаў.
Далей ідуць этычныя пытанні. Звязаныя яны з прыватнасцю і бяспекай дадзеных. Збор і апрацоўка вялікай колькасці інфармацыі могуць парушаць канфідэнцыяльнасць персанальных звестак і падвяргаць рызыцы прыватнае жыццё людзей. Могуць узнікнуць пытанні па адказнасці за дзеянні, якія ажыццяўляе штучны інтэлект. Ужо зараз зламыснікі з дапамогай ШІ генерыруюць відэазапісы вядомых людзей, палітыкаў, устаўляюць ім у вусны прамовы, якія яны ніколі не гаварылі. Тут поле дзеяння для махляроў даволі шырокае.
Немалаважным застаецца недахоп творчага мыслення. Штучны інтэлект не валодае здольнасцю да інтуіцыі, што робіць яго абмежаваным у рашэнні важных задач, якія патрабуюць арыгінальнасці і нетрывіяльнага падыходу.
Асабліва важным застаецца пагроза бяспекі. Пры выкарыстанні штучнага інтэлекту існуе рызыка злоўжывання ім у мэтах махлярства, кібер-атак і іншых негатыўных дзеянняў. Некантралюемае распаўсюджванне ШІ можа стаць пагрозай для бяспекі і канфідэнцыяльнасці інфармацыі, а таксама для аўтаномных сістэм і робатаў, якія могуць быць выкарыстаны на шкоду.
У журналістыцы бяздумнае выкарыстанне ШІ можа прывесці да знікнення творчасці, выдання шаблонных матэрыялаў, дэградацыі інфармацыі. Склаў дакладны алгарытм, дадаў яго да адпаведнай праграмы — і матэрыял гатовы. Калі ж журналіст сам рыхтуе свой артыкул, укладае ў яго душу, эмоцыі, яркія фарбы, то і ўспрымацца твор будзе зусім па-іншаму. Як кажуць, што можа бяздушная машына? Толькі капіраваць.
Што тычыцца ўплыву ШІ на экалогію, то і тут ёсць свае хібы. Велізарныя аб’ёмы дадзеных, якія апрацоўвае штучны інтэлект, патрабуюць вялікіх вылічальных магутнасцей, што, у сваю чаргу, павялічвае нагрузку на энергетычныя сістэмы. Гэта прыводзіць да негатыўнага ўплыву на навакольнае асяроддзе і павелічэння выкідаў парніковых газаў, што з’яўляецца сур’ёзнай праблемай з пункта гледжання экалогіі.
Што ў заключэнні?
Чаму я пачаў з лекцый Уладзіміра Сцяпанава, якія ён чытаў на курсах павышэння кваліфікацыі? Па словах спецыяліста, як бы мы ні ўпіраліся, але штучны інтэлект заваёўвае нашу жыццёвую прастору, усё больш і больш уваходзіць у наш побыт. Карысць яго — неаспрэчная. Але трэба самім усвядоміць, дзе яго можна прымяняць, а дзе — абысціся. Чалавеку на тое і дадзены мазгі з мноствам нейронаў, якія нясуць інфармацыю, прымушаюць чалавека аналізаваць, выбудоўваць сістэму дзеянняў, накіроўваць на правільныя ўчынкі. Толькі людзі са злачыннымі намерамі выкарыстоўваюць штучны інтэлект у сваіх мэтах.
Мы ж з вамі павінны аберагаць свае асабістыя дадзеныя, уласнае жыццё. Не давяраць незнаёмцам, правяраць любую інфармацыю, быць напагатове. Штучны інтэлект не ўмее дараваць памылкі.
Ад аўтара. Матэрыял рыхтаваў, абапіраючыся на розныя дадзеныя, якія мне таксама згенераваў штучны інтэлект, так званыя нейрасеткі, а таксама выкарыстоўваў моманты з лекцый Уладзіміра Сцяпанава. Зразумела ж, не абышлося і без асабістых даследаванняў, думак і жыццёвых назіранняў.
Віктар Ільюшчанка
