Воскресенье, 19 января 2025

Аналітыка: Наша моладзь са знакам якасці

260

Да гэтага загалоўка трэба дадаць некалькі слоў: толькі яе трэба навучыць, направіць, выхаваць.

Звернемся да статыстыкі
Па дадзеных Белстата, на 1 студзеня 2024 года колькасць маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 30 гадоў склала1628338 чалавек, гэта 17,8% ад агульнай колькасці насельніцтва Беларусі. На тысячу юнакоў прыходзіцца 962 дзяўчыны. Так што мінулі тыя часы, калі на 10 дзяўчат прыпадала 9 хлопцаў.

У гарадах і пасёлках гарадскога тыпу пражывае 82,7% моладзі, у сельскіх населеных пунктах — 17,3%. Больш за ўсё маладых людзей жыве ў Мінску (394959 чалавек). За сталіцай ідуць Мінская (15,4%), Гомельская (14,5%) і Брэсцкая (14%) вобласці.

На Пружаншчыне па дадзеных аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама пражывае 6188 маладых людзей. З іх ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў — 1680, ад 18 да 31 года — 4508. Сярод агульнай колькасці моладзі ў школах і ўстановах сярэдняга спецыяльнага і прафесійна-тэхнічнага навучання вучыцца 1886 чалавек, студэнтаў — 1235 чалавек. Астатнія адносяцца да працуючай моладзі.

Спад і рост
Спад нараджальнасці прыйшоўся на пачатак ліхіх 90-х гадоў. Яно і зразумела, падчас вялікіх узрушэнняў змяншаецца колькасць нованароджаных. Такая тэндэнцыя ў Беларусі прасочвалася да 2001 года. Затым пайшоў рост нараджальнасці. Дзяржава праявіла клопат да кожнага новага маленькага беларуса і сям’і, дзе ён нарадзіўся. Тэрмін знаходжання ў дэкрэтным водпуску трохгадовы, на нованароджаных выплачваецца дапамога, прадугледжаны сямейны капітал. Для сем‘яў, у якіх выхоўваецца чатыры і больш дзяцей, выдзяляецца бясплатнае жыллё, калі менш — працэнт выплат невялікі. Сталі жыць заможней — павялічылася нараджальнасць.

Ці якасная ў нас моладзь?
Скажу адзназначна — якасная. Зразумела, ёсць, як і ва ўсім свеце, свае выключэнні з правілаў, але гэтыя выключэнні знаходзяцца пад кантролем дзяржавы. Імі займаюцца камісіі і інспекцыі па справах непаўналетніх. Большасць жа маладых людзей — сапраўдныя патрыёты нашай краіны. Яны займаюцца спортам, вядуць актыўны і здаровы лад жыцця, удзельначаюць у студэнцкіх будоўлях, дапамагаюць сельгаспрадпрыемствам, развіваюцца інтэлектуальна. Вось у гэтым рэчышчы трэба заўсёды дапамагаць ім рухацца. Не аслабляць увагі. Нам нельга выпусціць нашу моладзь з поля зроку, паказаць, расказаць, дапамагчы. Тады і не будзем вешаць ярлык — «страчанае пакаленне». Такія страты вельмі нам дорага абыходзяцца. Не такія мы і багатыя, каб іх дапускаць.

Віктар Ільюшчанка