
Скажу ўсім па сакрэце, што я да гэтага часу чытаю друкаваныя кнігі. Некаторыя са знаёмых са здзіўленнем пытаюцца: маўляў, чаму не пяройдзеш на электронныя? У адзін гаджэт можна змясціць цэлую бібліятэку, чытай — не хачу.
Пралог
Падштурхнуў мяне ўзяцца за аналіз, хто і што любіць чытаць, друкаваныя альбо электронныя кнігі, ды і наогул, ці чытаюць людзі зараз нешта, акрамя кароткіх паведамленняў у месенджарах і сацсетках, адзін выпадак. Мая кніжная шафа, якую я набыў некалькі год таму праз інтэрнэт-краму, амаль поўнасцю запоўнілася важкімі томікамі друкаваных кніг. Надыходзіць час павялічыць прастору для сваёй хатняй бібліятэкі. Для гэтага патрэбна яшчэ адна шафа. Аказалася, не так і проста яе ў пружанскіх магазінах знайсці. Куды б я ні звяртаўся, прадаўцы на мяне глядзелі, як на дзівака, і адказвалі, што набыць такую мэблю можна толькі пад заказ і то наўрад ці зробяць. Прабачце, мне не трэба шафа з масіву. Мяне б задаволіў і бюджэтны варыянт. Праўда, хацеў, каб і якасць не падвяла. Сваёй кватэры не маю, а здымнае жыллё ж не назаўсёды. Дык вось, тая самая рэакцыя прадаўцоў на маё анахранічнае пытанне пра кніжную шафу і падштурхнула да напісання гэтага матэрыялу.
Ці чытаюць друкаванкі?
Спачатку высветлім ці чытаюць кнігі і наогул друкаваную прадукцыю жыхары раёна. Я крыху раней рабіў апытанні сярод дзяцей, навучальнай моладзі, якія даволі часта бывалі ў гасцях у рэдакцыі. Адзінкі прызналіся, што любяць чытаць, астатнія — толькі неабходную літаратуру, якая прадугледжана па праграме школьнага навучання. І тое, хутчэй за ўсё, у скарочаных варыянтах. Старэйшае пакаленне, маю на ўвазе бабуль і дзядуль, чытаюць, а вось пра мам і тат баюся памыліцца.
Храмамі друкаванай літаратуры заўсёды лічацца бібліятэкі. Я звярнуўся да дырэктара Пружанскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Таццяны Гуторкінай з просьбай прадаставіць інфармацыю аб колькасці абанентаў у бібліятэках раёна і якая ўзроставая катэгорыя пераважае. Таццяна Рыгораўна мне адказала, што ў раёне налічваецца 17 бібліятэк з агульнай колькасцю абанентаў 15596. З іх, 6946 — дзеці ва ўзросце да 18 гадоў, моладзь — 742 чалавекі, сярэдні ўзрост — 4875, пенсійны — 3033 чалавекі. Калі чэсна, то на амаль 42-тысячнае насельніцтва Пружанскага раёна, лічба ў 15596 чытальнікаў не такая і вялікая, але ўсяляючая аптымізм. Аднак, да самага чытаючага насельніцтва, якое жыло ў СССР, далёка. У тыя часы чыталі ад малога да вялікага. Бібліятэкі былі аднымі з самых наведвальных месцаў. Каб прачытаць цікавую кнігу, трэба было запісвацца на чаргу. У кнігарнях жа дастаць бестселер было даволі цяжка. Толькі па вялікім «блаце». Мне, напрыканцы 80-х гадоў, дакладней 87-88, пашчасціла працаваць у рэдакцыі «раёнкі». У нас журналісцкую брацію паважалі. Была магчымасць набываць дэфіцытную літаратуру. Так у меня з’явілася поўнае сабранне сачыненняў Уладзіміра Караткевіча, томікі Міхаіла Булгакава і іншых папулярных пісьменнікаў. Пакуль праходзіў тэрміновую службу ва Узброеных сілах СССР, маю даволі важкую бібліятэку расцягнулі. Для мяне гэта было душэўна-траўматычна. Кнігі да гэтага часу люблю і цаню. Але вернемся да сучаснасці. Раблю вывад, што ў наш час чытанне друкаванай літаратуры не вельмі папулярны занятак. Але надзея ёсць, што гэта выправіцца.
Звярнуўся да інтэрнэта, каб даведацца, ці чытаюць у наш час. На маё здзіўленне аказалася, што мода на чытанне друкаваных кніг стала вяртацца нават сярод моладзі. Мне адразу прыйшла на ўспамін гераіня Ірыны Мураўёвай — Людміла ў фільме «Масква слязам не верыць», калі яна чытала ў метро, і, калі Гурын спытаў, ці цікавая кніга. Тая адказала, што модная, маўляў, уся Масква чытае. Можа і зараз толькі дзеля моды пачалі браць у рукі кнігу. Хацелася б памыліцца.
Выбар: друкаваная альбо электронная
Прапаную разабрацца, што больш пераважае друкаваная, альбо электронная кніга.
Як для мяне, то больш прыемней і эстэтычней чытаць друкаваную кнігу, перагортваць старонкі, адчуваць пах паперы, фарбы. Аднак друкаваная кніга, асабліва якаснае выданне, з добрай вокладкай, паперай, каштуе даражэй за электронную, якую можна спампаваць за капейкі.
Вучонымі даказана, што друкаваная кніга развівае памяць, адукаванасць, не ўплывае на пагаршэнне зроку. Электронная ж наадварот пагаршае зрок з-за мігацення, няхай і нябачнага, экрану, дробнага шрыфту. Аднак для вырабу кніг трэба нанесці шкоду прыродзе: спілаваць дрэвы, зрабіць цэлюлозу, пасля паперу, надрукаваць тэксты і гэтак далей, не буду пералічваць весь працэс. На карце ж памяці электроннай кнігі можа захоўвацца сотні-тысячы тамоў. Усё залежыць ад самога гаджэта. Колькі дрэў збераглі!
Але ж карыстацца электроннымі кнігамі не зусім зручна, пералістваць старонкі, напрыклад, трымаць адкрытымі некаторыя з іх. Хаця, электронная кніга аснашчана пошукам, можна выдзяляць цытаты, капіраваць іх, перакладаць на розныя замежныя мовы і дзяліцца імі ў сацыяльных сетках.
Мінус друкаваных кніг у тым, што яны займаюць многа месца, не так і лёгка знайсці патрэбны том у вялікай хатняй бібліятэцы. Але гэта сапраўдны гонар чытаючых людзей, асабліва антыкварныя выданні, якія ўвабралі ў сябе дух аўтара, грандыёзнасць тых гадоў, калі былі выдадзены.
Эпілог
Не ведаю, ці пранікне мой матэрыял у душы і сэрцы тых, хто яго прачытае, аднаго хацелася, каб цікавасць да чытання, няхай той жа электроннай кнігі, вярнулася. Кнігі нясуць у сабе мудрасць часоў, развіваюць мысленне, садзейнічаюць нейроннаму абмену.
Рабіць выбар паміж друкаванымі і электроннымі кнігамі толькі вам, паважаныя чытачы. Мне ж усё роўна даспадобы шолах старонак, пах фарбы і пранікненне ў свет аўтара і герояў толькі друкаваных кніг. А вам?
Віктар Ільюшчанка
