У кожнага з нас у жыцці здараюцца яркія моманты, якія запамінаюцца надоўга, калі не навечна. Школьны выпускны, атрыманне дыплома прафесійнай адукацыі, шлюб, нараджэнне дзяцей, юбілеі. Гэта ўсё асабістыя знакавыя падзеі, што пакідаюць сляды індывідуальна. Але ў гэтым спісе бываюць і такія выпадкі, якія, хай і не змяняюць, але адчувальна закранаюць і навакольных, пераходзячы з катэгорыі асабістых у грамадскія. Вось такія падзеі ёсць у багажы нямногіх, толькі тых, хто дзякуючы сваёй энергетыцы, імкненням і поглядам выйшаў у лідары, якія вядуць за сабой іншых.
Да гэтай кагорты можна смела аднесці начальніка ДЭУ-25 Уладзіміра Пунько. У яго лёсе таксама, як і ў многіх з нас, ёсць уласныя знакавыя падзеі. Нарадзіўся ён у Пружанах, дзе набыў агульную адукацыю ў СШ № 1. Атрымаўшы атэстат, адразу паступіў у Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, пасля заканчэння якога прыйшоў на працу ў дарожную сферу. Трэба сказаць, што выбраў ён той жа самы шлях, якому некалі большую частку свайго жыцця аддаў і яго бацька. Іван Пунько добра вядомы на Пружаншчыне як заснавальнік у 1963 годзе ДРБУ-140, як чалавек, пад кіраўніцтвам якога адна з буйнейшых дарожных службаў раёна пабудавала нямала дарог паміж пружанскімі населенымі пунктамі. І такі ж лёс для сябе выбраў сын Уладзімір. За амаль 30 гадоў працы ў гэтай сферы ён таксама займеў нямала здабыткаў, якія тычацца не толькі яго асабіста, але і нашага грамадства.
У 2014 годзе Уладзімір Пунько ўзначаліў ДЭУ-25, на балансе якога амаль 500 кіламетраў аўтатрас Р-7, Р-44, Р-50, Р-78, Р-81, Р-83, Р-85, Р-98, Р-101, Р-102, пад’езд ад М1 да г. Пружаны, якія звязваюць шэраг раёнаў Брэстчыны і часткова закранаюць Гродзенскую вобласць. Колькасць аб’ектаў, якія абслугоўваюць дарожнікі гэтага ўпраўлення, лічыцца тысячамі — масты, аўтобусныя павільёны, тратуары і многія іншыя. Усю гэту інфраструктуру трэба пастаянна падтрымліваць у належным стане, каб забяспечваць штодзённы бесперапынны рух транспарту. Больш таго, працягласць абслугоўваемай дарожнай сеткі штогод толькі павялічваецца. Ці можна такую работу палічыць асабістай, калі вынікамі яе карыстаецца ўсё грамадства?
Яшчэ адной «грамадскай падзеяй» у асабістым жыцці Уладзіміра Пунько можна назваць яго выбранне 4 гады таму дэпутатам раённага Савета дэпутатаў 28 склікання. За мінулы перыяд яму неаднаразова даводзілася вырашаць грамадскія звароты, як ад сваіх выбаршчыкаў, так і разглядаць пытанні развіцця рэгіёна ў цэлым. Атрыманы вопыт народнага абранніка Уладзімір Іванавіч называе каштоўным. У прыватнасці, некаторыя праблемы яму, як кіраўніку аднаго з вядучых пружанскіх прадпрыемстваў, нескладана вырашаць у тэлефонных размовах з калегамі.
— Аднак здараюцца і настолькі маштабныя выпадкі, якія магчыма рэалізаваць толькі падчас збору ўсяго дэпутацкага корпуса на сесійных пасяджэннях, якія можна смела назваць плённымі дыскусійнымі пляцоўкамі.
Найбольш за іншыя Уладзіміра Пунько, як дэпутата, цікавяць пытанні, якія непасрэдна тычацца яго сферы асноўнай дзейнасці. І як ён зазначае, у дарожнай галіне ёсць нямала таго, што патрабуе вырашэння. Напрыклад, развіццё прыдарожнага сэрвісу, што праблематычна не толькі для Пружаншчыны, але і для ўсіх 5 раёнаў, аўтадарожная сетка якіх уваходзіць у зону адказнасці ДЭУ-25. На думку Уладзіміра Іванавіча, уздоўж трас мала аб’ектаў адпачынку і харчавання, паміж тымі, якія ёсць, адлегласць дасягае паўсотні, а то і больш кіламетраў. Дзяржаўнымі рэсурсамі гэту праблему немагчыма, нават нельга вырашаць, патрэбна прыватная ініцыятыва, у якой пакуль адчуваецца недахоп. Хаця на дзяржаўным узроўні ў падтрыманні стану дарожнай сеткі робіцца ўсё неабходнае.
— Летась нам на бягучы рамонт абслугоўваемых трас было выдзелена каля 4 мільёнаў рублёў. А ў 2024-м годзе сума павялічана амаль удвая. У бліжэйшых планах — аднаўленне праезнай часткі вуліцы Пушкіна ад гарадскога кальца да скрыжавання з вуліцай Чырвонаармейскай. Пасля — больш за 8 кіламетраў дарогі ад павароту на Белавусаўшчыну да моста праз р. Ясельду. І гэта толькі на першае паўгоддзе, ёсць планы і на далейшы перыяд.
Як зазначае Уладзімір Іванавіч, для яго бягучы год будзе не менш знакавым. І не толькі ў асабістым плане: яго работа і сёлета будзе прыносіць непасрэдную карысць усяму нашаму грамадству. А гэта акрыляе, прымушае рабіць так, каб высокую ацэнку дасягнутым вынікам ставілі і іншыя людзі.
Алег Сідарэнка
Фота аўтара