Як паведаміў намеснік начальніка РАСК Аляксандр Марчук, за мінулы тыдзень супрацоўнікамі аддзела было ўзбуджана чатыры крымінальныя справы.
Грамадзянін 2001 года нараджэння 21 ліпеня бягучага года, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, на цэнтральнай алеі гарадскога парку груба парушаў грамадскі парадак і выражаў непавагу да людзей, якія там адпачывалі. У маладога чалавека пад чаркай з’явілася неадольнае жаданне паказаць сваю фізічную перавагу над астатнімі. Пасля выпадковага сутыкнення плячыма з непаўналетнім грамадзянін падбег да апошняга ззаду, ударыў па твары і, схапіўшы за майку, пацягнуў на сябе. Непаўналетні не ўтрымаўся на нагах і ўпаў на дарожку. Хуліган і на гэтым не спыніўся і нанёс новыя ўдары, прычыніўшы пацярпеламу лёгкія цялесныя пашкоджанні.
Аматару памерацца сілай пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.