
Вялікая Айчынная вайна — гэта не проста старонка гісторыі. Гэта святыня для мільёнаў людзей, якія аддалі сваё жыццё за свабоду і незалежнасць у барацьбе з фашызмам. Але сёння мы з’яўляемся сведкамі таго, як некаторыя сілы спрабуюць перапісаць гісторыю, змяніць яе сэнс і ператварыць пераможцаў у ворагаў. Каму насамрэч гэта патрэбна? Давайце будзем разбірацца.
Перш за ўсё — гэта палітычныя эліты і дзяржавы, якія маюць свае мэты. Напрыклад, у некаторых краінах Усходняй Еўропы ў апошнія гады назіраецца тэндэнцыя да перагляду ролі Савецкага Саюза ў Другой сусветнай вайне. Там усё часцей можна пачуць заявы пра тое, што Саюз нібыта быў «акупантам», а не вызваліцелем. Усім нам зразумела, што гэта звязана з сучаснай палітыкай краін, якія імкнуцца дабіцца большай незалежнасці і ўмацаваць свае пазіцыі ў Еўропе. Але робяць гэта настолькі бяздумна, што звычайныя людзі ўжо даўно адчуваюць бессэнсоўнасць іх палітыкі, якая б’е не толькі па кішэні, але і па ўзроўню іх жыцця.
Існуюць міжнародныя арганізацыі і фонды, якія фінансуюць гістарычныя даследаванні, накіраваныя на пераасэнсаванне падзей Вялікай Айчыннай вайны з адной толькі мэтай — падарваць аўтарытэт Расіі і іншых рэспублік. Гучыць неверагодна, бо зруйнаваць гістарычныя факты, якія тычацца СССР і Расійскай Федэрацыі, як яго пераймальніцы, проста немагчыма.
За ўсю гісторыю свайго існавання, мы ніколі першыя не ажыццяўлялі варожыя крокі на чужую тэрыторыю, а толькі адбівалася ад «галодных ратоў», якія раз-пораз імкнуліся адарваць прывабны кавалак, ды яшчэ з такім нахрапам.
Навошта гэта робіцца?
Перапісванне гісторыі — гэта магутны інструмент у палітыцы. Калі ты можаш змяніць мінулае, ты можаш кантраляваць будучыню. І так думае большасць краін старога свету. Напрыклад, калі былы Саюз назваць «акупантам», то сучасная Расія аўтаматычна становіцца «агрэсарам». Гэта і стварае аснову для ўзмацнення ваеннай прысутнасці НАТА ў рэгіёне і апраўдання санкцый, пад якімі знахо-дзімся і мы, як саюзнікі. Цяперашняя мэта заходніх сатэлітаў — пра-глынуць нашу краіну, каб сваімі ваеннымі базамі акружыць Расію, прымусіць скарыцца. Але не тут было…
Няўжо западныя «гарачыя галовы» думаюць, што і Беларусь так лёгка запалохаць сваімі неразумнымі дзеяннямі? Вялікая памылка. Мы дакладна ведаем, што сёння на тэрыторыі краін Балтыі і Польшчы размяшчаецца 17 батальённых тактычных груп НАТА і ЗША, прычым яны маюць дастаткова сур’ёзнае ўзбраенне і ваенную тэхніку. Штучна стварыўшы нервовую абстаноўку ля нашых межаў, увесь час нібы чакаюць нападзення, але з якога боку, нам вядома. Мы не паддаёмся на рознага роду правакацыі. Але ў нашых Узброеных Сілах рука заўсёды на пульсе і адказ на малейшыя крокі ў бок Беларусі будзе адпаведны.
Каб паспрабаваць змяніць мінулае, спачатку трэба добра ведаць гісторыю нашай краіны, вывучыць менталітэт, нават пажыць нейкі час сярод людзей. І тады адразу ўсё стане зразумела — патрэбны нам войны і нападзенні ці не.
Перапісванне гісторыі мае ідэалагічныя мэты. Калі моладзь будзе верыць, што яе продкі змагаліся не за свабоду, а за «ідэалогію акупантаў», гэта падарве нацыянальную самасвядомасць і аддасць краіну ў рукі тых, хто хоча кантраляваць яе будучыню. Таму дзяржаўная палітыка Беларусі накіравана менавіта на захаванне памяці як галоўнага падмурка, на якім трывала стаіць і развіваецца наша грамадства. Ствараюцца патрыятычныя класы, клубы па інтарэсах, маштабна адзначаецца Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці, вялікая ўвага надаецца ветэранам і вязням канцлагераў. Толькі так, шануючы памяць мінулага, ведаючы сапраўдную гісторыю, можна гаварыць пра моцную і квітнеючую дзяржаву. І калі «захаднікі» гэта зразумеюць, тады і на іх тэрыторыях будзе парадак, і думкі аб заняволенні іншай краіны ніколі не ўзнікнуць.
Што адбываецца зараз?
У некаторых краінах Усходняй Еўропы ў апошнія гады актыўна зносяцца помнікі савецкім салдатам, якія загінулі пры вызваленні. Гэта не проста акт вандалізму, гэта спроба сцерці з памяці ролю нашага народа ў перамозе над фашызмам. Але такімі ўчынкамі яны толькі паказваюць сваю слабасць і бязвыхаднасць, а таксама абсалютнае нежаданне ведаць сваю гісторыю. Разбурэнне помнікаў савецкім воінам у Польшчы і краінах Балтыі — адзін з найбольш відавочных прыкладаў таго, як гісторыя выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах. Аднак глабальна гэта нічога не змяняе.
Гісторыя перапісваецца нават у школьных падручніках, дзе падзеі Вялікай Айчыннай вайны падаюцца зусім інакш, чым было насамрэч. Напрыклад, акцэнт робіцца на «савецкую акупацыю», а не на вызваленне ад фашызму. Замоўчваюцца старонкі страшнага генацыду беларускага народа. Гэта іх вялікая памылка, і плады сваёй ідэалогіі яны пажынаюць ужо зараз.
Беларусь, якая панесла велізарныя страты ў гады ваеннага ліхалецця, дзе кожны трэці жыхар загінуў, лічыць сваім абавязкам памятаць пра подзвігі людзей. Як можна забыць Хатынь, Трасцянец, гераічную абарону Брэсцкай крэпасці. На месцах якіх устаноўлены помнікі і мемарыялы. Там кожны метр зямлі нагадвае пра жудасныя злачынствы. Гэта частка гістарычнай памяці, якая дапамагае не дапусціць паўтарэння такіх падзей у будучыні, таму так важна пра гэта расказваць. Але ў нашых «суседзяў», на жаль, іншае меркаванне.
Вынікі і наступствы
Перапісванне гісторыі — небяспечны працэс, які можа прывесці да страты і разбурэння духоўнасці цэлай нацыі. І ўсе гэтыя спробы не змогуць знішчыць праўду. У нас ёсць архівы, сведчанні, брацкія магілы, дакументальныя хронікі і галоўнае — памяць нашых продкаў, якую мы шануем і захоўваем. Усе назіраюць за тым, што адбываецца з 2014 года ў нашых суседзяў, і нікому не пажадаем такой долі, калі ў 21 стагоддзі людзі размаўляюць «на мове» вайны, болю і смутку.
Розныя думкі, розныя погляды, розныя меркаванні… Я разумею толькі адно — даражэй памяці можа быць толькі памяць. І мы зробім усё магчымае, каб яна засталася жывой.
Вялікая Айчынная вайна — гэта наша агульная гісторыя. І ніхто не мае права яе перапісаць, і мы не дазволім. Толькі так зможам прадухіліць спробы ператварыць пераможцаў у ворагаў і не дапусціць у нашай краіне падобнага.
Ірына Велясевіч