Суббота, 12 июля 2025

Аналітыка. «Бязвіз» у інтэрнэце

131

У той час як іншыя дзяржавы ўводзяць бессэнсоўныя санкцыі ў адносінах да Беларусі і айчыннай прадукцыі (дарэчы, якаснай, што прызнана многімі замежнымі грамадзянамі і пацвярджаецца на міжнародных конкурсах), наша краіна дэманструе адкрытасць і гатоўнасць да супрацоўніцтва і нават сяброўства. Па прыклад далёка хадзіць не трэба — гэта той жа бязвізавы рэжым, які паступова ўводзіўся з 2022-га, а летам гэтага года распаўсюдзіўся на жыхароў 35 краін. Як кажуць, welcome to Belarus.

Пазнаёміцца з нашай краінай, ды і многімі іншымі цудоўнымі месцамі свету, сёння можна нават не выходзячы з дому і не ўстаючы з канапы, што ўвогуле пазбаўляе сэнсу закрыццё граніц. Гаворка пра магчымасці інтэрнэту, што размывае ці нават сцірае межы — моўныя, культурныя, камунікацыйныя. Добра ці дрэнна гэта — справа адна, а вось што «бязвіз» у інтэрнэце дае канкрэтнаму СМІ — нашым «Раённым будням» — і паразважаем сёння.

Адкуль прыходзяць на budni.by

Для аналізу возьмем кастрычнік і дадзеныя «Яндекс. Метрика». Згодна з імі, за другі месяц восені сістэма зафіксавала візіты на наш сайт ажно з 53 краін. І калі з Амана, Тайланда, Харватыі, Тайваня, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Егіпта, Экватарыяльнай Гвінеі і многіх іншых экзатычных для нас краін фіксуюцца адзінкавыя наведванні (магчыма, хтосьці з жыхароў раёна проста адпачываў там і вырашыў пачытаць, што ж на Пружаншчыне робіцца), то спіс краін з найбольшым трафікам даволі ўстойлівы. На першым месцы, вядома, суседняя Расія (больш за 4 тыс. праглядаў у кастрычніку), далей ЗША (353), Германія (297), Польшча (274) і Літва (143). Цікава, што менавіта з Літвой і Латвіяй у 2022 годзе пачаў дзейнічаць той самы бязвіз, прычым менавіта рэальны, а не віртуальны

З пералічаных вышэй краін адбываецца і найбольшы пераход у нашы групы ў сацыяльныя сеткі, вось толькі дадаецца сюды яшчэ і Фінляндыя.

Хто тыя людзі, якія цікавяцца «раёнкай» з-за мяжы? Частка, безумоўна, ураджэнцы Пружанскага раёна, якія па розных прычынах жывуць у іншых краінах. А хтосьці трапіў на budni.by выпадкова, але ж «пасядзеў» на сайце, азнаёміўся з выданнем і кантэнтам, знайшоў штосьці карыснае для сябе.

А групы ў сацсетках?

Пачнём з групы «УКантакце», дзе зараз найбольшая колькасць падпісчыкаў — больш за 9600. У мінулым месяцы амаль 5% яе наведвальнікаў — расіяне. Яшчэ 2% глядзелі старонку з ЗША (вось вам і «непапулярная» сацсетка). Назіраліся візіты таксама з Польшчы, Сейшэлаў і іншых дзяржаў. Дадам, што тры чвэрці з агульнай колькасці наведвальнікаў нашай групы «УКантакце» праглядае навіны з мабільнай прылады.

Яшчэ больш цікавая сітуацыя, на маю думку, у «Аднакласніках». З агульнай колькасці пераходаў у групу, адкрыцця кантэнту і зваротнай сувязі ў лідарах зноў жа нашы сябры-расіяне — больш за 7300 візітаў (у той час як з Беларусі больш за 17 тыс.). Зазіралі ў рэсурс «Раённых будняў» на «Аднакласніках» у кастрычніку з Ізраіля, Польшчы, Францыі. У спісе краін адзначаны таксама Германія, ЗША, Экватарыяльная Гвінея, Казахстан і Сінгапур. І яшчэ цікавы факт: больш за ўсё «Аднакласнікі» чытаюць з Брэста (больш за 11 тыс. візітаў), Рэўтава (горад у Маскоўскай вобласці, амаль 7 тыс.) і Баранавіч. І толькі на чацвёртым месцы Пружаны. Заходзяць у нашу групу жыхары горада Жалезнадарожны (Расія).

Не існуе граніц і для старонкі «раёнкі» на Facebook. У пяцёрцы самых частых гасцей за мінулы месяц — жыхары Расіі (5,2% ад усіх праглядаў), Польшчы (4,4%), Украіны (3,4%), Германіі (1%) і Літвы (0,8%). Таксама ў кастрычніку адзначаны візіты з Вялікабрытаніі, Турцыі, Нідэрландаў і Румыніі.

Зазірнём у статыстыку нашага Instagram @budni.by. Тут першыя тры месцы пасля Беларусі займаюць тыя ж краіны, што і ў Facebook. Зафіксаваны прагляды з Казахстана (0,3%) і Украіны (0,2%), якія замыкаюць ТОП-5. Але ж фотаздымкамі Пружаншчыны цікавіліся таксама ў ЗША, Германіі, Індыі, Францыі, Іране.

Пра што гэта гаворыць? Што і сацсеткі, здавалася, звычайнай «раёнкі» могуць прыцягнуць увагу, абыходзячы «санкцыі». І робяць гэта.

Нашы месенджары і YouTube: геаграфія цікавасці

Геаграфічная статыстыка нашага Viber-канала гаворыць, што ў кастрычніку ён больш за ўсё цікавіў беларусаў, украінцаў і расіян. Аналагічная сітуацыя і ў Telegram-канале, праўда, сюды дадаецца Казахстан і Польшча.

Калі ўзяць YouTube-канал, то нашы аўтарскія відэа, размешчаныя тут, больш за ўсё выклікаюць цікавасць у жыхароў Расіі, Ірландыі, Латвіі і Украіны — такія дадзеныя за год бягучы.

Відавочны высновы

Інфармацыяй пра геаграфічны ахоп навін з Пружаншчыны захацелася падзяліцца, каб даць чытачу зразумець: нават маленькі гарадок ці вёсачка, дзе вы жывяце, могуць быць цікавымі ў глабальным маштабе. Галоўнае — знайсці тую самую «фішку» і ярка яе падаць, для чаго і працуюць у тым ліку нашы «Раённыя будні».

Што і казаць, мы рады не толькі кожнаму новаму падпісчыку, але і наведвальніку, і ніякіх граніц у дадзеным выпадку не ўстанаўліваем. Наадварот, у нас таксама «бязвіз», мы гатовы да канструктыўнага супрацоўніцтва і новых ідэй як з боку віртуальных, так і з боку рэальных падпісчыкаў.

У той жа час варта адзначыць, што паміж вялікімі магчымасцямі інтэрнэту і ўсёдазволенасцю нельга ставіць знак роўнасці. Заўсёды трэба памятаць пра інфармацыйную гігіену і давяраць толькі правераным крыніцам. І газета «Раённыя будні» за сваю 85-гадовую гісторыю даказала, што інфармацыя ў нас аператыўная і дакладная. Таму заставайцеся з намі ў Расіі, ЗША, Вялікабрытаніі і нават на Сейшэлах. Расказвайце пра «раёнку» і сваім сябрам, без усялякіх межаў, шчыра і адкрыта.

Уладзіслаў Шпарла