Понедельник, 8 июня 2026

Аналітыка. Гэта трэба памерлым?Можа, трэба жывым?

442

Узяцца за падрыхтоўку матэрыялу падштурхнула тэлефанаванне ў рэдакцыю падпісчыцы газеты. Яна закранула пытанне, якое газета агучвала не адзін раз. Не сумняваюся, што нямала набярэцца тых, хто згаджаецца з узнятымі жанчынай пытаннямі, і тых, хто нязгодны.

Дык у чым жа справа? Заінтрыгаваў?

Жанчына абуралася вялікім асартыментам штучных кветак, якія прадаюцца цяпер ледзь не на кожным вуглу. Не, абуралася не вялікай колькасцю такога роду тавару, а тым, што гэтыя яркія, нават атрутна-яркія, як кажуць, «кіслотнага колеру» кветкі забруджваюць глебу, ваду, паветра.

Асаблівым попытам падобныя букеты карыстаюцца перад днём памінання памерлых — Радаўніцай. У гэты перыяд людзі актыўна наводзяць парадак на могілках і кветкі скупаюць ахапкамі, каб упрыгожыць магілы родных і блізкіх. Некаторыя нават спаборнічаюць — у каго найбольш букетаў і чый самы прыгожы і даражэйшы.

Глупства? Так. Памерлым зусім усё роўна, колькі наторкана букетаў, ці жывыя ў іх кветкі, ці штучныя. Іх душы знайшлі супакой на іншым свеце і наўрад ці прылятаюць, каб палюбавацца, чым упрыгожаны іх магілкі.

Вось што ў свой час казаў Свяцейшы Патрыярх Алексій І (Сіманскі): «У штучных кветках хлусня, бо яны мёртвыя». Падобныя сцвярджэнні даводзілася чуць не ад аднаго святара: такія кветкі нясуць у сабе падман, глядзяцца на месцы пахавання нашых блізкіх у святле будучага ўсеагульнага Уваскрэсення, як прысуд ім да вечнай смерці, а не да вечнага жыцця. Гэтым скажаецца хрысціянскае разуменне смерці і жыцця.

Дык вось, на думку жанчыны, якая тэлефанавала ў рэдакцыю, святары павінны сваім аўтарытэтным словам забараніць прыносіць такія кветкі на могілкі. Давялося даказваць падпісчыцы, што не маюць права яны гэта рабіць, могуць толькі раіць, даносіць да розуму кожнага канфесійныя ісціны. А прымаць іх ці не — справа кожнага. Калі ты сапраўдны вернік, то ўспрымеш гэта як трэба, калі толькі «захажанін» у царкву, то і не дойдзе нічога такога.

Ці не лепей пастаянна падтрымліваць чысціню на могілках, упрыгожваць іх жывымі кветкамі? Можна і высадзіць шматгадовыя. Здаецца, так.

Але ёсць свае аргументы і ў тых, хто адмаўляецца ад высадкі жывых кветак: іх трэба даглядаць, паліваць і праполваць, а тут утыркнуў штучны букет — і забыўся пра яго на ўвесь год. Кветкі не вянуць, працяглы час захоўваюць колер і форму. Гэта зручна ў першую чаргу тым, хто не мае магчымасці ездзіць здалёк на магілкі родных, або людзям састарэлым, хворым.

Толькі ўрэшце рэшт вясной і восенню пры навядзенні парадку на могілках кучы выкінутых штучных кветак высяцца не толькі на вызначаных для смецця месцах, але часам дзе давядзецца. Маўляў, камунальная служба нікуды не дзенецца, прыбярэ.

Але ж зроблены кветкі з палімераў, якія не падлягаюць перапрацоўцы, а значыць, могуць вякамі раскладацца ў глебе, атручваючы яе, трапляючы ў ваду, пасля — і ў наш арганізм. А гэта складальнікі мноства захворванняў. Мікрапластык — пагроза нашага існавання.

Ці задумваецца нехта, калі купляе такія букеты, аб тым, што будзе заўтра, якім паветрам будуць дыхаць нашы нашчадкі, якую ваду піць і якія прадукты ўжываць у ежу?

Наша падпісчыца таксама патрабавала, каб гандаль штучнымі кветкамі быў забаронены мясцовымі ўладамі. Зноў адкажу, што гандляваць падобным таварам дазволена, і мясцовая ўлада не мае права ўносіць тут свае забароны.

І яшчэ, попыт нараджае прапанову. Не куплялі б такія кветкі, ніхто б імі не гандляваў. Дык давайце кожны для сябе вырашаць: трэба нам такі тавар альбо не.

Пакуль жа я бачу, як нашы людзі актыўна купляюць такія кветкі. Попыт ёсць…

Віктар Ільюшчанка. Фота Кацярыны Масік