Воскресенье, 15 марта 2026

Аналітыка. Ці стане здароўе «пружанскім брэндам»?

662

Наш горад, пры адносна невялікай колькасці жыхароў, мае дастаткова маштабныя Лядовы і Водны палацы. Першы з іх праз два гады адзначыць ужо свой 20-гадовы юбілей, а другому ў гэтым годзе спаўняецца 15 гадоў. Гэтыя аб’екты ўжо даўно сталі неад’емнай часткай спартыўнага жыцця нашага горада, забяспечваючы жыхарам магчымасць займацца разнастайнымі відамі спорту, тым самым, умацоўваючы сваё здароўе. Аднак, узнікае пытанне: наколькі выгадна і мэтазгодна будаваць такія нятанныя палацы ў невялікіх гарадах, і карыстаюцца яны попытам у цяперашні момант гэтак жа як і раней? З гэтым мы і паспрабуем разабрацца…

Лядовы палац у Пружанах, які быў адкрыты ў 2007 годзе, стаў для мясцовых жыхароў сапраўдным падарункам і цэнтрам прыцягнення для аматараў зімовых відаў спорту. Каток, хакейныя трэніроўкі, масавыя катанні — усё гэта прыцягвала жыхароў горада многія гады. Але наколькі запатрабаваны гэты аб’ект зараз? Дадзеныя па наведвальнасці Лядовага палаца ў 2024 годзе і пяць гадоў таму паказваюць, што цікавасць да яго застаецца практычна на ранейшым узроўні. Так, згодна з атрыманымі звесткамі ад СДЮШАР № 2 г. Пружаны, у 2019 годзе крыты каток наведалі 16 005 раз, а ў 2024 годзе — 15 455 раз. Згодна з імі можна зрабіць выснову, што папулярнасць Лядовага палаца застаецца стабільнай. Тым не менш, назіраецца нязначная тэндэнцыя да зніжэння цікавасці сярод моладзі, што можа быць звязана са зменамі ў іх перавагах і з’яўленнем новых відаў забаў.

Водны палац, у сваю чаргу, дае жыхарам раёна магчымасць займацца плаваннем і іншымі воднымі відамі спорту круглы год. З моманту яго адкрыцця ў 2010 годзе наведвальнасць заставалася стабільна высокай, а за апошнія пяць гадоў і зусім значна вырасла. Так, у 2019 годзе дадзены спартыўны аб’ект наведалі 95 708 разоў, а за мінулы год такіх візітаў было зафіксавана аж 122 305. Паводле дадзеных СДЮШАР № 2 г. Пружаны, відавочна, што басейн не толькі не страціў сваю актуальнасць сярод жыхароў раёна, але і стаў яшчэ больш прывабным для іх. Гэта сведчыць аб павышанай цікавасці да водных відаў спорту, трэнажорнай залы, якая знаходзіцца ўнутры памяшкання, і здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва.

Каб падтрымліваць і павялічваць цікавасць да спартыўных аб’ектаў сярод жыхароў нашага раёна, неабходны пастаянныя абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Што і ажыццяўляецца. напрыклад, за апошні час у трэнажорнай зале быў усталяваны кандыцыянер, набыты новая бегавая дарожка, дзве шматфункцыянальныя рэгуляваныя лаўкі, устаноўлены люстэркі па ўсёй зале. Акрамя гэтага, у Водным палацы быў праведзены рамонт сауны з заменай драўлянага пакрыцця, а таксама абноўлены раздзявальні і дзіцячыя горкі ў аквапарку.

У зоне басейна заменена асвятленне. Усе гэтыя меры накіраваны на тое, каб наведвальнікам было камфортна і зручна.

Таксама мы вырашылі прааналізаваць колькасць пастаянных спартсменаў, якія займаюцца ў трох спартыўных аддзяленнях, што маюцца ў СДЮШАР № 2: хакей з шайбай, фігурнае катанне і плаванне. За аснову ўзялі паказчыкі 2014, 2019 і 2024 гадоў. Так, у аддзяленні хакея з шайбай у 2014 годзе было 76 чалавек, у 2019 — 73, а ў 2024 — 85. Што тычыцца фігурнага катання, то ў 2014 годзе ў аддзяленні займаліся 73 чалавекі, у 2019 — 44, а ў 2024 — 33. У аддзяленні плавання ў 2014 годзе лічылася 182 чалавекі, у 2019 — 282, а ў 2024 — 153. З гэтых дадзеных відаць, што колькасць спартсменаў у аддзяленні хакея з шайбай узрасла, а ў аддзяленнях фігурнага катання і плавання знізілася ў параўнанні з папярэднімі гадамі.

Рост колькасці спартсменаў у аддзяленні хакея з шайбай можна растлумачыць папулярызацыяй дадзенага віду спорту сярод моладзі. Калектыўная гульня прыцягвае новых удзельнікаў, дзякуючы сваёй дынаміцы, каманднаму духу і відовішчнасці. Павелічэнне колькасці заняткаў і трэніровак, а таксама ўдзел у спаборніцтвах спрыяюць развіццю цікавасці і матывацыі ў маладых спартсменаў.

Зніжэнне колькасці спартсменаў у аддзяленнях фігурнага катання і плавання звязана з магчымымі зменамі ў перавагах моладзі. Некаторыя выбіраюць іншыя віды спорту або актыўнасці, якіх у нашым горадзе дастаткова. Тым не менш, нягледзячы на зніжэнне, якасць падрыхтоўкі спартсменаў застаецца на высокім узроўні, пра што сведчаць вынікі спаборніцтваў рознага ўзроўню.

Важна адзначыць, што рэзультат падрыхтоўкі спартсменаў, які з’яўляецца адной з асноўных мэт спартыўных аддзяленняў, толькі ўзрос. Асабліва гэта прыметна ў фігурным катанні і плаванні. Кожныя спаборніцтвы па гэтых відах спорту, у якіх удзельнічаюць нашы рабята, практычна ніколі не абыходзяцца без іх прысутнасці на п’едэстале. Можна пералічыць вялікую колькасць юнакоў і дзяўчат, якія ўжо неаднаразова праславілі наш раён на спаборніцтвах.

Сярод такіх Варвара Лукуць, неаднаразовая чэмпіёнка розных этапаў «Дзіцячай лігі плавання», Арыядна Варыцкая, пераможца этапу абласных спаборніцтваў «Старты надзей», фігурыстка Ганна Калінка — прызёр адкрытага першынства Беларусі і іншыя. Дасягненні сведчаць і аб прафесіяналізме трэнерскага складу. Падрыхтоўкай дадзеных спартсменаў да турніраў займаліся наступныя трэнеры: Павел Баран, Сяргей Каляда, Вольга Уважаная і Таццяна Хадаровіч. Яны дэманструюць, што нягледзячы на змены ў колькасці тых, хто займаецца, спартыўныя аддзяленні працягваюць паспяхова развіваць таленты і рыхтаваць спартсменаў да высокіх вынікаў. Падтрымка і развіццё дадзеных аддзяленняў граюць важную ролю ў фарміраванні здаровага ладу жыцця. Гэта падкрэслівае значнасць спартыўных аб’ектаў, якія ствараюць неабходныя ўмовы для трэніровак і спаборніцтваў.

На падставе вышэйсказанага аналізу можна зрабіць выснову, што будаўніцтва буйных спартыўных аб’ектаў у невялікіх гарадах з’яўляецца мэтазгодным пры захаванні шэрагу важных умоў. Перш за ўсё, гэта зацікаўленасць у іх сярод мясцовага насельніцтва. Не менш важным фактарам з’яўляецца наяўнасць кваліфікаваных трэнераў, здольных перадаваць свае веды і досвед, натхняючы і падтрымліваючы навучэнцаў на шляху да высокіх спартыўных дасягненняў. Прафесійныя настаўнікі становяцца правадырамі юных спартсменаў да поспеху, дапамагаючы ім раскрыць свой патэнцыял. Акрамя таго, пастаяннае падтрыманне спартыўных аб’ектаў у добрым стане і своечасовае абнаўленне іх матэрыяльна-тэхнічнай базы адыгрываюць ключавую ролю ў забеспячэнні цікавасці і камфорту для наведвальнікаў. Сучаснае абсталяванне і ўтульная атмасфера спрыяюць прыцягненню большай колькасці людзей, якія знаходзяць у занятках спортам карысць для свайго здароўя. І над гэтым абодвум палацам трэба бесперапынна працаваць, не спыняцца на дасягнутым.

Руслан Басак