Суббота, 7 марта 2026

Аналітыка. Чужое дзіця? Ужо сваё!

557

У гэтым матэрыяле я паспрабую прааналізаваць, як з’яўляюцца сіроты пры жывых бацьках, чаму ў сацыяльным прытулку добра, а з бацькамі, няхай небіялагічнымі, яшчэ лепей, як прыйсці да прыняцця няпростага рашэння — стаць блізкім чужому малому.

Кошт пытання
Неаднойчы па родзе сваёй прафесійнай дзейнасці даводзілася сустракацца з сацыяльным сіроцтвам: прытулкі для дзетак, дамы сямейнага тыпу, рэйды ў сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Было гэта часцей, калі працаваў у газеце Кармянскага раёна. Набачыўся ўсяго. Было нават такое: мы завіталі ў дом адной з небяспечных сем’яў і ўбачылі наступны малюнак — маці спіць п’яная, як кажуць, «у анучах», маленькая дзяўчынка ўзростам у некалькі гадоў неапранутая, поўзае па бруднай падлозе, збірае рассыпаную рысавую крупу і спрабуе яе есці. Вось гэта быў выбух абуральных эмоцый! Сэрца шчыміла заўсёды, калі прыязджалі ў сацыяльны прытулак разам з дэпутатам парламента, прывозілі падарункі, і хто-небудзь з маленькіх прасіўся ўзяць яго на рукі і шчыльна прыціскаўся да грудзей. Не, ім у прытулку было нядрэнна, заўсёды сытыя, чысценькія. Але гэтым дзеткам так не хапала бацькоўскай цеплыні, матулінай пяшчоты, моцнай бацькавай рукі, падтрымкі. Ды і сум стаіць у маленькіх вочках, і пытанне: «Калі мама забярэ мяне?». Эх, дарослыя, дарослыя… Забыліся, калі самі былі дзецьмі?

Вельмі добра, што ў Беларусі з’явіўся інстытут прыёмнай сям’і, пачалі ўзнікаць дамы сямейнага тыпу, апякунскія сем’і. Засталося толькі падштурхнуць нашых людзей да жадання стаць бацькамі «чужых» дзяцей. Трэба толькі адпавядаць усім уласцівасцям педагога, Чалавека.

Не буду падрабязна тлумачыць розніцу паміж апякунскімі і прыёмнымі сем’ямі. Аб гэтым больш грунтоўна раскажуць у аддзеле па адукацыі, Пружанскім сацыяльна-педагагічным цэнтры. Там працуюць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. Разгледзім плюсы і мінусы вышэйпералічанага бацькоўства. Папярэджваю, гэта мая думка, не аксіёма, а мой пункт гледжання. У кожнага ён можа быць свой.

Падводныя камяні
Іх, на першы погляд, вельмі шмат. Пачнём з таго, у якіх умовах дзіця выхоўвалася перад тым, як трапіць да вас. Ці бачыла яно любоў і ўвагу? Наўрад ці. Вы возьмеце на выхаванне хлопчыка альбо дзяўчынку з геннымі храмасомамі біялагічных бацькоў. Ці ёсць там што добрае? Пакуль дзіця маленькае, усяго гэтага не так і проста заўважыць. А як пачне падрастаць, уступаць у так званы пераходны ўзрост, што тады, як з гэтым справіцца? Бываюць выпадкі, калі змяніўшы звыклы лад жыцця, трапіўшы ў іншую атмасферу з новымі людзьмі, палохаецца, замыкаецца альбо робіць спробу траўмаваць сябе. Прыходзіць на ўспамін расказ Любові Сцепанцовай, якая ўзначальвала дом сямейнага тыпу. Ёй прывезлі на выхаванне маленькага хлопчыка, які вельмі не хацеў пакідаць сваіх біялагічных бацькоў. Тыя ж амаль не выходзілі з п’янага ўгару. Прывезлі малога да Любові Уладзіміраўны, і ён адразу ж упаў на падлогу і пачаў біцца галавой. Што толькі ні спрабавалі рабіць, каб спыніць гэты жах. Любоў Уладзіміраўна змагла нейкім сваім мацярынскім пачуццём, добрымі словамі супакоіць хлопчыка. Як толькі нешта было зноў не так, ён пачынаў усё па-новаму. Але мамачка, як потым ён называў Любоў Уладзіміраўну, змагла знайсці падыход да малога, хоць гэта не вельмі лёгка ёй далося. Не ўсе гатовыя да такіх змаганняў. Часта бывае, што ўзялі дзіця да сябе, а праз пару месяцаў вярнулі яго назад, у прытулак, маўляў, не можам даць рады. Як з тым кацянём — пагулялі і здаволіліся. Малое ж пачало прывыкаць да новых бацькоў, абставін, месца. А тут зноў стрэсавая сітуацыя.

Яшчэ, перш чым вам давераць быць прыёмнымі бацькамі, вас правераць на адсутнасць судзімасці, ацэняць жыллёвыя ўмовы, неабходна таксама прадаставіць даведку з месца працы аб даходах, і многае іншае. Гэта ўсё трэба зрабіць, бо бераце на сябе вялікую адказнасць.

Так званых падводных камянёў даволі многа. Але самае галоўнае —трэба пераадолець страх, добра падумаць, а потым прымаць рашэнне.

Прывабнасць бацькоўства
Толькі тое, што вы змаглі выратаваць нечае маленькае жыццё, даць выхаванне, направіць на добры шлях, мае вялікае значэнне для саміх бацькоў і для краіны. Не буду казаць , што на тым свеце залічваюцца ў скарбонку добрыя справы, для свайго душэўнага адчування — гэта вельмі вялікі плюс. Дзяржава падтрымлівае такое імкненне людзей ва ўсім. Выплачваюць неблагія грошы, прадастаўляюцца розныя льготы. Вы будзеце афіцыйна працаўладкаваны, працоўны стаж ад гэтай дзейнасці залічваецца абавязкова.

Акрамя «плюшак» ад дзяржавы, вы атрымаеце ўдзячнасць саміх дзяцей у будучым. Большая частка не перарывае адносіны са сваімі прыёмнымі бацькамі, прыязджае да іх у госці ўжо са сваімі дзецьмі. Як сказалі на пасяджэнні «круглага стала» прыёмная мама Ірына Марозава і мама дома сямейнага тыпу Ірына Карачун, жыццё займела новы сэнс, стала разнастайным, цікавым, вярнулася маладосць не толькі душы, але і аблічча.

Напрыканцы
Нехта скажа, што не так і многа расказаў пра прывабнасць прыёмнага бацькоўства. Адкажу, што трэба паспрабаваць стаць прыёмнымі, можа аформіць апякунства, пасля самі ўсё ацэніце. Пакуль жа зайдзіце ў аддзел па адукацыі да галоўнага спецыяліста Таццяны Пракопчык ці ў сацыяльна-педагагічны цэнтр. Вам там усё раскажуць, пакажуць, навучаць. І прыйдзе гармонія да вас.

Віктар Ільюшчанка