Среда, 9 июля 2025

Аналітыка: Ці ёсць жыццё… у малых вёсках?

266

«Няма чаго граху таіць, сельскае насельніцтва ў будучым будзе жыць у аграгарадках, працэнтаў на 80-85. Частка яго асядзе ў буйных вёсках», — сказана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Правільныя словы, за імі стаіць час, які дыктуе нам, як і дзе жыць. А ці ёсць хоць якая перспектыва ў такіх населеных пунктаў, дзе пражывае пяць-дзесяць чалавек?

А было ж такое, што ў кожнай вёсцы нашай краіны кіпела бурнае жыццё, гулялі вяселлі, спраўлялі радзіны, з роднымі і суседзямі адзначалі святы, разам перажывалі гора і радаваліся шчасцю. У кожным доме гарэла па вечарах святло, у кожнай сям’і было двое і больш дзяцей. Няўмольны час робіць сваю справу, на жаль, не зусім вясёлую. Можна прайсці нават днём па той жа Прыкалесі і не ўбачыць ніводнага чалавека. Гнятлівая цішыня, нават сабакі не брэшуць. І што, чакаць поўнага вымірання ці ўсё ж такі ёсць хоць маленькі шанец на другое жыццё?

З аднаго боку, можна дапусціць, што праз некаторы час сапраўды малыя вёскі застануцца толькі на тапаграфічных картах, дакладней, іх назвы. А самі будуць уяўляць закінутае месца з паўразбуранымі дамамі, парослымі імхом. Бо насельніцтва ў такіх населеных пунктах не маладзее, і жывуць там у большасці людзі вельмі паважанага ўзросту, для якіх гэта самы родны і мілы куточак ва ўсім свеце. Тут прайшло ўсё іх сумленнае жыццё. А што моладзь? Не трэба дакараць хлопцаў і дзяўчат за тое, што пакінулі роднае гняздо. Кожны мае права шукаць сваё шчасце. Іншая справа, што не ўсім яно даецца ў рукі па-за родным парогам, а вяртацца назад сорамна, бо хацеў стаць генералам, а застаўся радавым. Але вельмі ж не хочацца верыць у такую сумную карціну, лепш паспрабуем намаляваць светлую будучыню для малых вёсак Беларусі.

З чаго пачаць? Відаць, з той акалічнасці, што ў нашай краіне, і гэта вельмі важна, кожны чалавек на вагу золата, яго бачаць, пра яго клапоцяцца. І не на словах, а на справе. Напрыклад, кожны малы населены пункт ахоплены гандлем, які ажыццяўляецца аўталаўкамі два разы на тыдзень. Зразумела, не магазін, але ён тут і немэтазгодны, а асартымент у перасоўнай краме даволі багаты, можна і каўбасой пачаставацца, і цукеркамі паласавацца, і хлеба свежага, пахучага купіць. Паступова мяняецца вулічнае асвятленне, цяпер у той жа Непамацынаўцы вечарам бачна як днём. Таму людзі зусім не адчуваюць сябе пакінутымі на волю лёсу, жывуць, не галадаюць.

Канечне, не горад, дзе ўсё ў крокавай даступнасці: і кафэ, і адзенне з абуткам, і басейн з катком. Але не ўсё ў жыцці вымяраецца кубкам кавы і туфлямі. У апошні час тыя ж маладыя людзі памянялі сваё бачанне існавання на гэтым свеце. А дзе лепш за ўсё думаецца і дыхаецца? На ўлонні прыроды, у цішыні, пад спеў птушак. Гэтым і славяцца нашы вёсачкі, асабліва тыя, што размешчаны ў лесе, далей ад гулу транспарту. Што да паездак у горад, то цяпер калі не кожны мае аўто, значыць, пры неабходнасці сеў і паехаў. І пра здароўе не забываем, гаючае паветра гэтаму спрыяе ў поўнай меры.

Калі ж надумалі памяняць гарадское жыццё на вясковае, тады рушым далей. Наступны крок — набыццё нерухомасці. Тут наогул праблем няма. У кожнай вёсцы цяпер можна бачыць пустуючыя дамы, на некаторых нават тэлефоны ўказаны: звані і купляй, а яшчэ інтэрнэт у дапамогу. І выбар нішто сабе: ад нізенькіх хатак да сапраўдных палацаў. Можна зрабіць прасцей і патэлефанаваць у любы сельвыканкам, дзе раскажуць падрабязна аб наяўнасці прыдатнага жылля, якое, калі не знаходзяцца яго ўласнікі, прадаецца з аўкцыёну за 1 базавую велічыню. Уявіце, за 40 рублёў можна набыць месца, дзе будзеш спачываць душой удалечыні ад гарадской мітусні. Хочаш, збірай свой скарб і перабірайся на пастаяннае жыхарства, вядзі гаспадарку. Экалагічна чыстыя прадукты кожны дзень на стале, прымірэнне з прыродай. І гэта ўжо не мода, а вяртанне на кругі свая, да сваіх вытокаў. Праца не адпускае з горада? Дык жа ёсць выхадныя дні, калі можна кампаніяй выехаць, пасмажыць шашлыкоў, даць адпачыць галаве, для гэтага заняцца фізічнай працай. І гэта не фантазія, бо не па чутках ведаю, наколькі жыццё на ўлонні прыроды надае сіл, супакойвае нервы, настройвае на лірычны лад, надае ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Калі нічога з вышэйпералічанага для вас не падыходзіць, тады прапануем іншы варыянт развіцця падзей. Чаму б не паспрабаваць сябе ў аграэкатурызме? Напрамак цяпер вельмі перспектыўны. Канечне, напачатку трэба будзе ўкласці рублёў у такую задуму, але тут фінансава гатова дапамагчы і дзяржава, якая толькі «за» аздараўленне сваіх грамадзян. Працуй на сябе, папулярызуй здаровы лад жыцця, зарабляй грошы, самаразвівайся, каб толькі было жаданне! А можна яшчэ ж вырошчваць садавіну і агародніну на продаж. Усё можна, было б толькі жаданне, праўда? А то ж сустракаюцца сярод нас і такія, што ўсё жыццё чакаюць з мора пагоды, быццам нехта ім павінен даць грошай, каб да канца дзён сваіх хапіла на амараў і крэветак.

Таму запрашаем усіх жадаючых туды, дзе можна пабыць самім сабой, паблукаць па лесе, удыхнуць непаўторны пах палявых кветак і падумаць над сэнсам чалавечага быцця. Паверце, вы ні на мінуту не пашкадуеце аб сваім рашэнні!

Вадзім Раўнейка